Героі былой вёскі Навасёлкі

263

НА старым могільніку пахаваны многія вяскоўцы, якія змагаліся з фашыстамі за Радзіму, за годнае мірнае жыццё пад чыстым небам.

Вось і мае родныя — усе побач, адзін ля аднаго. Магіла дзеда Мікалая Піліпавіча Паршуты. Ён у мяне герой, ветэран вайны. Быў цяжка паранены, доўга лячыўся ў шпіталі, вярнуўся без лёгкага і ключыцы. Расказваў, як здзекаваліся фашысты ў палоне. Яго, напрыклад, разгойдвалі ў бочцы з цвікамі, каб расказаў, што ведае. Раскалыхвалі і глядзелі, як за бочкай цягнецца стужкай кроў…

Дзед не ўмеў складна гаварыць, але ў такія моманты яго блакітныя вочы рабіліся амаль белымі і калючымі. Гэтыя вочы да канцы жыцця будуць адгукацца болем у маім сэрцы. Але ж выжыў, вярнуўся. А дома сям’я, малыя дзеці… Гэта цяпер пра ветэранаў клапоцяцца і дапамагаюць, а тады іх шмат прыйшло з вайны, усім не надапамагаешся. Жыць не было дзе, бо хату разбамбілі немцы. Далі нейкую хатку ў Трыданах, ён прыехаў, а там чалавек жыве…

Памятаю, як у школе нам давалі заданне распытаць у ветэранаў пра вайну. Толькі амаль нічога яны не расказвалі. Дзед аднойчы сказаў: “Маё дзетка, не трэба пра гэта гаварыць. Трэба зрабіць так, каб больш ніхто такога не перажыў!”

…Тут некалькі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ляжыць: вышэй узгаданы мой дзед, а таксама Ілья Гаўрылавіч Падгола, Лявон Пятровіч Захарэвіч, Ігнацій Мікалаевіч Захарэвіч. Прыходзяць да іх дзеці, унукі, магілкі прыбіраюць, прыносяць кветкі.
Сябра дзеда, Лявон Захарэвіч, атрымаў раненне ў бітве пад Кёнігсбергам. Яго ледзь не пахавалі разам з загінуўшымі. Ляжаў з адарванай рукой пад стосам цел, непрытомны. На шчасце, застагнаў, калі падышлі людзі, і трапіў у шпіталь.
Пра астатніх не ведаю, толькі памятаю, як збіра­ліся на 9 Мая і адзначалі свята па-мужчынску — з чаркай і гучнымі гаворкамі. Паміж сабой не цураліся ваенных тэм, успаміналі мінулае і бітвы.

…Іду ў вёску. Зараз гэта вуліца Алега Бычка горада Мядзела, але ўсе тутэйшыя завуць яе па-ранейшаму Навасёлкамі. Пакутная, гераічная, партызанская вёска… Шмат жыхароў яе стала партызанамі, многіх застрэлілі і закатавалі фашысты за дапамогу ім. Адзін раз ворагі сагналі жыхароў вёскі і вялі тапіць да возера Мястра. Але пачуліся стрэлы, крыкі, немцы замахалі рукамі, паказваючы адзін аднаму знакі ўцякаць: ішла Чырвоная Армія. Напу­жаныя людзі таксама з апошніх сіл кінуліся бегчы, так і выратаваліся. А калі б не гэты выпадак, папоўніўся б спіс знішчаных вёсак яшчэ адной.

Жыхарка Навасёлак Галіна Бацян успамінае расказ матулі аб тым, як нямецкі салдат выратаваў іх сям’ю: “Брацік мой, Гарычак, нарадзіўся ў 41-м, татка ўжо быў на фронце, мамка жыла са свякроўкай. Раптам пачуліся выбухі, яны выйшлі на двор глянуць, што там. У двор зайшоў немец і пачаў жэстамі і словамі тлумачыць, каб уцякалі. Мамка схапіла браціка, а яе свякроў абраз і нейкія анучы, і пабеглі на бор. З канца вёскі хаты ўжо гарэлі. Так спалілі амаль усю вёску, пакінулі толькі хаты, дзе размясцілася камандаванне. Людзі ратаваліся на бары. Мамка да канца жыцця была ўдзячна таму нямецкаму салдату… А абразок той па сённяшні дзень у мяне вісіць”.
Бабуля мая, Лідзія Паршута, тады таксама выратавалася ад пажару. Усё пачалося вечарам, яна купала меншую дачку, большая гуляла побач. Пачуліся выбухі, загуляла полымя на хатах. Бабуля паспела толькі выхапіць малую, накрыць нейкай посцілкай і так, у адной кашулі, і выскачыла. Зімавала з дзецьмі ў зямлянцы, наслаўшы саломы. Думала, не дажыве з імі да лета, варыла мядунку, збірала сасновыя пупышкі. Запасы бульбы, што ацалелі ў падпамосці, пакінулі на сяўбу. Аджылі толькі, калі пад калівам пайшлі першыя бульбінкі і можно было знайсці з дзясятак большых дзецям.
“Яшчэ раскажу табе, шмат людзей у нас пастралялі тых, хто партызанам дапамагаў. А Іосіфа Лісоўскага, які быў разведчыкам у партызан, зімой прывязалі да каня за рукі, у белай бялізне, і некалькі разоў па вёсцы цягалі туды-сюды”, — зноў расказвае цётка Галіна.

…Самае галоўнае для нашых продкаў — памяць іх блізкіх, якую трэба захоўваць і перадаваць будучым пакаленням.

Зоя Серада, жыхарка аг. Нарач.