Дзе вы, творчыя, ініцыятыўныя?

138

Дзе вы, творчыя, ініцыятыўныя?ЗА апошнія гады ў нашай краіне створаны вялікія магчымасці для развіцця прадпрыемніцкай ініцыятывы. Гэта заключаецца не толькі ў тым, што перад творчым людам адкрываецца мноства рэальных шляхоў па рэалізацыі сваіх здольнасцей. У шэрагу выпадкаў дзяржава нават аказвае істотную фінансавую падтрымку для ажыццяўлення запатрабаваных у грамадстве праектаў. Тым не менш, пра высокую актыўнасць насельніцтва ў адзначаным накірунку пакуль гаварыць не даводзіцца. Чаму? На такую тэму і гутарым са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Ільёй Шацько:

— Ілья Іванавіч, нядаўна ў азёрным краі адбылася выстава-таржок народных рамёстваў і промыслаў “Камарова — кола дзён”. Як вы лічыце, наколькі дастойна там, маюцца на ўвазе гандлёвыя рады з творамі народных майстроў, была прадстаўлена Мядзельшчына?

— На традыцыйны чэрвеньскі кірмаш у Камарова сёлета патрапіў упершыню. Ідэя наконт яго штогадовага правядзення добрая. Гэта мерапрыемства для раёна патрэбнае, бо садзейнічае адраджэнню народных традыцый, падтрымлівае рамеснікаў. Іншая справа, што розных вырабаў там павінна быць значна больш. Пакуль жа геаграфія прадстаўніцтва не з шырокіх — Крывічы, Нарач, Сваткі, Дзягілі, Лотва, Старлыгі… Вы толькі ўявіце, адных адпачываючых на нашым курорце за год бывае больш за сто тысяч чалавек. Сярод іх нямала замежнікаў. І практычна кожны жадае набыць адметны сувенір, а то і некалькі. Пажадана, каб яны яскрава нагадвалі пра Нарач, цудоўныя і непаўторныя краявіды Мядзельшчыны. А попыт будзе! Няхай кожны з гасцей пакіне тут за сувеніры хаця б па пяцьдзесят тысяч рублёў, і бязбеднае жыццё для добрай сотні народных майстроў забяспечана! На жаль, іх у нас, як кажуць, можна пералічыць па пальцах. Таму ў гэтай справе вялікае і перспектыўнае поле дзейнасці. Канечне, трэба і прадпрымальнасць праявіць, і фантазію. А падтрымаць ініцыятыўных людзей мы заўжды гатовы.

— Нядаўна абласны выканаўчы камітэт аб’явіў пра паўторнае правядзенне конкурсу на лепшыя прадпрыемніцкія праекты. Значыць, не зважаючы на тое, што пад іх рэальна атрымаць фінансаванне з інвестыцыйнага фонду аблвыканкама, жадаючых паўдзельнічаць у гэтым конкурсе не так і шмат. Чым, на вашу думку, тлумачыцца такая пасіўнасць?

— Сапраўды, дзяржава выдзяляе вялікія грошы на развіццё сярэдняга і малога бізнэсу. І сёння чалавек, які задумаў цікавы праект, можа не толькі рэалізаваць сябе, але і прынесці карысць грамадству. Чым заняцца? Прапаноў розных мноства. Зараз шмат інфармацыі на сайтах абласнога альбо раённага выканаўчага камітэта. Ёсць дзе прыкласці рукі ў сферы паслуг, гандлі. Сур’ёзная падтрымка прадугледжана і для беспрацоўных. Яны могуць звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і атрымаць для адкрыцця сваёй справы стартавы капітал — незваротную пазыку, якая складае сёння каля 14 мільёнаў рублёў. На мой погляд, суб’ектам гаспадарання, людзям у прыватным парадку трэба больш актыўна займацца прадпрыемніцтвам, не палохацца зарабляць грошы. Вось у курортным пасёлку нядаўна па ініцыятыве генеральнага дырэктара жыллёва-камунальнай гаспадаркі Уладзіміра Валасевіча адкрылася летняе кафэ “Купа”. Стравы ў меню — на любы густ. Можна нават заказаць шашлык з вугра. Паслугі кафэ карыстаюцца попытам, людзі туды ідуць, у касу прадпрыемства паступаюць дадатковыя фінансавыя сродкі. Канечне, такую ініцыятыву можна толькі вітаць. Недаравальна “драмаць” у летні сезон і ўсім астатнім.

— Сёння відавочна, што эканамічная актыўнасць насельніцтва знаходзіцца не на высокім узроўні. Якія захады і каму, па вашым меркаванні, неабходна прадпрыняць, каб ён павысіўся з мэтай забеспячэння ў перспектыве ўстойлівага развіцця нашага азёрнага рэгіёну?

