І надалей трымаць марку

135

І надалей трымаць маркуНЯДАЎНА адбыўся пленум раённага савета ветэранаў. У яго рабоце прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Бароўка, намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева, намеснік старшыні абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Віктар Шапавалаў. Разгледжаны два пытанні. Па першым перад прысутнымі выступіў старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Гардон, які пазнаёміў усіх з прапаноўваемым планам мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні дзвюх слаўных дат — 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якая будзе адзначацца ў наступным 2014 годзе, і 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў, якая прыпадае на 2015 год. Патрэбна зазначыць, што запланаваныя мерапрыемствы рознабаковага характару і датычаць практычна ўсіх сфер жыццядзейнасці пярвічак ветэранскіх арганізацый. У іх ліку — абследаванне матэрыяльна-бытавых умоў пражывання ўдзельнікаў вайны, сем’яў загінуўшых, работнікаў тылу, дзяцей-інвалідаў вайны, блакадніцы Ленінграда, медыцынскае абследаванне і дыспансэрызацыя названай катэгорыі грамадзян, станоўчае вырашэнне хвалюючых пытанняў, арганізацыя вольнага часу, цеснае супрацоўніцтва з установамі адукацыі азёрнага краю, райкамам ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” па выхаванні падрастаючага пакалення на гераічных традыцыях дзядоў і прадзедаў, удзел у наладжваемых разнастайных акцыях, а таксама народнага клуба аматараў песні “Верасень” у XII рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці “Не старэюць душой ветэраны”. Па ўзнятым пытанні выступіў член прэзідыума раённага савета ветэранаў Міхаіл Чарняўскі. Міхаіл Трафімавіч, у прыватнасці, прапанаваў устанавіць каля Пасынак на месцы бою партызан брыгады імя Варашылава з фашысцкімі захопнікамі, які адбыўся 26 сакавіка 1943 года, мемарыяльную дошку, дзе ўказаць і 9 мірных ахвяр, якія тады былі забіты ворагамі, і пра якіх, на жаль, яшчэ дагэтуль нідзе не пісалася, у тым ліку і ў кнізе “Памяць” раёна. Акрамя таго, прамоўца прапанаваў прысвоіць СШ №2 г. Мядзел імя Ганны Пашкевіч, якая выратавала камсамольскі сцяг і перадала яго партызанам, а гімназіі — імя Мікалая Лявонцьевіча Місуны — актыўнага змагара супраць прыгнёту буржуазна-памешчыцкай Польшчы, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, якога расстралялі нямецка-фашысцкія захопнікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Нагадаў Міхаіл Трафімавіч, што 15 снежня споўнілася роўна 70 гадоў, як сталі ахвярамі фашызму члены сям’і Чарняўскіх з Мікасецка. Расказаў пра станоўчую работу ў якасці старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Міхаіла Гардона. І найперш пра тое, што дзякуючы менавіта актыўнасці Міхаіла Гершэнавіча пра дзейнасць ветэранаў Мядзельшчыны ведаюць нават у Маскве. Намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева ў сваім выступленні падкрэсліла, што план падрыхтоўкі да юбілейных дат — 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчынннай вайне, які вынесены на абмеркаванне, даволі канкрэтны. У ім намечаны добрыя справы, якія трэба пастарацца выканаць. Высокую ацэнку прапаноўваемым мерапрыемствам даў і намеснік старшыні абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Віктар Шапавалаў. У прыватнасці, Віктар Яфімавіч папрасіў падчас мерапрыемстваў, прысвечаных юбілейным датам, не абыходзіць увагай салдацкіх удоў, якія не дачакаліся сваіх мужоў з фронту і засталіся вернымі ім на ўсё жыццё. Затым былі разгледжаны просьбы Міхаіла Гардона, Уладзіміра Закервашэвіча і Баляслава Паўлоўскага аб вывядзенні іх са складу прэзідыума раённага савета ветэранаў па стане здароўя, якія былі задаволены. Замест названых асоб шляхам адкрытага галасавання былі ўведзены ў склад прэзідыума Юрый Мяркулаў і Сяргей Сакалоў. Намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева падзякавала Міхаілу Гардону за актыўную работу на пасадзе старшыні раённага савета ветэранаў. У многім, менавіта дзякуючы яму, пра ветэранаў Мядзельшчыны сапраўды ведаюць не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы і нават у Расіі. Іна Іванаўна ўручыла Міхаілу Гершэнавічу грамату райвыканкама — за шматгадовую, добрасумленную працу, актыўны ўдзел у рабоце ветэранскай арганізацыі і асабісты ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі. Цёплыя словы ў адрас Міхаіла Гардона гаварыў таксама сталічны госць. Віктар Яфімавіч уручыў Міхаілу Гершэнавічу грамату прэзідыума Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, падзяку Мінскага абласнога савета ветэранаў і пасведчанне рэспубліканскай арганізацыі аб прысваенні яму звання “Ганаровы старшыня”. Пасведчанні аб прысваенні званняў “Ганаровы ветэран” атрымаюць у бліжэйшы час Уладзімір Закервашэвіч і Баляслаў Паўлоўскі. Затым шляхам адкрытага галасавання адбыліся выбары новага старшыні раённай ветэранскай арганізацыі. Ім стаў Юрый Мяркулаў. Яго намеснікам абраны Сяргей Сакалоў. Хочацца спадзявацца, што дзякуючы іх энергіі, актыўнасці раённая арганізацыя не страціць былую славу.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.