Дзяржынскі школьнік аб «Поездзе Памяці»: хачу ўбачыць помнікі ў гарадах, якія абараняліся ў гады вайны

16

Хачу сваімі вачамі ўбачыць розныя помнікі ў гарадах, якія абараняліся ў час Вялікай Айчыннай вайны, расказаў карэспандэнту БЕЛТА вучань гімназіі Дзяржынска Іван Ліпскі, які прыме ўдзел у беларуска-расійскім праекце «Поезд Памяці».

Заслуг у юнака шмат. Іван Ліпскі стаў дыпламантам раённага фестывалю афганскай песні, дыпламантам ІІІ ступені абласнога агляду-конкурсу патрыятычнай песні «Акорды мужнасці», дыпламантам раённай краязнаўчай алімпіяды. Акрамя таго, з’яўляецца сакратаром пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ», членам гістарычнага клуба «Кліа», а таксама членам вучнёўскага самакіравання (магістр класа).

«У свабодны час займаюся спортам, удзельнічаю ў патрыятычных мерапрыемствах. Хаджу ў гарадскі Дом культуры, выступаю ў вакальна-эстраднай студыі «Красавік», спяваю песні. Нядаўна ўдзельнічалі ў ваенна-патрыятычнай гульні «Арляня», наша каманда заняла другое месца ў вобласці, прадстаўляючы раён, — расказаў ён. — Мне цікава ўдзельнічаць ва ўсялякіх конкурсах, культурных падзеях, менавіта таму я прыкладаю да гэтага так шмат намаганняў».

Іван Ліпскі вучыцца ў класе фізіка-матэматычнага напрамку, аднак паступаць збіраецца ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. У будучым лічыць важным для сябе добра зарабляць.

«Паўгода таму мне выпаў гонар паўдзельнічацьу праекце «Поезд Памяці». Рады, што ёсць такая магчымасць. Здагадак, як усё пройдзе, няма. Пункты, якія наведаем, ведаю, але што нас чакае — пакуль што загадка, — расказаў Іван Ліпскі. — Хацелася б сваімі вачамі ўбачыць Маскоўскі Крэмль, Брэсцкую крэпасць, розныя помнікі ў гарадах, якія абараняліся ў час Вялікай Айчыннай вайны».

Паводле слоў намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Святланы Паўлоўскай, Ваня са шматдзетнай сям’і. «Маці — педагог, у сям’і трое дзяцей. Сям’я вельмі актыўная і творчая, таму зразумела, што малады чалавек пайшоў па слядах сваіх бацькоў. Ён з’яўляецца пераможцам конкурсу патрыятычнай песні з кампазіцыяй аб Афганістане, спартыўных спаборніцтваў, дыпламантам краязнаўчай алімпіяды. Ён вельмі актыўны ў нашым грамадскім жыцці, удзельнічае ва ўсіх падзеях», — канстатавала яна.

Праект «Поезд памяці» ініцыяваны кіраўнікамі верхніх палат парламентаў Беларусі і Расіі — старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталляй Качанавай і старшынёй Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянцінай Мацвіенка. Удзельнікамі патрыятычнага праекта стануць 200 беларускіх і расійскіх школьнікаў (па 100 ад кожнай краіны), якія змогуць наведаць 14 гарадоў дзвюх краін. 22 чэрвеня «Поезд Памяці» адправіцца ў шлях з Брэста і фінішуе 3 ліпеня ў Мінску. Праект прысвечаны Году гістарычнай памяці і стане часткай ІХ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.