— Сапраўды, гэта так. Насельніцтва слаба выкарыстоўвае прадастаўленую магчымасць для папаўнення сямейнага бюджэту. Збольшага пакуль усё зводзіцца да рэалізацыі пладова-агародніннай прадукцыі і дароў лесу. Некаторыя індывідуальныя прадпрымальнікі зрабілі стаўку на гандаль адзеннем і таварамі, як правіла, кітайскай вытворчасці. А вось у сферы аказання паслуг адпачываючым, жыхарам раёна — прабел. У нас працуюць прадпрымальнікі з Мінска, Маладзечна. Забаўляюць дзяцей на батуце, надзіманым атракцыёне. І, як аказваецца, стартавы капітал для гэтага патрабуецца невялікі. Людзі прыязджаюць здаля, здымаюць кватэру, наймаюць вартаўніка і ўсё роўна застаюцца не ў страце. Значыць, выгадна! Альбо чаму б не ўзяць ды адкрыць на людным месцы ў летні сезон гандлёвую кропку па продажы марожанага, напіткаў, міні-кафэ, піцэрыю… Глядзіш, за тры месяцы чалавек і паправіць сваё фінансавае становішча. Яму добра, і госці, мясцовыя людзі задаволены. Адзначу, што райвыканкам зацікаўлены, каб жыхары раёна больш актыўна займаліся прадпрыемніцтвам. Лічу, пасадзейнічае гэтаму і рэгулярнае правядзенне ў курортным пасёлку кірмашоў па выхадных.

Там не толькі выступаюць удзельнікі мастацкай самадзейнасці азёрнага краю, але і працуюць гандлёвыя рады з вырабамі адметных майстроў, што паспрыяе больш масаваму адраджэнню народных промыслаў.

— Адна з галоўных задач раённай улады на сучасным этапе — выкананне Дзяржаўнай праграмы развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёну на 2011 — 2015 гады. Наколькі вас задавальняе ход яе ажыццяўлення?

— Сапраўды, гэта задача і актуальная, і вызначальная для Мядзельшчыны, бо адкрывае перад ёй новыя гарызонты комплекснага развіцця. Таму ход рэалізацыі дзяржпраграмы знаходзіцца на пастаянным кантролі ў райвыканкаме. Агульны стан спраў разгледзелі на пасяджэнні райвыканкама па выніках работы за першы квартал, на чарзе — за першае паўгоддзе. Адзначу, што ўсё прадугледжанае праграмай, будзе рэалізавана ў поўным аб’ёме. Хаця на асобных аб’ектах і відавочна неразваротлівасць выканаўцаў, некаторых інвестараў, да якіх прымаем меры ўздзеяння. Стаўку робім на развіццё курортнага пасёлка, рай¬цэнтра, пасажырскіх перавозак, фірменнага гандлю, каб чалавек мог набыць якасныя тавары па памяркоўных цэнах. Што датычыцца аўтобуснага руху, то ў першую чаргу ён павінен быць бесперабойным паміж Мядзелам і курортам. У райцэнтры працуе цудоўны фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, дзейнічае багаты на экспанаты музей Народнай славы, вось-вось будзе здадзены ў эксплуатацыю сучасны гатэль са SPA-цэнтрам, а ў здраўніцах ёсць дыхтоўныя басейны, шматлікія лячэбныя кабінеты, у якіх адпускаюцца розныя адмысловыя працэдуры. І ўсё гэта павінна працаваць з поўнай загрузкай, прыносіць людзям максімальную карысць.

— За першыя два гады выканання праграмы асвоена больш за 348 мільярдаў рублёў. Скажыце, а якія новыя і патрэбныя жыхарам Мядзельшчыны і адпачываючым значныя аб’екты з’явяцца ў нас да 2015 года?

— Мяркую, што пры ажыццяўленні дзяржпраграмы важна не столькі асвоіць прадугледжаныя ў ёй сродкі, колькі выканаць усё запланаванае. Цяпер пра значныя аб’екты. Санаторый “Спадарожнік” завяршае будаўніцтва другога спальнага корпуса са SPA-цэнтрам, кінаканцэртнай залай і рэстаранам. Шматпрофільны этнакультурны турыстычны агракомплекс ствараецца ў вёсцы Наносы. У курортным пасёлку пачалі будаўніцтва станцыі абезжалезвання вады… Дарэчы, праблема якаснай пітной вады, можна сказаць, актуальная для ўсяго нашага раёна. За адзін дзень яе не вырашыш. Для пачатку райвыканкам паставіў перад адказнымі кадрамі задачу: да 1 верасня гэтага года ў тых школах і дзіцячых садках, дзе ўтрыманне жалеза ў вадзе перавышае нарматыў, устанавіць міні-станцыі па яе ачыстцы. І яна будзе выканана.

— Ілья Іванавіч, калі ў ініцыятыўнага чалавека, які на справе клапоціцца пра росквіт роднага краю, узнікла жаданне заняцца добрай і патрэбнай людзям прадпрыемніцкай справай, куды яму лепш за ўсё звяртацца за кансультацыяй, дапамогай?

— Раю завітваць у райвыканкам. Можна ў аддзел эканомікі ці да мяне. Тым больш, што рэгулярна праводжу з насельніцтвам “прамыя лініі”, прыём наведвальнікаў. Магу запэўніць, што ніводная дзелавая прапанова не застанецца без увагі і падтрымкі мясцовай улады. Сумеснымі намаганнямі і будзем развіваць наш унікальны азёрны край, адзіны ў краіне курорт, які сёння і на міжнароднай арэне ўжо з’яўляецца прывабным брэндам роднай Беларусі.

Гутарыў Павел ЖУКАЎ.