“Дзякуй за сына”

128

“Дзякуй за сына”ТАКІЯ словы ўбачылі на капоце машыны, упрыгожанай рознакаляровымі шарамі і банцікамі, каля радзільнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы, калі пад’ехалі туды. Як высветлілі пазней, на ёй шчаслівы тата мядзяльчанін Яўген Анатольевіч Яскавец прыехаў забіраць дадому каханую жонку Аксану Рыгораўну з маленькім сыночкам. Ад душы парадаваліся за сям’ю, у якой з нецярпеннем чакалі і дачакаліся нараджэння жаданага першынца.

А ўвогуле падчас Тыдня маці ў радзільным аддзяленні з’явілася на свет 5 немаўлятак — тры хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Сыночкаў нарадзілі Аксана Рыгораўна Яскавец з Мядзела, Таццяна Сяргееўна Грузд з Пузыроў, Наталля Анатольеўна Кажухоўская з к. п. Нарач, а дачушак — Аксана Анатольеўна Мядзюха з Пастаў і Ганна Іванаўна Кубацкая з райцэнтра. Для дзвюх матуль гэта былі першыя, для трох — другія роды.“Дзякуй за сына”— Як бачу, у вас нараджаюць немаўлятак не толькі мядзяльчанкі, але і іншагароднія жанчыны? — з такім пытаннем звярнулася да акушэркі Наталлі Генрыхаўны Апановіч.

— Так, — пачула ў адказ. — Работнікі нашага радзільнага аддзялення на чале з загадчыцай Наталляй Аляксандраўнай Сцепаненка рады дапамагчы ўсім мамам, якія чакаюць з’яўлення на свет немаўлятак. І зусім няважна: з Мядзельскага раёна яны ці з іншых месцаў. Гэта ўсё роўна нашы мамы. А прыцягвае сюды іншагародніх цяжарных жанчын тое, што ў нас створаны добрыя ўмовы для родаў, працуюць вопытныя ўрачы, медперсанал ажыццяўляе належны догляд за мамамі і малышамі.

Па традыцыі павіншаваць шчаслівых матуль з нараджэннем немаўлятак завіталі ў радзільнае аддзяленне прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённага савета грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”. Ад імя гасцей старшыня названага грамадскага аб’яднання Ганна Мікалаеўна Падгол звярнулася да жанчын, якія, хто першы, а хто і другі раз, сталі мамамі. Шчыра прывітала ўсіх, пажадала ўдачы, сямейнага дабрабыту, поспехаў, каб малышы раслі здаровымі і радавалі сваіх бацькоў. Атрымалі матулі і падарункі. Думаецца, што яны будуць неаднойчы нагадваць ім пра свята, напярэдадні якога яны сталі шчаслівымі.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымках: 1. Шчаслівыя матулі, якія нарадзілі падчас Тыдня маці немаўлятак; 2. Прыехаў забіраць сыночка Багдана і жонку з радзільнага аддзялення бальніцы Я. А. Яскавец.

Фота Георгія Прысмакова.