МОЙ суразмоўца — малады афіцэр, які ўжо дасягнуў пэўнага кар’ернага росту. Праўда, стаў кадравым ваенным не адразу. Паспрабаваў сябе ў цывільным жыцці. Сёння Дзяніс Корабаў, а размова ідзе менавіта пра яго, задаволены, што звязаў лёс з Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь.
… У штат ваеннага камісарыята раёна прыйшоў Дзяніс у студзені 2020 года. Пачынаў у якасці грамадзянскага персаналу. Дзесьці праз пяць месяцаў быў залічаны ў распараджэнне Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь і стаў несці службу на афіцэрскай пасадзе — начальнікам групы тэрытарыяльнай абароны. А з 11 лютага бягучага года прызначаны намеснікам ваеннага камісара-начальнікам мабілізацыйнай групы ваеннага камісарыята раёна.
— Да прыходу ў ваенны камісарыят нават і не думаў, што так шмат трэба працаваць з дакументацыяй, — расказвае старшы лейтэнант Корабаў. — А ўвогуле служба тут і ў дзеючых войсках значна адрозніваецца. У нас няма ў падпарадкаванні салдат. Толькі невялікі штат афіцэраў і грамадзянскага персаналу, але задачы вырашаем значныя. Калі ўзначальваў групу тэрытарыяльнай абароны, займаўся падрыхтоўкай ваеннаабавязаных, прызначаных у тэрытарыяльныя войскі раёна. Гэта значыць, непасрэдна тых афіцэраў, сяржантаў і салдат, якія ў выпадку неабходнасці са зброяй у руках будуць абараняць ад ворагаў Радзіму.
— Няцяжка было спраўляцца са службовымі абавязкамі?
— На першым часе было складана. Але стараўся ва ўсё паглыбіцца. Калі чаго не ведаў, звяртаўся па дапамогу да супрацоўнікаў ваеннага камісарыята раёна, да больш вопытных калег з іншых рэгіёнаў. Усюды знаходзіў падтрымку, разуменне, за што вельмі ўдзячны.
— Што раскажаце пра калектыў?
— Калектыў ваеннага камісарыята невялікі, дружны. І афіцэры, хоць нас няшмат, і грамадзянскі персанал добрасумленна выконваюць пастаўленыя задачы і тым самым уносяць важкі ўклад ва ўмацаванне абараназдольнасці краіны. Усе гатовы падтрымаць адзін аднаго, дапамагчы. У нас поўная ўзаемавыручка, што вельмі дапамагае ў службовай дзейнасці. Акрамя таго, імкнёмся быць пастаянна ў форме. Для гэтага загартоўваемся, займаемся спортам. Адстойваем гонар установы на розных спаборніцтвах. У тым ліку па футболе, валейболе, плаванні, лыжных гонках. І даволі паспяхова. А ўсё таму, што разам мы — сіла!
— Сёння — свята. Што хочаце сказаць калегам з гэтай нагоды?
— Хачу павіншаваць з гэтай адметнай датай ветэранаў вайны, Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, воінаў-інтэрнацыяналістаў, калег-афіцэраў, грамадзянскі персанал Узброеных Сіл, а таксама ўсіх, хто раней служыў і хто зараз выконвае пачэсны воінскі абавязак па абароне свяшчэнных рубяжоў нашай Айчыны. Калі раней армія лічылася ў асноўным мужчынскай справай, то ў сучасным войску шмат прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва, якія годна выконваюць пастаўленыя задачы. Таму хачу павіншаваць усіх, хто мае дачыненне да ваеннай службы. Пажадаць здароўя, дабрабыту, поспехаў і ўдачы ў справах і пачынаннях, а таксама мірнага неба над галавой. У наш такі супярэчлівы, неспакойны час вельмі важна жыць у дружбе, згодзе і спакоі. Каб не дапусціць кровапраліццяў, варожасці, захаваць стабільнасць, незалежнасць і суверэнітэт сваёй любімай краіны. Мір з яўляецца агульным здабыткам, і яго неабходна берагчы і абараняць! Упэўнены, што гэта задача нашым Узброеным Сілам па плячы.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
«Год, праведзены ў войску, успамінаю з удзячнасцю. Армейскія будні шмат даюць юнакам. І асабліва ў плане мэтанакіраванасці, вынослівасці, адказнасці за сябе і за тых, хто побач. А яшчэ — дысцыплінуюць, вучаць самастойнасці, уменню прымаць рашэнні. На сабе адчуў, як армія загартоўвае». Дзяніс Корабаў
Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 23.02