Чым запомнілася студэнцтва? Спыталі з нагоды Таццяніна дня ў жыхароў Мядзельшчыны

185

25 студзеня — Таццянін дзень, свята студэнтаў. З гэтай нагоды жыхары Мядзельшчыны дзеляцца ўспамінамі пра студэнцкія гады.

Чым запомнілася студэнцтва? Спыталі з нагоды Таццяніна дня ў жыхароў МядзельшчыныВераніка РАДЗЕВІЧ, галоўны спецыяліст па абслугоўванні прыватных кліентаў аддзела рознічных продажаў ЦБП “Белаграпрамбанка” (на фота з дачушкай Вікторыяй):

— Я закончыла Аршанскі механіка-эканамічны каледж, а пасля, ужо працуючы, завочна атрымала вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. З каледжа найбольш запомніўся выкладчык беларускай мовы, які гаварыў па-беларуску заўсёды, а не толькі на ўроках. Нас імкнуўся далучыць да нацыянальнай культуры, сустрэчы з пісьменнікамі арганізоўваў — было цікава. У групе ў нас былі толькі два хлопцы, астатнія — дзяўчаты. Куратар заўсёды гарой стаяла за дзяўчат. Памятаю, ездзілі ў калгас убіраць кармавыя буракі і брыгадзір загадаў грузіць іх на высокі прычэп. Куратар сказала: “Яны дзяўчаты, ім гэта цяжка”. І мы складалі буракі на зямлі, а грузіць іх паклікалі мужчын. А пра ўніверсітэт… Усе выкладчыкі там вельмі строгія і сур ёзныя. Але ў Дзень святога Валянціна адна выкладчыца сказала: “Сёння ёсць людзі, якія чакаюць вас больш за мяне” — і адпусціла з апошняй пары. Гэта было так дзіўна!

 

Чым запомнілася студэнцтва? Спыталі з нагоды Таццяніна дня ў жыхароў МядзельшчыныАляксандр ЮХНЕВІЧ, інжынер-энергетык УП “Ілаўскае”:
— Самыя лепшыя гады! Адзіны клопат — здаць сесію. Заканчваў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Вучоба давалася лёгка. У інстытуце была ваенная кафедра, так што атрымаў не толькі прафесію, але і пагоны лейтэнанта. Тады ў модзе былі аматарскія радыёстанцыі. На ваеннай кафедры выкладаў маёр Блізнюк, ён гэтым сам захапляўся і нас запрасіў. Была вялікая аматарская радыёстанцыя ў Зялёным Лузе, хадзілі туды. Паялі складаныя схемы, многаму навучыліся. Цікава было!

Запісала Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота аўтара і забяспечана удзельніцай апытання.