Дапамагалі пацярпеўшым і мядзяльчане

129

Як вядома, 26 красавіка 1986 года адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. У выніку яе значная частка тэрыторыі нашай рэспублікі стала забруджанай радыеактыўнымі элементамі. Тэхнагенная катастрофа паламала лёсы многіх людзей. Яны пакідалі абжытыя рэгіёны, дамы, маёмасць і ехалі шукаць новае месца жыхарства. Мядзельшчына таксама дала прыстанак многім. І сёння на тэрыторыі раёна пражывае 55 сем’яў перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны. Найбольш іх у Нарацкім сельсавеце. А ў вёсцы Стахоўцы Занарацкага сельсавета вырасла цэлая вуліца, пабудаваная дабрачыннай аргані­зацыяй «Дамы замест Чарнобыля» для людзей, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, і называецца яна Дружная. Ёсць такія сем’і ў нашым райцэнтры, Мя­дзельскім, Старагабскім, Сырмежскім і некаторых іншых сельсаветах. 20 жыхароў раёна з’яўляюцца ліквідатарамі вынікаў чарнобыльскай катастрофы.

Нарачанскі край стаў месцам аздараўлення жыхароў забруджаных тэрыторый. Аднымі з першых прымалі цэлымі класамі дзяцей з Гомельшчыны і Магілёўшчыны турысцка-экскурсійны комплекс «Нарач», Дом адпачынку «Нарач» (сённяшні санаторый «Нарачанскі бераг»), НДЦ «Зубраня» і  многія іншыя здраўніцы.

Асобныя жыхары раёна ўдзельнічалі ў будаўніцтве жылля  ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях для  эвакуіраваных з найбольш небяспечных месцаў. Па словах брыгадзіра муляраў тагачаснага «МПМК-214», а зараз муляра-брыгадзіра БВУ «Нарачпрафбуд» Віктара Часлававіча Тэраза, у жніўні 1986 года будаўнікі іх арганізацыі пачалі ўзводзіць 10 аднакватэрных домікаў у вёсцы Мар’янавічы, што на Гомельшчыне. А ў ліс­тападзе іх ужо здалі пад ключ. Узводзілі яны будынкі і ў Брагінскім раёне. На працягу 1989-1992 гадоў у Мсціслаўскім раёне (в. Андроны) іх намаганнямі былі пабудаваны 16 двухкватэрных, 4 чатырохкватэрныя, 8 аднакватэрных жылых дамоў. А ў вёсцы Касцюковічы яны пашчыравалі і на будаўніцтве новай школы.

— Працавалі ў асноўным вахтавым метадам, — апавядае мой суразмоўца. — Толькі з нашай арганізацыі каля 200 чалавек будавалі жыллё для перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны . Поплеч са мной шчыравалі муляры Віктар Нікалаеў, Аляксандр Талстаухаў, Аляксандр Тычынскі, Аляксандр Шкадун, цясляр Сяргей Грыгарцэвіч і многія іншыя. Ездзілі на Магілёўшчыну і будаўнікі з «МПМК-215». Працавалі ўсе дружна, стараліся, бо ведалі, як патрэбны людзям, якія пацярпелі ад аварыі, новыя дамы.

Дарэчы, сам Віктар Часлававіч Тэраз у 1987 годзе за будаўніцтва жылля ў вёсцы Мар’янавічы атрымаў ордэн Дружбы народаў.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.