Да ўсіх наведвальнікаў аддзялення стараюцца знайсці індывідуальны падыход

257

ШТОГОД 3 снежня ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень інвалідаў. У нашай краіне таксама ў гэту дату ў цэнтры ўвагі людзі з абмежаванымі магчымасцямі.

— Гэты дзень напамінае нам усім, наколькі складанае, шматграннае і кволае чалавечае жыццё. Увогуле адносіны да людзей з абмежаванымі магчымасцямі заўсёды былі паказчыкам сталасці грамадства, яго здольнасці беражліва адносіцца да любога чалавека, а яшчэ і разумець, што ад нечаканых і непрадказальных паваротаў лёсу ніхто не застрахаваны, — кажа загадчык аддзялення забеспячэння дзённага знахо­джання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ДУ “Мядзельскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоў­вання насельніцтва” Вольга Нагела. — У нашай краіне вялікая ўвага ўдзяляецца лю­дзям з інваліднасцю. Аказваецца ім падтрымка і на дзяржаўным узроўні. А па прычыне таго, што гэта катэгорыя насельніцтва часта знаходзіцца ў некаторай ізаляцыі ад грамадства, ёй неабходна дапамога ў сацыялізацыі, фарміраванні камунікатыўных навыкаў і творчых здольнасцей. Для гэтага, дарэчы, і стваралася наша аддзяленне.

Як даведалася ад Вольгі Юр’еўны, у аснову яго работы пакладзены прынцып: прымаць чалавека такім, які ён ёсць. Таму да ўсіх наведвальнікаў тут стараюцца знайсці індывідуальны падыход. Спецыялісты спрабуюць зразумець, што ім цікава, навучыць новаму, развіць сацыяльна значныя якасці асобы кожнага.

— Вельмі важна, — сцвярджае мая суразмоўца, — каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі былі на роўных з астатнімі, не адчувалі дыскрымінацыі, парушэння сваіх правоў. Ды і каб іншыя члены грамадства не ставілі сябе вышэй за іх. Тым больш, што і ў людзей з інваліднасцю можна шмат чаму павучыцца. І, найперш, стойкасці, сіле духа, вытрымцы. Мы ганарымся поспехамі паралімпійцаў, якія праслаўляюць нашу краіну на міжнародным узроўні. Нярэдка захапляемся і тымі асобамі з інваліднасцю, што жывуць з намі побач, паводзяць сябе актыўна, маюць добрыя сем’і, месца працы, шмат розных захапленняў. Хто, не зважаючы на цяжкасці лёсу, годна спраўляецца з выпрабаваннямі і можа служыць прыкладам і для фізічна здаровых грамадзян.

Для аказання дапамогі людзям з абмежаванымі магчымасцямі ў сацыяльна-бытавой, сацыяльна-працоўнай і сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыі, фарміравання ў іх самастойнасці і адказнасці ў аддзяленні працуюць розныя гурткі і клубы па інтарэсах. Напрыклад, у рамках работы клуба “Геркулес” яны маюць магчымасць два разы на тыдзень бясплатна наведваць фізкультурна-аздараўленчы цэнтр “Мядзел”, дзе ёсць трэнажорная зала, більярд, басейн, настольны тэніс. Клуб “Сямейныя традыцыі” дазваляе даведацца шмат цікавага пра святы і нават адзначыць іх так, як дома. Пытанням бяспекі жыццядзейнасці навучаюць клуб “Азбука бяспекі” і гурток “Школа жыцця”. На базе аддзялення сумесна з Мя­дзельскім музеем народнай славы ўжо не першы год рэалізоўваецца праект “Тайны музея”. Дзякуючы яму маладыя інваліды маюць магчымасць наведваць выставы, якія ладзяцца ва ўстанове і праз іх далучацца да чароўнага свету мастацтва. Карыстаюцца папулярнасцю таксама гурткі, на якіх наведвальнікі аддзялення займаюцца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю: вяжуць, вышываюць, ствараюць пано, працуюць з алмазнай мазаікай. Дарэчы, іх работы можна ўбачыць на выставах, наладжаных падчас розных святочных мерапрыемстваў.

З мэтай фарміравання ў маладых інвалідаў неабходных ведаў і практычных навыкаў для самастойнай арганізацыі свайго быту, на базе аддзялення працуе рэабілітацыйна-працоўная майстэрня “Сакрэты кухні”. На занятках пад кіраўніцтвам спецыялістаў юнакі і дзяўчаты асвойваюць тэхналогію прыгатавання розных страў, вучацца мыць посуд, наводзіць у памяшканні парадак, што ім, безумоўна, спатрэбіцца ў далейшым жыцці.

У ліку актыўных наведвальнікаў аддзялення спецыяліст па сацыяльнай рабоце Марына Грузд назвала Святлану Лескавец, Алега Сініцу, Дзмітрыя Мацюша з Мядзела, Аляксандра Мальца з Княгініна, Наталлю Янковіч з Кузьмічоў, Крысціну Грузд з вёскі Баяры Мядзельскага сельсавета.

Напрыклад, Святлана Лескавец наведвае аддзяленне з 2011 года: з таго часу, калі ёй споўнілася 18 год. Ёй тут падабаецца. Расказвае, што яны і стравы гатуюць, і стол самі сервіруюць. Не так даўно рабілі салаты, пяклі пірог. Яшчэ Святлана любіць вышываць крыжыкам, займаецца алмазнай мазаікай, вяжа. Вельмі радуецца, калі яе работы бяруць на выставы на святы.

Марына Грузд расказала, што спецыялісты аддзялення аказваюць таксама кансультацыйную дапамогу сем’ям, дзе выхоўваюцца інваліды. Праводзяць карэкцыйна-развіццёвыя і рэабілітацыйныя заняткі, накіраваныя на пашырэнне іх кругагляду, сацыялізацыю і адаптацыю ў грамадстве.

— Марына Ігараўна, наколькі разумею, вашы наведвальнікі з карысцю праводзяць у аддзяленні час.

— Лічу, што так. Бо маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі займаюцца тут творчай дзейнасцю, удзельнічаюць у розных мерапрыемствах, гульнявых праграмах. Акрамя таго, яны ўступаюць у зносіны між сабой, атрымліваюць навыкі сацыяльна дапушчальных грамадскіх паводзін, вучацца цікава арганізаваць свой вольны час.

— А, значыць, работа ад­дзялення дае свой плён, — дапоўніла калегу Вольга Нагела. — Яна якраз і накіравана на тое, каб кожны наведвальнік на ўласным вопыце ўсвядоміў праўдзівасць вядомага выказвання: “інваліднасць — не прысуд”. А яшчэ тое, што ў многім ад яго самога залежыць далейшае жыццё, якое ён можа сам змяніць у лепшы бок.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.