Гарантыя без гарантыі

109

Гарантыя без гарантыіСЁЛЕТА ў сувязі з нізкай сярэднясутачнай тэмпературай паветра ацяпляльны сезон распачаўся прыкладна на 10 дзён раней звычайнага. Упершыню падрыхтоўка да работы ў асенне-зімовы перыяд праводзілася ў адпаведнасці з патрабаваннямі ТКП 388-2012. Гэты дакумент прадугледжвае, што ўсе прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы, незалежна ад ведамаснай прыналежнасці і формы ўласнасці, павінны былі аформіць пашпарт гатоўнасці і зарэгістраваць яго ў раённай інспекцыі Энерганагляду не пазней 1 кастрычніка. Большасць суб’ектаў гаспадарання, як кажуць, уклаліся ў вызначаны тэрмін і своечасова падрыхтаваліся да работы ў асенне-зімовы перыяд. З лепшага боку адзначу ДУ «Свірскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат», установу аховы здароўя «Мядзельская ЦРБ», ДУ «Мядзельскі ТЦСАН». Вялікі аб’ём работы выканала РВУП «Мядзельская ЖКГ». Дарэчы, камунальнікі сёлета прынялі на свой баланс пяць крыніц цеплазабеспячэння ўстаноў раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму.

Разам з тым, пры падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона дапушчаны сур’ёзныя недапрацоўкі. Не атрымалі пашпарты гатоўнасці да работы ў асенне-зімовы перыяд аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі на цеплакрыніцы аграгарадка Княгінін і г. п. Свір. Работы па падрыхтоўцы аб’ектаў працягваюцца.

Адсутнічае пашпарт гатоўнасці на цеплавую крыніцу аб’екта ў аграгарадку Занарач ПУП «Турыстычны комплекс «Нарач». Бо ў адпаведнасці з правіламі пажарнай бяспекі эксплуатацыя катлоў у падвальных памяшканнях жылых дамоў забаронена.

Не першы год узнікаюць складанасці з падрыхтоўкай кацельні Нарацкай СШ №1. Да работы падрыхтаваны толькі адзін рэзервовы кацёл, які працуе на мясцовых відах паліва. Пашпарт гатоўнасці цеплакрыніцы да работы ў асенне-зімовы перыяд быў зарэгістраваны па гарантыйным пісьме ад 30 верасня 2013 года за подпісам начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Т. Г. Ефімавай. У ім утрымліваецца гарантыя ўводу ў эксплуатацыю газавых катлоў кацельні. Дарэчы, такое пісьмо было і ў мінулым годзе, а справа не выканана. Праверка кацельні, якая была праведзена 15 кастрычніка, паказала, што арганізацыйныя пытанні па атрыманні дазволу на выкарыстанне прыроднага газу, па наладцы і ўводзе ў эксплуатацыю газавых катлоў не вырашаюцца і засталіся, практычна, на ранейшым узроўні. Разам з тым, варта адзначыць, што рэзервовы кацёл не зможа забяспечыць неабходную надзейнасць цеплазабеспячэння школы. І гэта ў той час, калі новыя газавыя катлы зманціраваны і абсталяванне, якое дорага каштуе, прастойвае.

І. КУХАЛЬСКІ.

Інспектар раённай інспекцыі Энерганагляду.