І ажывае палатно ў руках умеліцы з Камарова

236

p6180136У кожнага чалавека ёсць свой любімы занятак. Адны з задавальненнем бавяць вольны час за чытаннем кніг, другія — штосьці майструюць, трэція — вы­рошч­ваюць кветкі… А мая зямлячка Р. С. Траццяк займаецца вышываннем. Праўда, наколькі сур’ёзнае і грунтоўнае ў яе гэта захапленне, даведалася летась, калі ўпершыню ўбачыла работы Рамуальды Сцяпанаўны на выставе народных умельцаў на стаўшым ужо традыцыйным на маёй радзіме свяце «Камарова — кола дзён». Дарэчы, сёлета жанчына таксама прадстаўляла свае карціны-вышыванкі на гэтым мерапры­емстве. Усе яны прысвечаны духоўнай тэме. Заўважыла, з якой цікавасцю разглядалі працы сваёй зямлячкі аднавяскоўцы, жыхары ін­шых населеных пунктаў Свіршчыны, шматлікія госці ўрачыстасці. Гэта і не дзіўна. Кожная з работ адметная і непаўторная. Ва ўсіх іх адчуваецца час­цінка душы ўмеліцы, яе вялікае жаданне ўнесці свой уклад у справу адраджэння духоўнасці ў грамадстве.

Падчас размовы Рамуальда Сцяпанаўна патлумачыла, што вышываць любіла і раней. Толькі, на жаль, заняцца сваім захапленнем сур’ёзна не хапала часу. На першым месцы былі сям’я, работа. Затое цяпер, калі пайшла на заслужаны адпачынак, стараецца навярстаць упушчанае. Як толькі выдаецца вольная хвілінка, з радасцю бярэ ў рукі пяльцы, іголку з ніткамі і садзіцца за любімы занятак.

— Бачу ў вас, Рамуальда Сцяпанаўна, усе работы прысвечаны духоўнай тэме. Чаму толькі ёй, а не якім-небудзь іншым? — цікаўлюся ў сваёй суразмоўцы.

— Найперш таму, — чую ў адказ, — што духоўнасць за гады атэізму ў нашай краіне была страчана. Гэта быў час бязвер’я, згубы хрысціянскіх каштоўнасцей. Зараз, вядома, сітуацыя іншая: працуюць цэрквы, касцёлы, будуюцца новыя храмы. Людзі маюць магчымасць свабодна, не баючыся ганенняў, верыць у Бога, наведваць святыні, маліцца Усявышняму. Радуе і тое, што свае намаганні ў фарміраванні агульначалавечай маралі аб’ядналі дзяржава і Царква, падпісаўшы Праграму супрацоўніцтва ў галіне культурнай і творчай дзейнасці, аховы, аднаўлення і развіцця культурнай і гістарычнай спадчыны.

— Свой уклад у гэту важную справу, як бачу, імкнецеся ўнесці і вы, Рамуальда Сцяпанаўна? — працягваю пачаты дыялог.

— Так, — проста адказвае зямлячка, — з дапамогай сваіх вышыванак я таксама аднаўляю страчаную духоўнасць. А разам з тым стараюся паказаць, якое вялі­кае культурнае багацце стваралася на працягу многіх стагоддзяў і як важна ўсё гэта зберагчы і захаваць для сваіх нашчадкаў.

Для чалавека, які ўсё свядомае жыццё прысвяціў выхаванню падрастаючага пакалення, гэта добраахвотна ўскла­дзе­ная на сябе ноша сапраўды па сіле. 40 гадоў Рамуальда Сцяпанаўна адпрацавала ў школе, з дзецьмі. Яна выкладала рускую мову і літаратуру — прадмет, які вучыць прыгожаму, — і словам, і думкам, і пачуццям. І я, як ніхто іншы, выдатна ведаю, што тыя зярняткі любові і дабрыні, якія  Р. С. Траццяк за гады сваёй працы пасеяла ў душах многіх маіх аднавяскоўцаў, далі дружныя ўсходы. Дзякуючы ёй і іншым настаўнікам пераважная большасць вучняў Камароўскай, напачатку васьмігадовай, затым базавай, а цяпер сярэдняй школы, знайшлі сваё месца ў жыц­ці: атрымалі прафесіі, якія прыносяць карысць грамадству, заслужылі аўтарытэт і павагу калег. За іх не сорамна ні бацькам, ні педагогам. Дарэчы, і ўласныя дзеці — дачушка і сын — маюць вышэйшую адукацыю. Лена — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ў адной са сталічных школ. Алег таксама ў Мінску: працуе і атрымоўвае другую адукацыю.

Кожная з вышыванак Рамуальды Сцяпанаўны цікавая і адметная. Падобных ім няма. І гэта сапраўды так. Назвы работ гавораць самі за сябе: «Чырвоны касцёл», «Панарама Троіца-Сергіевай лаўры», «Кіева-Пячорская лаўра», «Храм Хрыста Выратавальніка», «Сіксцінская мадонна», «Вобраз Багародзіцы», «Храм Васілія Блажэннага», «Анёл-Ахоўнік»… Каб выканаць іх так, майстру, на мой погляд, трэба ўкласці ў свае працы цяпло душы,
увішнасць рук і суквецце таленту. Інакш не атрымаюцца яны шчырымі, кранаючымі за жывое. Дарэчы, усе работы змешчаны ў прыгожыя рамкі. А гэта ўжо заслуга дачушкі і сына, якія дапамагаюць маці аформіць іх так арыгінальна ў багетавай майстэрні ў Мінску.

Тут жа даведалася, што мая зямлячка раней вельмі любіла падарожнічаць і шмат дзе пабывала. Напрыклад, 30 гадоў таму ёй пашчасціла трапіць у Германію. І, вядома, як і кожны інтэлігентны чалавек, не змагла не зайсці ў знакамітую Дрэздэнскую галерэю. Больш за іншыя карціны Рамуальду Сцяпанаўну зачаравала Сіксцінская мадонна. Ішлі гады, але вобраз яе жыў у душы педагога. А не так даўно мадонну, як, дарэчы, і многае іншае з таго, што ў свой час захапіла жанчыну падчас шматлікіх паездак, яна паспрабавала перанесці на палатно, якое дзякуючы яе залатым рукам ажывае, радуючы і яе саму, і навакольных.

Пра свае вышыванкі Р. С. Траццяк можа расказаць шмат цікавага. У яе, наогул, пра кожны сюжэт, вынесены на палатно, маецца поўная і вычарпальная інфармацыя. Актыўную дапамогу ў назапашванні яе жанчыне аказала суседка Марыя Антонаўна Скрыпко, якая адшукала цікавячыя Рамуальду Сцяпанаўну звесткі праз інтэрнэт.

…Хоць бачыла вышыванкі Р. С. Траццяк некалькі месяцаў таму, але і сёння яны стаяць у маіх вачах. Увогуле працы зямлячкі пакарылі мяне сваёй адметнасцю і непаўторнасцю, бо, як мне здаецца, робяць розум і сэрцы ўсіх, хто іх бачыць, святлейшымі і дабрэйшымі. Упэўнена, што стварыць такое хараство можа толькі чалавек, які сам духоўна багаты, для якога дарога да Хрыста і Храма стала жыццёвай патрэбнасцю, крыніцай натхнення і любові да блізкіх.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: Р. С. Траццяк са сваімі работамі.

Фота Аляксандра Высоцкага.