Душэўнасць яго і спагада

165

p9130051Цёплым вераснёўскім  днём завітаў на сядзібу Максіма Танка. Адзі­най вартаўніцай яго  бацькоўскай  калыскі засталася 80-гадовая Марыя Скурко — жонка брата Фёдара, які летась і сам пайшоў на вечны спачын. Наўкола ці­ха, ні табе ветру, ні хмаркі. У задуменні стаяць непадалёку ду­бы-волаты, пасаджаныя руп­лівай гаспадар­скай рукой яшчэ пазатым часам. Ім быццам сорамна, што перажылі Паэта. Ды кожнаму ў гэтым свеце адмераны свой век…

Асцярожна па­грукалі ў дзверы. Марыя Янаўна з ветлівай усмешкай на твары няспешна вый­шла на ганак, абапіраючыся на звы­чайны драўляны кіёк. Следам паказаўся з дзвярэй муж­чына сталых га­доў. Гэта быў сын Іван, які, напэўна, прымеркаваў свой прыезд да юбілею знакамітага дзядзькі. Сустрэў таксама прыязна і, прысеўшы ўбаку, ўважліва слухаў, што расказвае маці. Не папраўляў, не пярэчыў. Яна ж больш ведае пра Яўгена Іванавіча. А калі і зблытае трохі што, даравальна. Не падробіш толькі пачуцці, эмоцыі.

Мы сядзім у двары на прыстасаванай лаўцы, і бабуля распавядае.

— Больш сарака год я ведала Жэ­ню. Менавіта так мы яго ўсе тут і на­зывалі. Які ж ён добры чалавек быў, душэўны, спагадлівы. Ніколі нікому не адмовіў у просьбе. А выпадкі здараліся ўсялякія. Неяк суседскі хлопец (а было гэта шмат год таму), калі служыў у войску, патрапіў там  па недарэчнасці  ў вялікую бяду. Кінуліся родныя за дапамогай да Яўгена Іванавіча, ён жа ў сталіцы меў вагу! І Жэня  наш  парупіўся, звярнуўся куды трэба… Той чалавек  быў потым на яго  пахаванні, рукі, ногі цалаваў, дзякаваў такім чынам. Звярталася да Яўгена Іванавіча з рознымі пытаннямі шмат людзей. І мясцовае «начальства» таксама. Памятаю, як былы старшыня тамтэйшай  гаспадаркі паскардзіўся мне, што няма на чым малако вазіць. Паехалі да Жэні ў Мінск — і пытанне было вырашана, з’явіўся неўзабаве ў калгасе ўласны малакавоз.

— А часта наведваўся ў родныя мясціны? — пытаюся далей у Марыі Янаўны.

— А як жа. Вельмі любіў Жэня сюды прыязджаць. Аднойчы з парога і кажа: «Дай мне хуценька чаго-небудзь перакусіць! Перад дарогай  спецыяльна  не сілкаваўся, хачу вясковай ежы!». Я перапалохалася, тлумачу, што ў мяне, маўляў, толькі боршч. А ён: «Вось і ўлі мне!». А яш­чэ малако вельмі любіў, нават загадзя тэлефанаваў перад прыездам, напамінаў, каб прыгатавалі слоік. Усё мог ра­біць з вясковай справы, у грыбы-ягады заўсёды хадзіў. Падабалася на вялікім камені пасядзець, вунь бачыце, на ўзмежку. Уладкуецца там і газеты перачытвае, што з гораду прывёз. Цяпер на гэ­ты камень так зручна не сядзеш — перакуліў трактар плоскім бокам да долу, калі раўняў дарогу.

Доўга цягнулася гутарка, але развітвацца не хацелася. Ды і Марыя Янаўна, уцягнуўшыся ў размову, прыгадвала ўсё новыя эпізоды. Сёе-тое  дабаўляў, не вытрымаўшы ўсё ж такі, Іван Фёдаравіч. І мне падумалася: вунь колькі часу мы ўзгадваем Максіма Танка  перш-наперш як чалавека — з адкрытай, шчырай душой. Які б і на паперы стварыў, магчыма, больш, каб не шматлікія бу­дзённыя клопаты, жаданне дапамагчы ўсім, хто ў гэтым меў пільную патрэбу. Але ці стаў бы ён у іншым выпадку паэтам такой велічыні?!

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымку: М. Я. Скурко на сядзі­бе Паэта.

Фота Таццяны Несцярэнкі.