Дзе выплачваюцца дапамогі на дзяцей?

131

Дзе выплачваюцца дапамогі на дзяцей?НА старонках раённай газеты перыядычна паведамляецца пра павелічэнне сум дзяржаўных дапамог на дзяцей. Расказвалася таксама, як апошнія налічваюцца. А вось пра тое, хто мае права на дзяржаўныя дапамогі і дзе яны назначаюцца, ніколі не гаварылася. Мяркую, што не адной мне будзе цікавай такая інфармацыя.

З павагай Алена Сямёнаўна.

г. п. Свір.

За адказам на пастаўленыя пытанні звярнулася да галоўнага спецыяліста сектара матэрыяльна-бытавога забеспячэння і гендэрных праблем упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталлі ЛЕПУХАВАЙ:— Назначэнне дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 29.12.2012 г. № 7-З “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”, а таксама з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28.06.2013 г. № 569 “Аб мерах па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”.

Віды дзяржаўных дапамог: жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці; у сувязі з нараджэннем дзіцяці; па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да трох гадоў; на дзяцей старэй трох гадоў з асобных катэгорый сем’яў, на ўсіх дзяцей, якія выхоўваюцца ў сям’і, у тым ліку падчарыц і пасынкаў, назначаюцца і выплачваюцца адной асобе: маці (мачасе) ці бацьку (айчыму), усынавіцелю (удачарыцелю), апекуну (папячыцелю). Права на дапамогі маюць: грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць у краіне, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якім прадастаўлены статус бежанца ў нашай краіне; грама¬дзяне Рэспублікі Беларусь, якія часова пражываюць у рэспубліцы, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, на якіх распаўсюджваецца дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне і за іх, а таксама імі самімі ў прадугледжаных заканадаўствам выпадках выплачваюцца абавязковыя страхавыя ўзносы на сацыяльнае страхаванне.

Месца назначэння дапамог устанаўліваецца ў адпаведнасці з артыкулам 20 названага вышэй закона. У поўнай сям’і дзяржаўныя дапамогі прызначаюцца па месцы работы (службы), вучобы, праходжання падрыхтоўкі ў клінічнай ардынатуры маці (мачахі) дзіцяці. У выпадку, калі маці (мачаха) у поўнай сям’і не працуе (не служыць), не вучыцца, не праходзіць падрыхтоўку ў клінічнай ардынатуры, дзяржаўныя дапамогі назначаюцца па месцы работы (службы), вучобы, праходжання падрыхтоўкі ў клінічнай ардынатуры бацькі (айчыма) дзіцяці. Асобам, якія працуюць па сумяшчальніцтве, дзяржаўныя дапамогі назначаюцца па асноўным месцы работы. Асобам, якія плацяць абавязковыя страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва самастойна ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, выконваючым работы па грамадзянска-прававых дагаворах, прадметам якіх з’яўляюцца аказанне паслуг, выкананне работ і стварэнне аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці, свяшчэннаслужыцелям і асобам, якія працуюць у рэлігійных арганізацыях, зарэгістраваным у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў якасці беспрацоўных альбо праходзячым прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі і навучальныя курсы па накіраванні гэтых органаў, асобам, якія працуюць у камерцыйных арганізацыях з сярэдняй колькасцю работнікаў за каляндарны год да 15 чалавек уключна, у індывідуальных прадпрымальнікаў, прыватных натырыусаў, адвакатаў, непрацуючым асобам дапамогі назначаюцца ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства (месцы прабывання). Пры гэтым, калі ў поўнай сям’і бацькі дзіцяці адносяцца да катэгорыі пералічаных асоб, дзяржаўныя дапамогі на дзяцей назначаюцца маці (мачасе) у адпаведнасці з рэгістрацыяй па яе месцы жыхарства (месцы прабывання).

Запісала

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.