І атрымалі асалоду для душы

126

І атрымалі асалоду для душыУ МЯДЗЕЛЬСКІМ тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва стала добрай традыцыяй ушаноўваць напярэдадні адметных дат календара людзей, якія знаходзяцца на надомным сацыяльным абслугоўванні. Гэта робіцца для таго, каб адзінокія, адзінока пражываючыя грамадзяне не адчувалі сябе забытымі і пакінутымі. Каб яны маглі сустрэцца, успомніць мінулае, пагаварыць пра сваё жыццё, праблемы і проста адпачыць.

Менавіта такое мерапрыемства з нагоды Дня пажылых людзей адбылося нядаўна ў Будслаўскім сельскім Доме культуры. Запрасілі на яго нашых падапечных з Палесся, Будслава, Курчына, станцыі «Будслаў». Вядома, прыйшлі не ўсе, каго чакалі. Аднак тыя, хто знайшоў час і завітаў у мясцовы СДК, пра гэта ніколькі не пашкадавалі, бо атрымалі сапраўдную асалоду для душы.Па сутнасці пра ўсіх прысутных вядучая — бібліятэкар Будслаўскай сельскай бібліятэкі Галіна Сцяпанаўна Аксючыц — сказала добрае слова. Успомніла юбіляраў з ліку мясцовых жыхароў, якія сёлета адзначылі круглую дату ў сваім жыцці. У тым ліку 85-гадовага Вікенція Сцяпанавіча Мацкевіча — чалавека мудрага і гаспадарлівага. Усе працоўныя будні яго звязаны з мясцовым спіртзаводам. Разам з жонкай вырасціў трох дачок. А калі не стала любай палавінкі, сам падтрымлівае парадак у доме, на дварышчы. 80-гадовыя юбіляры — Яніна Іосіфаўна Юбіцкая з Палесся і Іван Іосіфавіч Лубнеўскі з Курчына. Абое ўсё жыццё адпрацавалі ў калгасе. Яніна Іосіфаўна пастаянна была перадавой. Нават неаднойчы прымала ўдзел (у Маскве) у рабоце выставы дасягненняў народнай гаспадаркі. Жанчына мае ўвогуле залатыя рукі. Выдатна вяжа, шые. Яна ніколі без справы не сядзіць. Не пазычаць руплівасці і Івану Іосіфавічу. Працавітасць у яго прыродная, перадалася ў спадчыну ад бацькоў. Ён яшчэ сам і агароды садзіць, і за парадкам у доме і вакол яго сочыць. Іосіф Іосіфавіч і Аліна Валяр’янаўна Сяліцкія — таксама выдатныя людзі, руплівыя, адказныя. Траіх дзяцей выгадавалі, усе яны маюць вышэйшую адукацыю. Сын — ваенны, выконваў інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане.

Прысутнічала на свяце і мясцовая ўмеліца, майстар на ўсе рукі, былы вязень фашысцкай Германіі Еўдакія Пракоф’еўна Грышкевіч. Пра яе і яе работы ўжо не адзін раз пісала раённая газета на сваіх старонках. Поплеч з ёй сядзела жыхарка вёскі Палессе Фаіна Іванаўна Аўгусціновіч, якая таксама з’яўляецца дбайнай, руплівай гаспадыняй. Абедзве жанчыны, дарэчы, маюць і добрыя галасы. Як заспявалі песні, усе заслухаліся. Пачуўшы добра вядомыя з маленства і юнацтва мелодыі, не ўстрымаліся Браніслаў Вікенцьевіч Палачанскі з Курчына, Вікенцій Сцяпанавіч Мацкевіч з Будслава, сталі падпяваць жанчынам. І так хораша ў іх атрымлівалася, быццам увесь час толькі спевамі і займаліся!

Дапамаглі пераўтварыць мерапрыемства ў сапраўднае свята ўдзельнікі мясцовай мастацкай самадзейнасці. Выдатна прачытала верш пра бабулю Рэната Камарова. Пад акампанемент Валерыя Станіслававіча Драгуна цудоўна спявала Ірына Юр’еўна Мацюшонак. Актыўны ўдзел у канцэрце прынялі таксама культработнікі Жанна Міраславаўна Талкановіч, Галіна Сцяпанаўна Аксючыц, Алена Міхайлаўна Грышкевіч. Атрымалі нашы падапечныя і падарункі з гуманітарнай дапамогі.

Павесялеўшыя, нават памаладзеўшыя разыходзіліся па дамах запрошаныя на свята. У вачах многіх свяцілася радасць, была на тварах усмешка. Як мне здалося, яны не толькі ўспомнілі сваю маладосць, змаглі пагутарыць, крышку адпачыць, але і ў чарговы раз усвядоміць, што дзяржава клапоціцца пра састарэлых людзей, імкнецца зрабіць усё магчымае, каб яны не адчувалі сябе пакінутымі.

Л. ЕРМАКОВІЧ.

Інспектар па асноўнай дзейнасці Мядзельскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.