Калгас імя Суворава: сакрэт на мільён

773

ЦІ ведаеце вы, што гаспадарка, правапераемнікам якой з’яўляецца сельгасфіліял “Дзягілі”, некалі была мільянерам? А сапраўды была.

Пра гэта прашу расказаць былога сакратара парткама калгаса імя Суворава Зыгмунда КАРЭЦКАГА. Цяпер яму 83 гады. Сустрэліся мы ў Дзягільскім доме майстра (былым калгасным клубе), дырэктарам якога працуе нявестка колішняга парторга.

Калгас імя Суворава: сакрэт на мільён

— У Дзягілі я прыбыў у верасні 1974 года, — распавядае Зыгмунд Іосіфавіч. — На сходзе камуністаў калгаса мяне выбралі сакратаром партарганізацыі (да гэтага займаў такую пасаду ў саўгасе “Восаўскі”). Камуністычная арганізацыя калгаса імя Суворава вырасла і патрабавала рэарганізацыі. На тым жа сходзе мы стварылі парткам замест бюро, цэхавыя арганізацыі, у тым ліку цэнтральную, механізатараў, жывёлаводаў, настаўнікаў…

Але ж вас, напэўна, больш цікавіць гаспадарчая дзейнасць перадавога калгаса? Старшынёй быў Пётр Пятровіч Петух. Шкада, што папрацаваў з ім зусім нядоўга. Пётр Пятровіч меў толькі сярэднюю спецыяльную адукацыю (завочна закончыў агранамічны тэхнікум, калі ўжо быў старшынёй). Аднак ён так арганізаваў працу ў калгасе, як не змог бы ніхто іншы. Рэалізаваў шмат сваіх ідэй. Напрыклад, прыдумаў яслі для маладняку буйной рагатай жывёлы. У калгас уваходзіла 19 вёсак, і ў кожнай быў статак прыватнай жывёлы, які пасвілі па чарзе. Дык вось, у вёсках зрабілі загарадкі, дзе ўтрымліваліся калгасныя цяляты. Той, чыя чарга адбываць калейку, выганяў іх і пасвіў разам з прыватнай жывёлай. За гэта не плацілі. Так гадаваўся маладняк. Потым бычкоў адкормлівалі на мяса. А цялушак ад лепшых кароў, папярэдне атрымаўшы адпаведныя дакументы, прадавалі ў Казахскую ССР. Толькі як я працаваў, чатыры разы адпраўлялі па два вагоны. А да гэтага колькі — не ведаю. Грошы, атрыманыя за прадукцыю жывёлагадоўлі, пералічвалі камбікормаваму заводу, і адтуль камбікорм вагонамі прыходзіў на чыгуначную станцыю ў Княгінін. Увесь транспарт накіроўвалі туды, на разгрузцы працавала будаўнічая брыгада.

Старшыня змагаўся супраць крадзяжоў з ферм. У гэтым ён абапіраўся на камуністаў, якія працавалі на розных пасадах, былі для астатніх калгаснікаў прыкладам ва ўсім.

Палі ў нас няпростыя. Шмат часу забіралі пераезды, перагоны. Партыйную групу камбайнераў узначальваў Іван Іванавіч Турын. Ён прапанаваў, калі крыху марасіць дождж, не спыняць камбайны. Вынік атрымаўся добры.

Вялікая ўвага была новым сартам сельскагаспадарчых культур. Адзін год быў такі ўраджай, што не толькі свірны і склады былі поўныя. Нават вось тут, у клубе, збожжа было насыпана аж па вокны! Участак ля Крапіўна даў 54 цэнтнеры ячменю з гектара!

За калгасныя грошы пабудавалі гэты клуб, жыллё, нават сельсавет (калгасу не патрэбна была новая кантора, у добрым панскім будынку адразу месціліся і бухгалтэрыя, і клуб, і бібліятэка. Праўда, у старшыні асобнага кабінета не было, яго стол стаяў у бухгалтэрыі).

Вялікая заслуга ва ўсіх поспехах Пятра Пятровіча. Вельмі задаволены, што давялося папрацаваць поплеч з такім чалавекам. Як і ў кожнага, у яго былі свае недахопы. Але — нічога не скажаш! — і сумленны, і добры, і душэўны. Пра людзей думаў. Напрыклад, напрыканцы працы Пятра Пятровіча старшынёй амаль усе механізатары мелі матацыклы з каляскай. А тады гэта быў дэфіцытны тавар, і набыць яго дапамог Пётр Пятровіч.

