Інваліды і вытворчасць

133

Інваліды і вытворчасцьЗГОДНА з артыкулам 283 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ПК) інвалідам прадастаўлена права, з улікам індывідуальных праграм рэабілітацыі, працаваць у наймальнікаў са звычайнымі ўмовамі, а таксама ў спецыялізаваных арганізацыях, цэхах і на ўчастках. Органы дзяржаўнай службы занятасці, наймальнікі ствараюць дадатковыя рабочыя месцы (у тым ліку спецыялізаваныя), цэхі і ўчасткі для выкарыстання працы інвалідаў. Адмова ў заключэнні працоўнага дагавора альбо ў прасоўванні па службе, звальненне па ініцыятыве наймальніка, перавод інваліда на іншую работу без яго згоды па матывах інваліднасці не дапушчаюцца. За выключэннем выпадкаў, калі ў адпаведнасці з медыцынскім заключэннем стан яго здароўя перашкаджае выкананню працоўных абавязкаў альбо пагражае здароўю.

Умовы працы, у тым ліку аплата, рэжым рабочага часу і адпачынку, працягласць водпуску ўстанаўліваюцца працоўным і калектыўным дагаворамі, пагадненнем і не павінны пагаршаць становішча альбо абмяжоўваць права інвалідаў у параўнанні з іншымі работнікамі.

Для інвалідаў I і II груп устанаўліваецца скарочаная працягласць рабочага часу, не больш 35 гадзін у тыдзень. Пры гэтым іх праца павінна аплачвацца ў такім памеры, як і праца работнікаў адпаведных прафесій і пасад пры поўнай норме рабочага часу.

У адпаведнасці з арт. 34 Закона “Аб ахове здароўя” інвалідам любой групы па заключэнні медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі (МРЭК) можа ўстанаўлівацца скарочаная працягласць рабочага дня. Заключэнне МРЭК аб умовах і характары працы інвалідаў з’яўляецца абавязковым для наймальніка, ён нясе за гэта адказнасць, устаноўленую заканадаўствам.

Работнікі, прызнаныя інвалідамі, маюць права на асноўны водпуск працягласцю 30 каляндарных дзён. Група інваліднасці тут значэння не мае. Заканадаўствам не прадугледжана скарачэнне працоўнага водпуску ў выпадку змяншэння працягласці рабочага часу.

На практыцы інваліды пры жаданні могуць сумяшчаць у аднаго і таго ж наймальніка разам з асноўным заняткам дадатковую работу па іншай прафесіі (пасадзе) альбо абавязкі работніка, які часова адсутнічае, на працягу ўсяго рабочага часу. Пры гэтым не павінна быць супрацьпаказанняў для стану здароўя інваліда.

Ж. ЯКУБОВІЧ.

Загадчык сектара працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.