Калі быць Дню горада Мядзела? Выказвайце вашы прапановы

274

На ўездзе ў Мядзел з боку Мінска кожны бачыць дату — 1324. Гэта год першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах нашага горада. Няцяжка падлічыць, што праз тры гады, у 2024, ён будзе адзначаць 700-годдзе. А вось больш дакладна вызначыцца з датай святкавання Дня горада паспрабавалі ўдзельнікі дыялогавай пляцоўкі, якая адбылася на мінулым тыдні. Мэта — разгледзець магчымыя варыянты і вынесці іх на шырокае грамадскае абмеркаванне.

Калі быць Дню горада Мядзела? Выказвайце вашы прапановы

Варта сказаць, што апошнія некалькі год Дзень горада прымяркоўвалі да 17 верасня. Але афіцыйнага дакумента з абгрунтаваннем даты святкавання не было. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вячаслаў Клімовіч назваў чатыры важныя гістарычныя даты, да якіх можна зрабіць прывязку:

  • узгадванне ўпершыню Мядзела Гедымінам, якое адбылося на Сёмуху ў 1324 годзе. Гэта дата плаваючая, вылічваецца кожны год ад Вялікадня, але прыпадае на чэрвень;
  • 7 кастрычніка. У гэты дзень у 1762 годзе Мядзел атрымаў Магдэбургскае права (права выбіраць органы мясцовага самакіравання і праводзіць чатыры разы на год кірмашы);
  • 17 верасня, дзень уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, а з гэтага года — яшчэ і дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства;
  • 4 ліпеня — дзень вызвалення Мядзела ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, назаўтра пасля святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь;
  • пятая прапанова — прывязку зрабіць не да гістарычнай даты, а да мерапрыемства, якое праходзіць штогод у апошнюю суботу ліпеня (Свята азёр).

— Самае галоўнае на свяце — яго папулярнасць і запатрабаванасць, — падкрэсліў старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Бароўка. — На мой погляд, Дзень горада ў верасні не набыў папулярнасці ў мясцовых жыхароў. А калі гэтай датай прызначыць апошнія выхадныя ліпеня, то мы, як мінімум, дасягнем масавасці. Ураджэнцы Мядзела — студэнты і навучэнцы — у гэты час знаходзяцца дома, шмат дзяцей з унукамі мэтанакіравана прыязджаюць на гэты перыяд да бацькоў, адпачыць на нашых азёрах. Безумоўна, трэба добра папрацаваць над канцэпцыяй мерапрыемства, абавязкова ўключыць маладзёжныя і дзіцячыя праекты, узмацніць патрыятычны накірунак свята, закласці фінансаванне на раённым узроўні на яго правядзенне. Ну і памятаем, што наш раён — курортны, а ліпень — самы лепшы час для курортнага свята.

Чаму ў верасні цяжка зацікавіць мядзяльчан святам? Алег Алегавіч са сваіх назіранняў зрабіў выснову, што ў гэтым месяцы людзі выбіраюць бульбу на дачах, агародах і ў вёсках у бацькоў, пэўная частка ловіць рыбу, частка накіроўваецца па пакупкі ў Паставы, Маладзечна, Мінск, а многія — у ягады-грыбы.

— А культура ў верасні працуе на Дзень пісьменства, на абласныя Дажынкі і з гэтага года — на Дзень народнага адзінства, — прадоўжыла думку галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ганна Падгол. — Плюс надвор’е, якое больш камфортнае летам.

— А калі ўсё ж дзень нараджэння горада? — спытаў у прысутных дэпутат раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання Андрэй Каркоцкі. — Гэта быў бы самы лепшы аргумент.

Алег Бароўка і старшыня раённага аб яднання прафсаюзаў Святлана Чарняўская расказалі, што днём нараджэння горада лічыцца яго першае ўзгадванне ў пісьмовых крыніцах. Ранняй вясной 1324 года Тэўтонскі Ордэн імкнуўся захапіць у Вялікага Княства Літоўскага крэпасць на возеры Мядзел. Крэпасць выстаяла, і праз пэўны час Гедымін напісаў ліст у Раду горада Рыгі і ўладарам суседніх земляў, што

“Таксама яны, верагодна, захапілі б наш замак Мядзела, калі б не быў ён так добра ўмацаваны, аднак мноства людзей яны забілі і многіх павялі з сабой”.

Гісторык Мяфодзій Чарняўскі сцвярджаў, што ліст быў напісаны на Сёмуху па новым стылі ў 1324 годзе.

Чым не спадабаўся чэрвень прысутным? Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Ефімава аргументавала гэта выпускнымі экзаменамі, выпускным балем, уступнай кампаніяй і сесіяй у студэнтаў. Значнай колькасці моладзі і настаўнікаў будзе не да свята. Ганна Падгол узгадала пра фестываль “Пеўчае поле”, які зараз не звязаны з Днём Незалежнасці і будзе праходзіць у чэрвені.

— А я хвалююся, каб мы не загубілі мерапрыемства, якое ў нас ужо склалася, спартыўна-культурнае, — выказала сваё меркаванне галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Зуеўская. — Першая частка — гэта рэспубліканскі “Водны забег”, які напачатку праходзіў у адзін час з конкурсам рыбнай лоўлі. Праўда, з рыбакамі потым не склалася. А другая — культурная. Каб не атрымалася так, што мы разбурым тое, што ўжо адпрацавана за гады.

— Як выйсце, — з прапановай звярнулася Ганна Падгол, — развесці гэтыя мерапрыемствы на два дні. У суботу арганізаваць асноўную афіцыйную частку Дня горада, а на нядзелю пакінуць спартыўныя спаборніцтвы і забавы.

— А ці пойдуць на два дні людзі? — задала пытанне Валянціна Зуеўская.

Гледзячы чым напоўніць свята. Гэта ўжо меркаванне многіх удзельнікаў дыялогу. Як зноў жа сказала Ганна Падгол, Докшыцы — горад меншы за Мядзел, аднак людзі ідуць на свята тры дні.

— Горад на вадзе, крэпасць стаяла на вадзе, і свята таксама мусіць быць звязана з тэмай вады. Логіка ў гэтым ёсць, — выказаўся Вячаслаў Клімовіч. — Ёсць і яшчэ важкі аргумент. Дата правядзення Свята азёр ў Мядзеле стаіць у сетцы абласных мерапрыемстваў. У гэты дзень на Міншчыне больш нічога маштабнага не праводзіцца. Мы не адцягваем сваю ўвагу і сілы на іншыя мерапрыемствы, і да нас могуць ехаць з усёй вобласці.

Кожны з прысутных выказаў сваё меркаванне. Прапановы агучаны. Наступны крок — грамадскае абмеркаванне. Хочацца пачуць меркаванне мядзяльчан, калі праводзіць свята і якімі праектамі (спартыўнымі, культурнымі і г. д.) яго напоўніць. Канчатковае рашэнне пасля абмеркавання будзе прынята афіцыйна.

На працягу двух тыдняў прапановы можна накіроўваць на электронны (narazara111@gmail.com) ці паштовы адрас рэдакцыі (г. Мядзел, вул. Савецкая, 8).

Іна ЯРЧАК.