“Часоў былых і новых повязь…”

304

“Часоў былых і новых повязь…”ДВАЦЦАТЫ раз Беларусь адзначае Дзень беларускага пісьменства, які па праву з’яўляецца значнай падзеяй у культурным жыцці краіны. Гэта дзень, калі мы аддаём даніну павагі нашым продкам, усім, хто на працягу стагоддзяў шанаваў і нёс у свет цудоўную беларускую мову, хто ўпрыгожваў айчынную і сусветную культуру сваімі бессмяротнымі творамі. Ужо на пачатку ХІІІ стагоддзя беларуская пісьменнасць і беларускае пісьменства выступілі як самастойная сістэма і па праву займелі галоўнае месца ва ўсім справаводстве Вялікага княства Літоўскага, у якое ўваходзілі тагачасныя беларускія землі. На старабеларускай мове ствараліся фальклорныя творы — песні, казкі, паданні, прыказкі, прымаўкі, загадкі. На Беларусі заўсёды шанавалі друкаванае слова. Беларускае кнігавыданне мае больш чым 500-гадовую гісторыю. 6 жніўня 1517 г. у Празе Францыск Скарына надрукаваў “Псалтыр”. Традыцыі нашага першадрукара прадоўжылі Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Іван Фёдараў, Пётр Мсціславец, браты Мамонічы, Спірыдон Собаль і многія іншыя асветнікі.

Традыцыйна свята праводзіцца ў гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Упершыню яно прайшло ў 1994 годзе ў Полацку. Сталіцамі Дня беларускага пісьменства былі таксама Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае. У гэтым годзе традыцыйны рэспубліканскі фестываль друкаванага слова і культуры 1 верасня прыме старажытны Быхаў.

З быхаўскай зямлёй звязана гісторыя стварэння аднаго з самых значных помнікаў беларускага летапісання пачатку XVII стагоддзя — Баркулабаўскага летапісу, які храналагічна ахоплівае перыяд з 1545 па 1608 гады. У ім змешчаны ўнікальныя звесткі пра гісторыю Беларусі, падзеі беларускай культуры і праваслаўнай царквы, аб гістарычных асобах. Менавіта на Быхаўшчыне доўгі час жылі і тварылі Мялецій Сматрыцкі і Лаўрэнцій Зізаній — вядомыя навукоўцы, царкоўныя і грамадскія дзеячы XVII стагоддзя. “Граматыка” Сматрыцкага і “Азбука” Зізанія мелі вялікае значэнне для развіцця славянскіх моў, а іх з’яўленне стала знакавай падзеяй у духоўным і культурным жыцці Беларусі таго часу. З Быхаўшчынай звязана жыццё і творчасць многіх вядомых пісьменнікаў, паэтаў і літаратуразнаўцаў: Міхаіла Мушынскага, Івана Баранкевіча, Міхаіла Пазнякова, Барыса Стральцова, Васілія Ткачова і многіх іншых. На тэрыторыі горада і Быхаўскага раёна размешчаны шэраг гісторыка-культурных каштоўнасцей. Сярод іх Быхаўскі замак, які з’яўляецца помнікам архітэктуры XVII стагоддзя, Сінагога, Грудзінаўскі палацава-паркавы ансамбль, Свята-Узнясенскі жаночы манастыр у аграгарадку Баркалабава. З апошнім з названых аб’ектаў звязана гісторыя адной з самых паважаных беларускіх праваслаўных святынь — цудатворнага абраза Маці Божай Баркалабаўскай.

28 жніўня ў Мінску стартавала Рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў”, прымеркаваная да ХХ Дня беларускай пісьменнасці. Экспедыцыя з жыватворным агнём ад Гроба Панскага сёлета пройдзе па маршруце: Мінск — Святое Поле каля в. Загор’е — в. Сталовічы (Брэсцкая вобласць) — г. Стаўбцы, пас. Міханавічы (Мінская вобласць) — г. п. Круглае, г. Дрыбін — в. Расна — г. Чавусы, в. Гамарня і в. Баркалабава (Магілёўская вобл.), а 1 верасня прыбудзе ў Быхаў.

У межах святкавання Дня беларускага пісьменства ў Быхаве запланавана адкрыццё адрэстаўраваных будынкаў кінатэатра і вакзалаў, канцэрты званароў, хораў і зорак беларускай эстрады, міжнародны літаратурны “круглы стол” “Сугучча: мова і літаратура ў кантэксце гісторыка-культурнай спадчыны”, кніжныя выставы-продажы. У гонар свята з’явіцца новая скульп-турная кампазіцыя, якая будзе прысвечана Баркалабаўскаму летапісу, помніку беларускага пісьменства, і славутаму абразу Баркалабаўскай Божай Маці. На стадыёне адбудзецца фестываль гарадоў сталіц Дня беларускага пісьменства. Да Дня беларускага пісьменства і друку ў бібліятэках раёна пройдуць шматлікія мерапрыемствы. У тым ліку: гісторыка-асветніцкая гадзіна “Жыве Скарыны запавет”, літаратурная гадзіна “Кніга нараджаецца, каб жыць”, экскурс у гісторыю кнігавыдання “Светачы зямлі беларускай”, літаратурна-музычная кампазіцыя “Няхай ідзе да нас як свята нашага пісьменства дзень”, Дзень роднай мовы “Адкрываю, як свет нанова, беларускае роднае слова”, урок-прэзентацыя “Цуд, імя якому кніга” і іншыя. Раённая дзіцячая бібліятэка адзначыць свята правядзеннем Тыдня беларускага пісьменства і друку. Юныя карыстальнікі ўстановы стануць удзельнікамі выставы-прагляду “З мінулага ў будучыню”, віртуальнага падарожжа “Гісторыя пісьменнасці”, літаратурнага гіда “Падарожжа па сталіцах свята беларускага пісьменства і друку”.

І. ЗГЕРСКАЯ.

Загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М.Танка.