  • Хай бы хоць шыльдачку якую павесілі ў памяць пра такога старшыню! Напрыклад, на клубе,— выказвае думку прысутная пры размове Рэгіна Верабей (яна прыйшла у дом майстра заняцца рукадзеллем).
  • Скажу наконт шыльдачкі, — рэагуе Зыгмунд Іосіфавіч. — Была ў нас размова паміж камуністамі на пасяджэнні. Гэта ўжо праз гады пасля смерці Пятра Пятровіча, у позні перыяд гарбачоўскай перабудовы. Ці не апошні партыйны сход быў. Шафёр Часлаў Іванавіч Карпей прапанаваў назваць у гонар Пятра Пятровіча вуліцу ў Дзягілях. Прапанову падхапіў намеснік сакратара партарганізацыі па ідэалогіі Смятанка. Вырашылі, што Карпей выступіць з такой прапановай на сесіі дэпутатаў сельскага Савета. Але ў краіне пачалося такое бязладдзе! Стала немагчыма нічога вырашыць і на мясцовым узроўні. Так што вуліца тая і цяпер называецца Садовай…

* * *

Таіса БЕРНЯКОВІЧ даўно на пенсіі, але з цікавасцю сочыць за сітуацыяй у сельгасфіліяле “Дзягілі”. Радасна канстатуе:

Калгас імя Суворава: сакрэт на мільён

  • Разварочваецца новы дырэктар. Палі паразворваў, заробкі плаціць добрыя, рэгулярна…

Таіса Францаўна прыйшла ў калгас імя Суворава эканамістам 1-га чэрвеня 1966 года. Тады якраз пераходзілі ад працадзён да грашовай аплаты. Няхай заробкі адразу былі не дужа вялікія (каму 20 рублёў, а каму і 40), але ж выплачвалі іх штомесяц, а не ў канцы года! Калгасныя справы ўпэўнена ішлі ўгору. Таіса Францаўна і цяпер трымае ў памяці лічбы тых часоў, калі гаспадарка стала мільянерам:

  • 10 паляводчых брыгад, 7 малочнатаварных ферм. 940 дойных кароў, усё пагалоўе — прыкладна 3700. Бульбы сеялі 205 гектараў, 200 — лёну, 850 — азімых збожжавых, 1200 — яравых… Усе кавалачкі тады ўраблялі. Шмат увагі ўдзялялі канюшыне, прадавалі насенне. Бо за яго шмат грошай плацілі і камбікорм давалі. Лён таксама выгадна было вырошчваць. Уручную рвалі, слалі, сартавалі… Людзей хапала, па два трактарысты на трактар. Усе працавалі, стараліся. Кожны хацеў лепш жыць, больш зарабіць. І дысцыпліна была. Слова брыгадзіра — закон.
  • Толькі ў дысцыпліне сакрэт поспеху?
  • Ну, і эканоміў Петух. Як будавалі сельсавет, прапаноўвалі за 25 тысяч дабудаваць другі паверх, каб і кантора была разам. “Не, — кажа, — у нас і тут добрая кантора”. Ведамасці на зарплату пераглядаў. Кліча, бывала: “Чаму ў гэтага чалавека 40 рублёў, а ў гэтага — 80? Што ён рабіў? Пакажы мне яго нарады!” Памятаю, торф вазілі з Журых Вілейскага раёна. Дык мяне разам з шафёрам выправіў — праверыць, ці правільна піша кіламетры. За ўсім сам глядзеў, усё кантраляваў — і вывеў калгас у перадавыя. З добрым прыбыткам працавалі ўвесь час, а гады два нават мільянерамі пабылі.
  • Як калгаснікам жылося ў гаспадарцы-мільянеры?
  • Заробак быў большы, чым у суседзяў. Але і працавалі шмат. Многае яшчэ рабілася ўручную. Ці вось, напрыклад. З Рубанікаў у Дзягілі кіламетраў пад дзесяць — трактарысты пешшу на працу хадзілі, ніхто не вазіў. У нас, спецыялістаў, амаль кожную нядзелю — “васкрэснікі”. На іх і настаўнікі хадзілі, і работнікі сельсавета. Зялёную масу на машыны грузілі, разгружалі, каменне збіралі. А яшчэ ж бульбу перабіралі, лёну трэба сарваць паўгектара, буракоў дзялка… Не скажаш, што было лёгка. Але добра, весела. Як пасяўную закончым, калгасныя святы праводзілі — у апошнюю нядзелю мая ці ў першую чэрвеня. Вынікі падводзілі, прэміі давалі. Ля клуба пляцоўка была, аўталаўка прыйдзе, марожанага прывязе… Пасля збяромся, адзначым. Усе людзі былі роўныя былі, ніхто нікому не зайздросціў.

