Абурана да глыбіні душы тым, што транслюецца ў свабодным доступе ноччу па некаторых тэлеканалах пакета ZALA ад Белтэлекама. Гэтыя фільмы з катэгорыі “для дарослых” бачаць і нашы дзеці! Так не павінна быць, калі мы клапоцімся пра выхаванне падрастаючага пакалення. Ці існуюць якія абмежаванні для трансляцыі падобных фільмаў?
Са звароту ў рэдакцыю.
Па тлумачэнні на тэму даступнасці кантэнту 18+ звярнуліся да начальніка Мядзельскага ўчастка электрасувязі Анатолія МАЛЬКО. Анатолій Аляксеевіч паведаміў, што РУП “Белтэлекам” пры аказанні паслуг электрасувязі кіруецца нарматыўнымі прававымі актамі Рэспублікі Беларусь. Пры фарміраванні пакетаў ZALA улічваюцца пажаданні кліентаў, аднак не асобна ўзятых, а розных катэгорый, каб улічваліся інтарэсы ўсёй глядацкай аўдыторыі краіны. Для гэтага ў пакеты ўключаюцца рознажанравыя высокарэйтынгавыя каналы, якія могуць мяняцца. Рэйтынг каналаў ацэньваецца праз глядацкі выбар усёй абаненцкай базы паслугі ZALA.
Фільмы катэгорыі “18+” даступныя для абанентаў інтэрактыўнага тэлебачання ZALA пры падключэнні дадатковага тэматычнага пакета “Начны”. Для ўсіх тэлеканалаў дадатковых тэматычных пакетаў дзейнічаюць умовы “перадпрагляду тэлеканала” — падчас пераключэння на тэлеканал, што знаходзіцца ў дадатковым пакеце, які абонент не заказваў. Гэты канал транслюецца 30 секунд у маленькім акенчыку ў верхнім вуглу экрана з мэтай азнаямлення абанента з тэматыкай.
Устаноўку і змену бацькоўскага паролю можна выканаць у раздзеле “Настройкі”. Падрабязная інфармацыя аб функцыі “Бацькоўскі кантроль” змешчана ў “Кіраўніцтве карыстальніка” на сайце zala.by.
Акрамя гэтага, уключэнне любога тэлевізійнага каналу ў пакеты магчыма толькі пасля:
— адпаведных правоў ад праваўласнікаў тэлеканалаў (заключэнне ліцэнзійнага дагавору);
— дазволу на распаўсюджвнне тэлеканалаў у сетках аператара, які аказвае паслугі тэлебачання, ад кампетэнтных органаў дзяржаўнага рэгулявання Рэспублікі Беларусь.
Запісала Іна ЯРЧАК.
Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц