І стомы не чуць на жыццёвай дарозе

161

p8На мінулым тыдні шчырыя віншаванні і найлепшыя пажаданні з нагоды юбілейнага дня нараджэння прымаў ветэран працы і прафсаюзнага руху сістэмы адукацыі азёрнага краю Іван Іванавіч Якімец. Было шмат званкоў ад родных, сяброў, знаёмых. А прафсаюзны камітэт, выкладчыкі гімназіі-інтэрната падрыхтавалі ў яго гонар цэлае святочнае прадстаўленне. Адрасавалі яму і насценную газету, якую назвалі прыгожа і адметна: «Желаем вам всегдашней радости в судьбе». Яна стала нечаканым сюрпрызам для юбіляра. Разглядваючы ў чарговы раз фотаздымкі мінулай пары, Іван Іванавіч міжволі ўзгадаў розныя эпізоды свайго жыцця. Вось ён у вайсковай форме. Служыць у арміі давялося радыётэлегра­фістам. Быў і ў Петразаводску, і на Поўначы, і нават на Кольскім паўвостраве. Пабачыў паўночнае ззянне, ад якога і сёння ў захапленні. «З марзянкай быў на ты, — прызнаецца ветэран. — Калі б і сёння давялося мець справу з азбукай Морзе, нават не сумняваюся, выйшаў бы ў эфір своечасова». Акрамя таго, удзельнічаў
І. І. Якімец у асваенні цалінных і залежных земляў у Казахстане, за што быў узнагароджаны Ганаровай граматай ЦК ВЛКСМ.

Частка фотаздымкаў прысвечана розным вехам настаўніцкай працы: на сваёй радзіме — Валожыншчыне, а таксама на Мя­дзельшчыне. Проста ўнікальным з’яўляецца эпізод, які адлюстроў­вае момант уручэння настаўніцы біялогіі Нарацкай №1 СШ Рэгіне Эдуардаўне Юркевіч, якой, на жаль, ужо няма ў жывых, прэміі імя Н. К. Крупскай. Педагог ста­іць за трыбунай, а ў прэзідыуме — тагачасныя I сакратар Мядзельскага раённага камітэта Каму­ністычнай партыі Беларусі Барыс Андрэевіч Путрык, старшыня райвыканкама Пётр Анісімавіч Бладыка, загадчык раённага аддзела народнай адукацыі Іван Іванавіч Якімец… На многіх фота побач з юбілярам бачым яго жонку — верную спадарожніцу жыцця, сына з нявесткай, унука. Захапляемся рознабаковым колам яго інтарэсаў, інтэлігентнасцю, прыстойнасцю, актыўнасцю. Дарэчы, у свае 75 ён заўзяты аўтааматар. На іншамарцы ездзіць самастойна ў Мінск, на радзіму ў Валожынскі раён, дзе яго з нецярпеннем чакае бацькоўская хата.

Сапраўды Іван Іванавіч — чалавек добра ўсім вядомы не толькі ў Мядзеле, азёрным Нарачанскім краі, але і за межамі нашага раёна. І сёння жыве актыўна, цікавіцца справамі ў сістэме адукацыі Мя­дзельшчыны, шмат чытае. Нездарма на кожны выпадак у яго прызапашана шмат выказванняў вядомых філосафаў, грамадскіх дзеячаў, іншых знакамітых людзей. А колькі вершаў трывала захоўвае яго памяць! Іх радкі ён таксама ўмела выкарыстоўвае падчас выступленняў, размоў са сваімі субяседнікамі.

Калі Іван Іванавіч ідзе па вуліцы, яго ўсе пазнаюць, вітаюцца з ім. Для гімназістаў ён вядомы як выдатны шашыст і шахматыст, з якім цікава сыграць партыю. Для людзей старэйшых пакаленняў ён быў і застаўся настаўнікам з вялі­кай літары, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё сістэмы адукацыі Мя­дзельшчыны. А пачынаў сваю працоўную дзейнасць яшчэ ў калгасе. Як цяпер сам прызнаецца, за летнія канікулы па 70 працадзён зарабляў, не ленаваўся, шчыраваў на зямлі-карміцельцы. Пасля службы ў арміі год быў піянерважатым, потым настаўнічаў у роднай школе на Валожыншчыне: выкладаў хімію, біялогію. Затым, так як жонка была родам са Свіры, перабраліся сям’ёй у Мядзел. Каханая палавінка ўладкавалася на работу ў цэнтральную раённую аптэку, дзе, дарэчы, усё жыццё адпрацавала, а Іван Іванавіч патрапіў у раённы аддзел народнай адукацыі, дзе дарос да прафсаюзнага лідара і загадчыка аддзела. У яго кіраўніцкую бытнасць узводзіліся новыя школы, дзіцячыя дашкольныя ўстановы. Замацоў­валіся кадры. Многія навучальныя p1130jpgўстановы былі сапраўднымі школамі перадавога вопыту не толькі ў Бела­русі, але і ў тагачасным Савец­кім Саюзе. Потым Іван Іванавіч шмат год прысвяціў рабоце ў вучэбна-вытворчым камбінаце, дзе быў завучам, выконваў абавязкі дырэктара. І цяпер ветэран у страі: з 2005 года і па сёння працуе ў гім­назіі. Па-ранейшаму запатрабаваны, жыве дзецьмі, школай, без якой увогуле не ўяўляе свайго лёсу.

Старанная праца І. І. Якімца не засталася незаўважанай. Ён неаднаразова адзначаўся Ганаровымі граматамі раённага, абласнога, рэспубліканскага і саюзнага ўзроўняў. Акрамя таго, Іван Іванавіч уз­нагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік народнай асветы БССР», ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і юбілейным медалём «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна». Пра ўсё гэта і яшчэ пра многае іншае з працоўнай біяграфіі І. І. Якімца гаварыла вядучая вечарыны, наладжанай у названай установе ў гонар шаноўнага юбіляра, настаўніца замежнай мовы, старшыня прафсаюзнага камітэта Лідзія Міхайлаўна Анішкевіч.

Былі і віншаванні. Першым трымаў слова дырэктар гімназіі-інтэрната В. П. Клімовіч. Прамоўца, у прыватнасці, адзначыў, што Іван Іванавіч быў і застаўся настаўнікам з вялікай літары. Увогуле гэта тонкі псіхолаг, чалавек, які заўсёды гатовы прыйсці ін­шым на дапамогу — сваёй увагай, мудрай падказкай, парадай.

Вельмі цёпла віншавала юбіляра і намеснік старшыні райвыканкама І. І. Барыева. Іна Іванаўна, звяртаючыся да Івана Іванавіча, адзначыла, што ён сваё сэрца адкрыў дзецям і застаўся верным гэтаму прызванню і цяпер. Між іншым, нагадала і тое, што яе асабістае знаёмства з юбілярам звязана з вучэбна-вытворчым камбінатам, дзе ў свой час той працаваў завучам. Прычым веды, атрыманыя там па ваджэнні машыны, дапамагаюць ёй і сёння ўпэўнена адчуваць сябе за рулём. І. І. Барыева ад душы пажадала шчасця, дабрабыту, здароўя  віноўніку ўрачыстасці і ўсёй яго сям’і. Яна таксама ўручыла І. І. Якімцу Ганаровую грамату раённага вы­канаўчага камітэта за актыўны ўдзел у патрыятычным выхаван­-
ні моладзі, школьнікаў і ў сувязі з 75-годдзем з дня нараджэння.

З юбілейнай датай павіншавалі таксама Івана Іванавіча старшыні раённага савета ветэранаў М. Г. Гардон і райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі І. В. Глінская. Па словах Ірыны Васільеўны, ён — глыба сістэмы адукацыі азёрнага краю. Падчас  яго кіравання гэтай галіной на Мядзельшчыне дасягнуты значны росквіт і прагрэс. Больш за 10 школ і дашкольных дзіцячых устаноў пабудавалі на працягу яго чатырнаццацігадовай працы на пасадзе начальніка раённага аддзела народнай адукацыі ў Нарачанскім краі. Упор у сваёй рабоце Іван Іванавіч рабіў на кадры. Невыпадкова каля 90% настаўнікаў былі ўра­джэнцамі раёна. Дзве пяцігодкі запар сістэма адукацыі Мядзельшчыны займала ў рэспубліцы другое месца па падрыхтоўцы школ да пачатку новага навучальнага года, што таксама пра многае сведчыць. А яшчэ Ірына Васільеўна па даручэнні старшыні прэзідыума Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі М. М. Башко ўручыла юбіляру Ганаровую грамату. Так абкам галіновага прафсаюза адзначыў актыўнасць і старанне ветэрана працы і прафсаюзнага руху І. І. Якімца.

Затым пачалося імправізаванае віншаванне, падрыхтаванае прафсаюзным камітэтам і педагогамі гімназіі-інтэрната. У гонар імянінніка гучалі вершаваныя рад­кі. Зачытваліся «тэлеграмы» жартоўнага зместу ад зорак расійскай эстрады. Свае наказы давалі яму таксама ў  жартоўнай форме «прадстаўнікі» Міністэрстваў надзвычайных сітуацый, адукацыі, дзяржаўтаінспекцыі. І нават цыганка -«ўдзельніца ансамбля Слічэнка» прыбыла на ўрачыстасць, каб аса­біста павіншаваць юбіляра, пажадаць здароўя, дабрабыту, доўгіх год жыцця, а заадно прад­казаць далейшы лёс і адносіны да яго навакольных.

Меў слова  на заканчэнне і сам імяніннік. Ён шчыра дзякаваў за падараваныя яму хвіліны радасці і добрага настрою. І, вядома, як і заўсёды, быў на вышыні: проста зачараваў і пакарыў прысутных сваёй інтэлігентнасцю, эрудыцыяй і выдатным прамоў­ніцкім майстэрствам.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: ветэран працы і прафсаюзнага руху сістэмы адукацыі раёна І. І. Якімец.

Фота Таццяны Несцярэнка.