Магазін у Парубках быццам бы ёсць, і ў той жа час сэнсу ад яго няма. Не выконвае ён сваёй асноўнай функцыі — забяспечваць прадуктамі жыхароў населенага пункта. Разабрацца ў сітуацыі вырашылі на месцы.

З дарогі будынак мясцовага магазіна выглядае годна: сцены пафарбаваныя, у вокнах шклопакеты, тэрыторыя абкошана, вывеска акуратная. А вось унутр зайсці не давялося: на дзвярах на прыклееным аркушы надпіс “Магазин закрыт по техническим причинам”. Колькі часу ён будзе закрыты невядома, як і калі зачыніўся. Але мясцовыя жыхары пэўнай інфармацыяй валодаюць. “З сённяшняга дня магазін не працуе (з пятніцы 23 ліпеня. — Аўт.), а перад гэтым раніцай тавар адсюль вывозілі”, — патлумачыў падыйшоўшы мужчына.

У альтанцы сустракаю каля дзясятка мясцовых жыхароў пенсіённага ўзросту, якія хочуць падзяліцца набалелым.

Дзе ў Парубках купіць хлеба?
Жыхары Парубкаў спадзяюцца, што прадукты будуць купляць на месцы, а не думаць, як трапіць у Крывічы

— Прыватная крама ў нас працуе некалькі год, — уводзяць у курс справы жанчыны. — Спачатку ўсяго там хапала: і цукар быў, і запалкі, і малако… А вось апошнім часам паліцы зусім пустыя.

— Мая жонка там прадаўцом працуе, — расказвае адзіны з групкі мужчына. — Дык уявіце, як гэта адстоіць у пустым магазіне цэлы дзень! У Крывічах у магазінах усяго хапае, а ў нас нічога няма.

Магазін працаваў спраўна з 10 да 19 гадзін без перапынку на абед. Дзве жанчыны мянялі адна другую. Тое-сёе купіць можна было.

Спачатку пачалі абурацца дачнікі, якія не прывыклі да пустых паліц у магазінах. А ў мясцовых жыхароў цярпенне лопнула, калі не прыехала маладзечанская аўтакрама.

— Стала вядома, што ў гаспадароў аўтакрамы нешта здарылася, яны не будуць больш да нас прыязджаць. І як мне цяпер у маім узросце ў Крывічы за хлебам дабірацца? — задае рэзоннае пытанне 79-гадовая Юзэфа Роўда.

З ёй поўнасцю згодна і Тамара Мелец, якая прыйшла на сустрэчу з кіёчкам.

— Лепш за ўсё свой магазін, пайшоў і купіў, што трэба і калі трэба. Бо аўтакраму чакаць даводзіцца, а надвор’е рознае бывае. Нязручна ўсё ж, — зазначыла Часлава Леановіч.

Людзі просяць дапамагчы вырашыць праблему: ці паўплываць нейкім чынам на ўласніка магазіна, ці пусціць да іх аўтакраму.