Камандзіроўка ў зону адсялення, або Дзягільскі Айбаліт

904

Ветэрынар па адукацыі, Рыгор Васілевіч усё жыццё важдаўся з жывёлай. Непасрэдна — па абавязку службы, абавязкова — дома, і, так атрымалася, — у зоне адсялення, куды яго накіравалі ў камандзіроўку пасля трагедыі на Чарнобыльскай АЭС.

Родам з Пузыроў, малады спецыяліст пасля заканчэння Смілавіцкага зоаветтэхнікума прыехаў на першае працоўнае месца ў Дзягілі. З таго красавіка прайшло роўна 44 гады. Вельмі хутка ветэрынар сябе добра зарэкамендаваў, і яму прапанавалі перайсці ў ветлячэбніцу на абслугоўванне Старагабскага ўчастка, які уключаў у сябе тэрыторыю чатырох калгасаў: “1 Мая”, “17 Верасня”, імя Кірава і Суворава.

— Тут ажаніўся, дочкі-двайняты нарадзіліся. Потым гэта аварыя на Чарнобылі, праз паўгода пасля яе нас у раёне сабралі, —  успамінае Рыгор Васілевіч, — сказалі, трэба адправіць добраахвот­нікаў з ветслужбы. Ехаць, канечне, нікому не хацелася, таму вырашылі, што паедуць усе, але па­этапна, каб не ўсе адразу. У выніку па тры тыдні такой небяспечнай камандзіроўкі кожнаму выпала.

Камандзіроўка ў зону адсялення, або Дзягільскі Айбаліт

Рыгор Аляксандравіч апынуўся ў складзе першай групы, якую адправілі ў Брагінскі раён. Кажа, у першы ж дзень, пры так званым разводзе, схітрыў, сказаўшы, што забыўся дома пасведчанне вадзіцеля. Мужчын з «правамі» адпраўлялі на патруляванне зоны адсялення з мэтай правядзення замераў фону радыяцыі. Рыгора Аляксандравіча разам з калегам з нашага раёна Аляксандрам Падголам накіравалі ў выселены калгас «Шлях камунізму», дзе яны і займаліся непасрэдна сваёй працай: вакцынацыя, аналізы, дапамога хворай жывёле…

— Амаль увесь калгас быў выселены, з адміністрацыі засталіся толькі старшыня і бухгалтар. Але, нягледзячы на гэта, тры фермы яшчэ працавалі, — загадку, чаму так было арганізавана, Рыгор Аляксандравіч не разгадаў да гэтага часу. — Трымалі жывёлу і ў хатніх гаспадарках — тыя, хто яшчэ не паспеў з’ехаць. Але з імі карціна была зразумелая. Людзі хацелі хутчэй пакінуць зону адсялення, але перад гэтым — абавязкова збыць скаціну. А ажыццявіць гэта не маглі па прычыне хваробы жывёлы.

— Нешта незвычайнае як вет­урач заўважалі?

— Калі вы пра двухгаловых цялят, то такіх не бачыў, — адразу разумее намёк Рыгор Аляксандравіч. — Але хворай жывёлы сапраўды было шмат, ні да гэтага, ні пасля такога не бачыў. Рэакцыі на туберкулёз, лейкоз, іншыя цяжкія захворванні проста сыпаліся. А людзі да нас, як да Айбалітаў, беглі з усіх бакоў, спрабуючы выратаваць сваіх рагуль.

Гаворачы аб агульнай абстаноўцы ў зоне адсялення, Рыгор Ва­сілевіч успамінае аб пустых вёсках, счарнелых палях і гародах з кінутым там ураджаем. У некаторых вёсках не сустрэць было нават бадзяжнага схуднелага сабаку, у іншых, па суседстве з імі, жылі людзі. Але ўсе яны, з кім даводзілася размаўляць, збіраліся з’ехаць, як толькі выдасца магчымасць. Рыгор Аляксандравіч прызнаецца, калі сам туды ехаў, не ўяўляў маштабаў таго, што там адбывалася. Так, людзі былі ўжо інфармаваны пра Чарнобыль, але афіцыйную інфармацыю адціскалі ў бок «рэальныя абставіны», якія перадаваліся ад аднаго другому, кожны раз абрастаючы новымі падрабязнасцямі. Сыходзімся з Рыгорам Аляксандравічам у меркаванні, што нешта падобнае адбываецца і цяпер, калі чалавек больш верыць суседцы, якой нешта расказаў сын, які працуе ў адной установе з кумам траюраднага брата хрышчонай дачкі свёкра, нявестка якога ад сваёй добрай знаёмай даведалася, што…

