Дзе на Мядзельшчыне забаронена купацца?

437

НАБЛІЖАЕЦЦА купальны сезон. Каб прайшоў ён бяспечна, патрэбна выконваць
элементарныя правілы паводзін на вадзе. Расказвае старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Андрэй КУПРЭВІЧ:

— Рашэннем раённага выканаўчага камітэта № 1365 ад 29 снежня 2017 года ў адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 29 Воднага кодэкса Рэспублікі Беларусь, пунктам 4 Правіл аховы жыцця людзей на водах Рэспублікі Беларусь, зацверджаных адпаведнай пастановай Савета Міністраў, вызначаны пералік месцаў, дзе забаронена купанне грамадзян. Такімі месцамі на Мядзельшчыне з’яўляюцца:
ставы;
каналы;
возера Жуцінскае паблізу в. Нагаўкі Слабадскога сельсавета;
возера Глухое паблізу г. п. Свір;
рака Тушчанка на тэрыторыі раёна;
рака Малінаўка на тэрыторыі раёна;
рака Нарачанка на тэрыторыі раёна;
рака Вялікі Перакоп на тэрыторыі раёна.

У такіх месцах сельскія выканаўчыя камітэты павінны ўстанавіць інфармацыйныя таблічкі з надпісам: “Купанне забаронена!”.

Вядома, клапаціцца пра выкананне правіл бяспекі на вадзе павінны адпаведныя службы. Аднак і самім грамадзянам неабходна праяўляць асцярожнасць пры наведванні вадаёмаў. Варта ведаць, што за купанне ў забароненых месцах артыкулам 24.42 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь прадугледжаны штраф — ад адной да трох базавых велічынь.
Паважаныя грамадзяне! Не лезьце ў ваду ў забароненых для купання месцах самі і не дазваляйце гэтага рабіць дзецям. Не ігнаруйце элементарныя правілы бяспекі. Памятайце вядомую ісціну: беражонага і Бог беражэ!

Запісала Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.