Энергію трэба зберагаць

294

00058508РАЦЫЯНАЛІЗАЦЫЯ электраспажывання — гэта не толькі зніжэнне ўдзельнага расходу энергіі, але і павелічэнне энергаўзброенасці прадпрыемстваў за кошт укаранення прагрэсіўных тэхналагічных працэсаў, якія забяспечваюць павышэнне прадукцыйнасці працы, культуры вытворчасці, паляпшэнне якасці прадукцыі. У канчатковым выніку ўсё гэта паўплывае на зніжэнне сабекошту прадукцыі. Таму пытанням эканомнага спажывання электрычнай энергіі заўсёды надавалася і надаецца сур’ёзная ўвага. Якім чынам можна зменшыць штодзённае расходванне электрычнай энергіі? Гэта пытанне адрасаваў начальніку энергетычнай службы РВУП «Мядзельская ЖКГ» С. М. АСТРОЎСКАМУ. Крыху падумаўшы, ён адказаў:

— Рэзерваў для энергазберажэння шмат. Самае простае — замена звычайных лямпачак вулічнага асвятлення на энергазберагаючыя. У Мядзеле сёлета гэта работа выканана на вуліцах Юбілейная, Нарачанская і Міру. Практыка паказвае, што энерга­зберагаючыя лямпачкі спажываюць электраэнергіі  прыкладна на 80 працэнтаў менш, чым лямпачкі напальвання. Гэта работа будзе працягвацца і надалей. Аднак не толькі замена лямпачак дазваляе эканоміць электраэнергію, але і ўстаноўка частотных рэгулятараў у кацельнях і на арт­свідравінах. У кацельні курортнага пасёлка Нарач частотныя рэгулятары зараз стаяць практычна на ўсіх электрарухавіках дымасосаў, вентылятараў, помпаў сілкавання. У выніку рэзка зні­зіўся расход электраэнергіі на выпрацоўку 1 Гкал цяпла. Зараз прапрацоўваецца пытанне ўстаноўкі рэгулятараў і на цэнтральнай кацельні ў Мядзеле.

Не сакрэт, што асобныя жыхары шматкватэрных дамоў свае падвалы пераабсталявалі пад міні-майстэрні. Якога толькі электраабсталявання ў іх няма: ад хала­дзільнікаў да дрэва- і металаапрацоўчых станкоў. Зразумела, за расходаваную электраэнергію яны не плацяць. У курортным пасёлку Нарач правялі такі эксперымент: устанавілі адпаведную апаратуру і ў падвалы стала паступаць электрычнасць магутнасцю 36 Вт. Святло гарыць, а вось калі падключыць сілавыя прыборы, то яны не працуюць. У выніку атрымалася някепская эканомія. Магчыма варта больш шырока ўкараняць гэты метад. А ў цэлым шляхоў эканоміі электраэнергіі многа.

— Якім чынам у сваёй кватэры чалавек можа зменшыць спажыванне электрычнай энер­гіі, не абмяжоўваючы сябе ў карыстанні электрабытавымі прыборамі? Адказаць на гэта пытанне папрасіў дзяржаўнага інспектара раённай інспекцыі Энерганагляду С. Б. ВАРАНОВІЧ:

— Першае — энергазберагаючыя лямпачкі. Яны і электрычнасці менш спажываюць, і служаць больш доўгі час. Важна памятаць, што лепш выкарыстоў­ваць адну лямпачку большай магутнасці, чым некалькі менш магутных. Пры абсталяванні працоўнага месца заўсёды арыентуйцеся на дзённае святло і максімальна яго выкарыстоўвайце. Выбірайце месцазнаходжанне свяцільні ў адпаведнасці з яе прызначэннем (лямпа для чытання ўстанаўліваецца сапраўды там, дзе чытаюць). Старайцеся, каб святло дарэмна не было ўключана ў тых пакоях, у якіх нікога няма.

Другое — памятайце, што пліта і халадзільнік ці маразільнік — дрэнныя суседзі. З-за цеплааддачы пліты халадзільны агрэгат спажывае больш энергіі.

Трэцяе — імкніцеся выконваць парады па эканоміі электра­энер­гіі пры прыгатаванні ежы. Выкарыстоўвайце рэшткавае цяпло канфоркі і духоўкі ў электраплі­тах. Выключайце іх, па меншай меры, за 5-10 мінут да гатоўнасці стравы. Пры прыгатаванні страў, варка якіх патрабуе шмат часу, карыстайцеся хуткаваркай. Сачыце за тым, каб дно каструлі і канфорка былі аднолькавага дыяметра. Своечасова пераключайце электрапліты з найбольшай ступені нагрэву, калі вадкасць закіпіць, на ўмераную, якая падтрымлівае тэмпературу кіпення. Гэта дазволіць аптымальна выкарыстоўваць цяпло. Калі вам патрэбна толькі адна шклянка чаю, то не варта да верху запаўняць вадой электрачайнік. Пральную машыну таксама рэкамендуецца эксплуатаваць з аптымальнай загрузкай. Дзверы халадзільніка адчыняйце ненадоўга, не дапускайце ўтварэння на сценках энергапажыраючага інею. У хала­дзільнік стаўце і кладзіце толькі ахалоджаныя і ўпакаваныя прадукты. Дастаткова, каб тэмпература ў халадзільніку была +7, а ў маразільніку — -18ОС.

Падобных парад можна прывесці шмат. Кожны, хто зацікаўлены ў эканоміі энергарэсурсаў, заўсёды знойдзе, як гэта зрабіць.

Гутарыў

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.