Дамы, якія ўпрыгожаць Габы

276

resize-of-pb040100Летась у лістапа­дзе-снежні ў Старых Габах будаўнікамі ПМС, згодна з Прэзідэнцкай праграмай адраджэння вёскі, былі закладзены падмуркі 4-ох аднакватэрных дамоў.

— Да канца года па­спелі асвоіць 50 мільёнаў рублёў, — расказвае галоўны інжынер прадпрыемства меліярацыйных сістэм М. М. Чарняўскі. — Зараз работы працягваюцца. Матэрыялу для ўзвя­дзення сцен назапашана на ўсе дамы, так што затрымак тут не бу­дзе.

Здача аб’ектаў за­пла­­на­ва­на на чэрвень 2010-га. Думаю, з ёй меліяратары паспяхова справяцца.

Завіталі на аб’ект. Працуе там брыгада А. П. Карабейніка, а каардынуе ўсе работы прараб П. Л. Пекарчык. Хлопцы толь­кі паабедалі ў сваёй бытоўцы і гуртам накіраваліся да месца працы. За­трымалі іх для кароткай размовы. Будаўнікі патлумачылі, што многае залежыць ад надвор’я. Напрыклад, у моцны мароз кладку рабіць нельга. А зіма сёлета сапраўдная! Праўда, у той дзень слупок тэрмометра апусціў­ся ўсяго да адзнакі мі­нус дзесяць, і нішто не пера­шкаджала весці работы поўным ходам.

— У любым выпадку да сярэдзіны сакавіка павінны сцены выгнаць, — запэўніў П. Л. Пекарчык.

І, сапраўды, ёсць усе падставы меркаваць, што ў вызначаны тэрмін гэтыя дамы ўпрыгожаць аграгарадок. А галоўнае — стануць цудоўным падарункам для будучых навасёлаў.

Дарэчы, сіламі тых жа меліяратараў (прараб
Ф. Ф. Міхайлаў) у Старых Габах летась праведзены бягучы рамонт водаправода. Было заменена 730 метраў труб.

Аляксандр БЫКАЎ.