Дзе на Мядзельшчыне купацца забаронена

422

КУПАЛЬНЫ сезон працягваецца. Людзі па-ранейшаму праводзяць вольны час на берагах рэк, азёр. Адпачываюць сем’ямі, з дзецьмі. Найбольш шматлюдна выхаднымі днямі. На жаль, маюць месца па краіне і няшчасныя выпадкі. Якая работа праводзіцца Беларускім таварыствам выратавання на водах, каб фактаў гібелі людзей на вадаёмах было менш?

Пра гэта гутарым са старшынёй раённай арганізацыі названага таварыства Андрэем КУПРЭВІЧАМ.

— Разам з работнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, дзяржаўнай інспекцыяй маламерных суднаў пастаянна праводзім рэйды. Падчас іх наведваем месцы масавага адпачынку лю­дзей ля вады. Не забываем і пра тыя з іх, дзе купанне забаронена. Увогуле па стане на 8 жніўня бягучага года арганізавана звыш 460 рэйдавых мерапрыемстваў. Праведзены інструктаж з тлумачэннем правіл паводзін на вадзе з ахопам звыш 870 чалавек, сярод якіх 149 дзяцей. Распаўсюджана больш за 860 адзінак тэматычнай наглядна-выяўленчай прадукцыі. Актыўна выкарыстоўваем для прафілактыкі бедстваў на вадаёмах інфармацыйныя магчымасці газеты “Нарачанская зара” і сайта раённага перыядычнага выдання. Акрамя таго, дэманстраваліся відэаролікі на тэму бяспекі на вадзе на святлодыёдных экранах, плазменных маніторах, ЖК-тэле­візарах. На 11 пляжах абноўлена прафілактычная інфармацыя.

— Наколькі ведаю, з вясны ішла размова аб стварэнні сезоннага выратавальнага паста на возеры Белае, дзе улетку шмат адпачывальнікаў?

— Па стане на 1 жніўня бягучага года ў поўным аб’ёме выканана рашэнне Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ад 5 красавіка 2022 года аб стварэнні на возеры Белае сезоннага выратавальнага паста. Набраны штат супрацоўнікаў, якія там штодзённа нясуць службу.

— Водныя аб’екты ўвогуле ўяўляюць небяспеку. Тым больш тыя, дзе нельга плаваць. Нагадайце, калі ласка, дзе забаронена купацца.

— Такімі месцамі на Мя­дзельшчыне з’яўляюцца ставы, каналы, возера Жуцінскае паблізу в. Нагаўкі Слабадскога сельсавета, возера Глухое паблізу г. п. Свір, рэкі Тушчанка, Малінаўка, Нарачанка, Вялікі Перакоп на тэрыторыі раёна.

— Магчыма, што сёлета пасля гібелі мужчыны на Сэрвачы да іх дабавіцца і гэта рака?

— Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама палкоўнік міліцыі Андрэй Мініч выступіў з хадайніцтвам аб прызнанні акваторыі Сэрвачы паблізу вёскі Палессе Будслаўскага сельсавета пасля ўтаплення там чалавека месцам, забароненым для купання. Раённая арганізацыя таварыства выратавання на водах падтрымала гэту прапанову. Дадзены ўчастак ракі на самай справе небяспечны. Там скрыты донны рэльеф, які складаецца з адкладанняў і шматгадовых траў. Акрамя таго, па берагавой лініі маецца рэзкі перапад глыбіні, і купанне там можа прывесці да няшчаснага выпадку, а часам і да ўтаплення, што і здарылася на пачатку ліпеня.

— Ці ўстаноўлены адпаведныя таблічкі ў месцах, дзе рашэннем райвыканкама купанне забаронена?

— Такіх месцаў у нас у раёне 32. Усюды ўстаноўлены знакі, якія забараняюць купацца. А ля ракі Сэрвач паблізу вёскі Палессе пастаўлена інфармацыйная таблічка са словамі: “Тут утапіўся чалавек. Купанне забаронена!”

— Што ж рабіць, каб купанне не прывяло да трагедыі?

— Купацца толькі ў спецыяльна абсталяваных месцах. Там арганізавана работа выратавальных пастоў. І калі ўзнікне неабходнасць — тэрмінова будзе аказана неабходная дапамога.

Гутарыла Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.