Далучайся да нас!

255

Далучайся да нас!НЯДАЎНА адбыўся 42-гі з’езд БРСМ. У яго рабоце ўдзельнічалі дэлегаты ад Мядзельскай раённай арганізацыі гэтага грамадскага аб’яднання: выконваючы абавязкі першага сакратара райкама Марына Апанасёнак і бухгалтар Таццяна Падгол. Уражаннямі дзеліцца Марына АПАНАСЁНАК:

— У першы дзень з’езду адбылася сустрэча дэлегацыі Міншчыны са старшынёй аблвыканкама Сямёнам Барысавічам Шапірам. Гэта быў дыялог. Спачатку прадэманстравалі фільм пра дзейнасць БРСМ, пра ўсё тое, што зроблена за гады. Потым дэлегаты задалі губернатару пытанні, важныя для нас — якія хацелі б вырашыць. Пасля было ўскладанне кветак і вянкоў да помніка на плошчы Перамогі. Потым — цікавая культурная праграма. За гэты дзень дэлегаты ад нашай вобласці пазнаёміліся і згуртаваліся.

У Палацы Рэспублікі праходзіў другі дзень з’езду — тут ужо былі актывісты БРСМ з усёй краіны. Засталіся самыя яркія ўражанні: раней ніколі не даводзілася быць у Палацы Рэспублікі, а тым больш на такім маштабным мерапрыемстве. Арыгінальным было афармленне: паўсюдна — дэкаратыўныя яблыні і самыя сапраўдныя яблыкі. На з’ездзе прадставілі новы маштабны праект — “Кветкі Вялікай Перамогі!”. Яго сімвалам стала чырвона-зялёная стужачка з кветкай яблыні.

У рабоце з’езду ўдзельнічала 918 дэлегатаў. У якасці запрошаных прысутнічалі члены ўрада, дэпутаты, кіраўнікі замежных маладзёжных арганізацый. Было выказана шмат цікавых ідэй. Аднак, безумоўна, самы хвалюючы момант — выступленне Прэзідэнта. Нават толькі яго прысутнасць на з’ездзе сведчыць, што Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка важнае значэнне надае праблемам моладзі і рабоце БРСМ. А з прамовы стала зразумела, што кіраўнік дзяржавы добра ведае сітуацыю ў маладзёжным асяроддзі, падтрымлівае нас і спадзяецца на нас.

— Ці была магчымасць пазнаёміцца, абмяняцца вопытам, падзяліцца ідэямі ў нефармальнай абстаноўцы з актывістамі БРСМ з іншых рэгіёнаў?

— Часу на нефармальныя зносіны асабліва не было. Аднак пазнаёмілася з многімі першымі сакратарамі раённых камітэтаў — абмяняліся нумарамі тэлефонаў і будзем падтрымліваць сувязь.

— Што хацелі б сказаць маладым людзям Мядзельшчыны?

— Нас — удзельнікаў раённай арганізацыі — цяпер 1216. На Мядзельшчыне працэнт ахопу моладзі членствам у БРСМ — адзін з самых высокіх у вобласці. Запрашаем маладых людзей — і тых, хто вучыцца, і тых, хто працуе — у нашы шэрагі. Каб не быць абыякавымі да ўсяго, што адбываецца ў нашым раёне і ўсёй краіне. Магчыма, нехта мае задуму зрабіць добрую справу ці правесці цікавае мерапрыемства. Прыходзьце да нас: аднаму рэалізаваць нейкі план складана, нават калі ёсць добрая ідэя.

— А якія добрыя ідэі рэалізуе БРСМ на Мядзельшчыне? Ёсць нейкія мерапрыемствы, што праходзяць толькі ў нашым раёне?

— Вядома, напрацаваны пэўныя традыцыі. Напрыклад, “Сустрэча пакаленняў”, якая штогод з удзелам БРСМ праводзіцца на Партызанскіх базах. Канечне, большасць акцый — рэспубліканскія, яны праходзяць па ўсёй краіне. Пастараемся ў бліжэйшы час прыдумаць нешта сваё, адметнае — такое, што стане візітоўкай раённай арганізацыі БРСМ.

Гутарыла

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

На здымку: выконваючы абавязкі першага сакратара раённага камітэта ГА «БРСМ» Марына Апанасёнак.

Фота Георгія Прысмакова.