Дружна, з энтузіязмам працавалі людзі на раённым суботніку

126

Дружна, з энтузіязмам працавалі людзі на раённым суботнікуУ АДПАВЕДНАСЦІ з рашэннем раённага выканаўчага камітэта за № 892 ад 12 жніўня бягучага года «Аб правядзенні раённага суботніка» было рэкамендавана арганізацыям, прадпрыемствам і ўстановам Мядзельшчыны правесці на добраахвотнай аснове 16 жніўня раённы суботнік. Для падрыхтоўкі і арганізацыі правядзення яго была створана рабочая група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў А. А. Бароўкам. Многія ў гэты дзень працавалі на сваіх рабочых месцах: выпускалі прадукцыю, будавалі дамы, узводзілі іншыя аб’екты сацыяльнага і вытворчага прызначэння. Меліяратары завіхаліся на меліярацыйных аб’ектах. Работнікі сельскагаспадарчых таварыстваў шчыравалі на хлебных палетках. Шмат людзей працавала на добраўпарадкаванні тэрыторый вытворчых аб’ектаў і населеных пунктаў. На дапамогу вяскоўцам у выкананні тых або іншых работ прыехалі гараджане. Усе працавалі дружна, з энтузіязмам. У гэтым мы пераканаліся, наведаўшы некаторыя гаспадаркі.

Кіпела работа ля фермы «Старына» ААТ «Слабодская зара». Тут знаходзіўся галоўны інжынер таварыства С. С. Грыцкевіч.

— Сяргей Станіслававіч, раскажыце, калі ласка, чым займаюцца людзі ў дзень раённага суботніка? — звяртаюся да інжынера.

— Прыбіраем тэрыторыю фермы, абкошваем пустазелле, устанаўліваем агароджу, — чую ў адказ.

Дружна, з энтузіязмам працавалі людзі на раённым суботніку— Хто прыехаў на дапамогу вяскоўцам?

— Работнікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі для дарослых «Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама», Мядзельскага ўчастка Энергазбыт рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Мінскэнерга», райветстанцыі. Усяго дзевяць чалавек. Людзі працуюць з адказнасцю, стараюцца. Мы ўдзячны ім за дапамогу, — расказвае Сяргей Станіслававіч.

Сапраўды, спрытна ўстанаўлівалі хлопцы агароджу. Адны капалі ямкі пад слупкі, другія падносілі гатовыя праслы, трэція мацавалі іх. Усё было арганізавана належным чынам.

Давялося паназіраць за работай памочнікаў з райцэнтра і на малочнатаварнай ферме «Габы» УП «Габы-Агра», дзе завіхаліся работнікі раённага вузла электрасувязі, аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама. Яны таксама ўстанаўлівалі агароджу.

— Тут нас нямнога, чатыры чалавекі, — расказвае галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Віктар Дзмітрыевіч Пчолкін. — Усе працуюць зладжана. Перад намі пастаўлена задача ўстанавіць агароджу ля фермы. Яе мы абавязкова выканаем.

А вось на ферме «Зані» ААТ «Зані» шчыравалі інжынерна-тэхнічныя работнікі Мядзельскага філіяла РБУ, вытворчага ўчастка г. Мядзел філіяла «Аўтамабільны парк №4» г. Маладзечна, іншых арганізацый.

— Бетануем падлогу ў памяшканні будучага кароўніка, — расказвае галоўны інжынер Мядзельскага філіяла РБУ Віктар Часлававіч Рашкевіч. — Добра працуюць нашы майстры Ігар Дзмітрыевіч Брэскі, Аляксандр Мікалаевіч Краўчонак, Казімір Іосіфавіч Адамовіч, механік Валерый Генадзьевіч Місуна. З філіяла аўтапарку бачу Івана Іванавіча Танану, Георгія Вячаслававіча Місуну і іншых. Працуюць тут таксама людзі з аддзела па кінавідэаабслугоўванні насельніцтва раёна ўнітарнага прадпрыемства «Мінскаблкінавідэапракат».

Усе дакладна ведалі, што заробленыя на суботніку і пералічаныя сродкі будуць накіраваны на фінансаванне мерапрыемстваў па ўстаноўцы ў Мядзеле помніка нашаму знакамітаму земляку Максіму Танку, добраўпарадкаванне прылягаючай да месца ўстаноўкі помніка тэрыторыі.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымках: 1. Устанаўліваюць новую агароджу ля фермы «Старына» В. І. Рачыцкі, К. І. Пода, А. С. Калошка, В. Д. Асаевіч; 2. Працуюць электрамеханік раённага вузла электрасувязі А. Б. Рагіня і галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама В. Д. Пчолкін.

Фота аўтара.