Дзяўчынку вярнулі ў бацькоўскую сям’ю

450

“УСЕ шчаслівыя сем’і падобныя адна да адной, кожная нешчаслівая няшчасная па-свойму”, — такімі словамі пачаў раман “Ганна Карэніна” Леў Талстой.

З класікам не паспрачаешся. А вось у рэаліях нашага часу дапоўніць можна: вельмі часта першапрычынай сямейнага недабрабыту бывае алкаголь. Пачынаецца часам са, здавалася б, бяскрыўднага келіха віна ці куфля піва, а заканчваецца іншы раз тым, што клопат пра дзяцей у такой сям’і бярэ на сябе дзяржава.

У пачатку сакавіка пры­зналі маючай патрэбу ў дзяржаўнай абароне і забралі ў бацькоў дзяўчынку-дашкольніцу. Яшчэ мінулым летам было прызнана, што дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Больш за паўгода з сям’ёй працавалі зацікаўленыя службы. Штомесяц наведвалі, аказвалі разнапланавую дапамогу. Бачылі, што ўсё нармальна ў плане супрацьпажарнай бяспекі, у хаце парадак. Быў некаторы запас прадуктаў і прыгатаваная ежа. Для дзяўчынкі абсталяваны асобны пакой з месцам для сну, меліся адзенне і абутак у адпаведнасці з сезонам.

Але ж і бацька, і маці па-ранейшаму выпівалі. Таму, здаралася, у хаце было холадна і брудна. Галава сям’і да таго ж не працаваў, што негатыўна адбівалася на матэрыяльным становішчы. І яшчэ цікавая акалічнасць: дарослыя людзі мелі за што піць, а вось за паслугі разлічвацца не спяшаліся. Праўда, запазычанасці не дужа вялікія: Энергазбыту за 300 кілават-гадзін спажытай электраэнергіі, жыллёва-камунальнай гаспадарцы крыху больш за 24 рублі і за харчаванне дачушкі ў дзіцячым садку амаль 54.

У гэтай гісторыі добры фінал. Перад пагрозай развітацца з малой назаўсёды бацькі знайшлі ў сабе сілы змяніць сітуацыю. Абое закадзіраваліся, галава сям’і працаўладкаваўся. Таму ўжо ў сярэдзіне мая рашэннем камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама дзяўчынка вернута ў бацькоўскую сям’ю.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

 

Фота ілюстрацыйнае, pixabay.com