* * *

Мікалай ПЕТУХ, сын старшыні калгаса-мільянера, жыве ў Раманаўшчыне. Мае дзве вышэйшыя адукацыі: у інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі атрымаў прафесію інжынера-механіка, а ў акадэміі фізкультуры і спорту — трэнера па лёгкай атлетыцы. Працуе настаўнікам фізкультуры ў Старагабскім вучэбна-педагагічным комплексе. З жонкай Аленай выгадаваў сына і дачку, удзельнічае ў выхаванні ўнукаў. Калі папрасіла падзяліцца ўспамінамі пра бацьку, не адмовіўся.

Калгас імя Суворава: сакрэт на мільён

  • Бацька адпрацаваў старшынёй калгаса з 1954-га па 1976-ты, — зазначыў. — 22 гады — нямала…
  • Вы нарадзіліся ў 1958-м, калі бацька ўжо кіраваў гаспадаркай. Як яно — быць сынам старшыні калгаса-мільянера? Адчувалі сябе мажорам?
  • Ды не. Думаю, нічым не вылучаўся ні ў дзяцінстве, ні потым. Кватэр і катэджаў нам з сястрой бацька не пакінуў. Ды што там казаць — нават хаты сабе не пабудаваў. Больш пра калгас думаў. Адразу наша сям’я жыла ў будынку, дзе былі кантора, бібліятэка і клуб (магчыма, памятаеце тую хату: кантора у ёй была да апошняга часу, аж пакуль не згарэла). Пасля пераехалі ў кватэру ў новым двухпавярховым доме. Там пасяліліся і калгасныя спецыялісты. Калектыў у іх добры быў, не адзін жа старшыня працаваў.
  • Мікалай Пятровіч, што прыгадаеце пра тагачасныя калгасныя справы?
  • Магу толькі сказаць, што бацька рана ехаў на працу і позна вяртаўся. Я ж дзіцём быў, асабліва ні ў што не паглыбляўся. У 1975-м школу закончыў, а калі ў 1980-м пасля інстытута вярнуўся ў калгас загадчыкам майстэрняў, бацька ўжо чатыры гады не быў старшынёй.

Ён меў толькі сярэднюю спецыяльную адукацыю, аднак быў тонкі псіхолаг. І дысцыпліна ў калгасе была, і з людзьмі добрыя адносіны. Да яго звярталіся па розных пытаннях. Вельмі перажываў, калі не мог дапамагчы. Ставіў сябе на месца гэтага чалавека, думаў, што можна зрабіць. Стараўся вырашыць пытанне — калі не адразу, дык хоць з часам.

  • Яшчэ раскажыце пра бацьку. Ці заставаўся ў яго час на захапленні?
  • Часу асабліва не было. Але неяк у нядзелю па тэлевізары хакей паказвалі — зацікавіўся. У 1972 годзе была серыя гульняў: каманда Савецкага Саюза супраць канадцаў. Гулялі ў Канадзе, час з нашым не супадаў. Матчы праходзілі вечарам, а ў нас гэта была ўжо ноч. Іх паказвалі ў запісе толькі назаўтра вечарам. Але лік не паведамлялі, каб людзям цікавей глядзець. Было гэта ў верасні, якраз у калгасе працавалі студэнты на ўборцы бульбы. У выкладчыкаў быў транзістар, яны слухалі навіны з-за мяжы. Дык бацька раніцай перад нарадай заязджаў да іх, пытаўся лік. Ну а яшчэ паляўнічы добры быў, у шашкі гуляў. Вусна лічыў вельмі хутка — гэта нават выклікала здзіўленне.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.