Каб старасць не была адзінокай

122

Каб старасць не была адзінокайНАПЯРЭДАДНІ Дня пажылых людзей сустрэлася з дырэктарам ДУ “Мядзельскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” М. І. МАРКЕВІЧАМ. Вырашыла даведацца, якая дапамога з боку дзяржавы аказваецца адзінокім састарэлым грамадзянам, інвалідам, малазабяспечаным людзям, пражываючым у нашым азёрным краі. Прапанаваная ніжэй гутарка якраз пра гэта.

— Мікалай Іванавіч, раскажыце, калі ласка, колькі на Мядзельшчыне пражывае пажылых людзей?

— Як вядома, насельніцтва з кожным годам старэе. І гэта тэндэнцыя датычыць не толькі нашага рэгіёну, але і ўвогуле рэспублікі. Зараз на Мядзельшчыне пражывае 7751 пажылы чалавек. У тым ліку 616 адзінокіх і 3416 адзінока пражываючых грамадзян, 10 інвалідаў і 37 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Ёсць 143 доўгажыхары. З іх аднаму споўнілася сто гадоў, двое маюць узрост старэй за 100 гадоў.— Якая дапамога аказваецца ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва названай катэгорыі грамадзян?

— Хачу падкрэсліць, што ўсе зацікаўленыя службы выконваюць просьбы і заяўкі, якія паступаюць ад пажылых людзей. У прыватнасці, сёлета 358 чалавекам аказана дапамога ў апрацоўцы прысядзібных участкаў, а 144 — ва ўборцы вырашчанага ўраджаю. 11 грамадзянам адрамантавана жыллё ці гаспадарчыя пабудовы, 19 — электраправодка, 14 — пячное ацяпленне. У дамах 177 састарэлых устаноўлены аўтаматызаваныя пажарныя апавяшчальнікі. Акрамя таго, са сродкаў фонду сацыяльнай абароны 146 чалавекам аказана матэрыяльная дапамога на суму 72600000 рублёў. Назначана дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога 12 грамадзянам на суму 20700000 рублёў. 72 састарэлыя атрымалі гуманітарную дапамогу, 35 — змаглі паправіць сваё здароўе ў санаторна-курортных установах.

— Ці праводзіцца работа па выяўленні грамадзян, якія маюць патрэбу ў сацыяльным абслугоўванні?

— Так, разам з сельскімі выканаўчымі камітэтамі абследуем бытавыя ўмовы пажылых людзей. Тым з іх, каму неабходна сацыяльнае абслугоўванне, яно аказваецца. Зараз паслугамі аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму карыстаюцца 805 грамадзян. У аддзяленні кругласутачнага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у Вузле знаходзіцца 27 чалавек. На працягу года змешчаны на сацыяльныя ложкі 5 адзінокіх састарэлых грамадзян, 4 — у дом-інтэрнат, 7 — у аддзяленне кругласутачнага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у Вузле.

— Мікалай Іванавіч, якая яшчэ дапамога аказваецца пажылым людзям?

— У пачатку кастрычніка пачнецца акцыя “Напоўнім скляпок”. У ходзе яе адзінокім пажылым людзям, інвалідам, а таксама грамадзянам, якія знаходзяцца на надомным сацыяльным абслугоўванні, будзе, як і ў папярэднія гады, аказвацца дапамога ў нарыхтоўцы бульбы і гародніны. А з 26 верасня па 7 кастрычніка ўпершыню ў раёне праходзіць акцыя “Рука дапамогі”. Згодна з графікам працуе перасоўны пункт па зборы адзення, абутку ў насельніцтва. Акрамя таго, жадаючыя могуць прыносіць свае рэчы ў Мядзельскі ТЦСАН. Сабраная вопратка, іншыя рэчы будуць размеркаваны сярод маючых у іх патрэбу грамадзян, у тым ліку і сярод састарэлых.

— Як вядома, не хлебам адзіным жыве чалавек. Вось і хочацца даведацца, як арганізуеццца вольны час састарэлых грамадзян, чым яны любяць займацца?

— Арганізацыя вольнага часу, камфортны псіхалагічны стан таксама маюць немалаважнае значэнне ў жыцці састарэлых. З гэтай мэтай для іх наладжваюцца канцэртныя праграмы, вечары адпачынку, пасяджэнні клубаў для пажылых людзей. Сёлета ў аддаленых маланаселеных пунктах праводзіліся “Вечары без адзіноты”. Іх арганізоўвалі культработнікі, сацыяльныя работнікі сумесна з медыкамі. Падчас мерапрыемства ў хаце кагосьці з вяскоўцаў збіраліся пажылыя людзі і за кубачкам чаю абмяркоўвалі навіны, успаміналі мінудае, дзяліліся рэцэптамі даўгалецця, спявалі песні. Дарэчы, такая форма работы прыйшлася па душы вясковым жыхарам.

— Вы нагадалі, што вельмі важна, каб састарэлыя грамадзяне адчувалі сябе камфортна і ў псіхалагічным плане. Цікава, што для гэтага прадпрымаецца тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва?

— Сёлета ў аддзяленні кругласутачнага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у Вузле пачала працаваць “Псіхалагічная гасцёўня”. На яе пасяджэнні прыязджае псіхолаг цэнтра і аказвае як групавую, так і індывідуальную псіхалагічную дапамогу. Ён жа вучыць здымаць стрэсы, псіхаэмацыяльнае напружанне. Дарэчы, пры неабходнасці, могуць жадаючыя звяртацца да псіхолага цэнтра за кансультацыяй і самастойна. Вельмі хочацца, каб нашы пажылыя грамадзяне адчувалі сябе камфортна. Каб яны не былі адзінокімі, не сумавалі, а заставаліся жыццярадаснымі, бадзёрымі і, вядома, паменш хварэлі.

Гутарыла

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.