— А яшчэ ў камандзіроўцы зразумеў, што сапраўды: менш ведаеш — мацней спіш, — заўважае Рыгор Аляксандравіч. — Вось з хлопцамі, з якімі прыехалі разам, па сутнасці па адных дарогах калясілі. Толькі мы займаліся непасрэдна сваёй працай, а яны — замяралі радыяцыю і, гледзячы на прыборы, якія зашкальвалі, за галаву хапаліся. А мы маглі пра тое, што адбываецца, толькі здагадвацца. Так, дыхалася не так, як дома, спецыфічная саладосць у роце адчувалася, але стараліся выконваць меры перасцярогі: ваду з калодзежаў не пілі — мінеральную толькі, на дварэ нічога не елі, выкарыстоўвалі сродкі аховы, рукі апрацоўвалі…

На здароўі Рыгора Васілевіча гэтая камандзіроўка, вядома, адбілася: былі праблемы і са шчытападобнай залозай, перанёс аперацыю па выдаленні дабраякасных утварэнняў, зрок пагоршыўся — па прычыне глаўкомы таксама тры аперацыі ўжо зрабіў, чарговая павінна была быць у красавіку, але ў сувязі з апошнімі падзеямі як планавую яе адмянілі.

Камандзіроўка ў зону адсялення, або Дзягільскі Айбаліт

Як ліквідатар катастрофы на ЧАЭС Рыгор Васілевіч карыстаўся належнымі льготамі: электрычнасць і газ аплачваў з 50-працэнтнымі зніжкамі, атрымліваў бясплатныя медыцынскія прэпараты, раз на год меў магчымасць паправіць здароўе ў санаторыі. Праўда, адзін раз гэтай ільготай толькі скарыстаўся: спачатку не ведаў пра яе, потым абставіны складваліся не на карысць аздараўлення, а пасля і зусім усе льготы адмянілі, калі перавялі ў статус пацярпелага ад катастрофы на ЧАЭС.

Пасля Чарнобыля жыццё Рыгора Аляксандравіча хутка ўвайшло ў сваё рэчышча: працаваў ветурачом, дабудоўваў дом, гадавалі з жонкай Ірынай Аркадзьеўнай дзяцей. Пасля выхаду на пенсію яшчэ пяць гадоў працаваў у мясцовай гаспадарцы. Кажа, можа, і дагэтуль дома не асеў  бы, але здароўе падвяло — два інсульты за 10 месяцаў перанёс. Пасля апошняга вырашыў, што пара адпачыць.

— Але сумаваць не даводзіц­­ца, — з аптымізмам адзначае мужчына, — у вёсцы праца заўсёды знойдзецца. Гаспадарку вялікую трымаем, з канём вось да гэтага часу развітацца не магу, нягледзячы на тое, што мотаблок маецца. Але як без каня? Колькі жыву ў Дзягілях, каня, а то і двух трымалі. Адзінае, што сум навявае — удваіх з жонкай у такім вялікім доме засталіся. А калісьці тут адначасова чатыры сям’і жылі, чатыры прозвішчы: цесць з цешчай, мы з жонкай і дзве дачкі
з мужамі. Адна пераехала ў Вільнюс, другая ў Баярах жыве. Старэйшы ўнук Жэня ўжо адвучыўся, у войску адслужыў, ажа­ніўся. Другі, Раман, — другакурснік, унучка Карына ў адзінаццатым класе вучыцца. Але прыязджаюць, не забываюць нас, радуюць поспехамі.

Вось за іх — дзяцей і ўнукаў— хвалюецца сёння Рыгор Аляксандравіч. У дачыненні да сябе самога толькі адмахваецца: маўляў, Чарнобыль перажылі — і  “карону” гэтую пераможам.

Марына ПУЦЭЙКА.

Фота аўтара.