Чарнобыльская камандзіроўка — успамінамі дзеліцца ліквідатар Пётр Валабуеў

157

У спісе ліквідатараў наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС жыхар Мядзела, ветэран органаў унутраных спраў Пётр Валабуеў. Патрапіў ён у чарнобыльскую зону ў лютым 1987 года. На той час нёс службу ўчастковым інспектарам Мядзельскага пассавета.

— Памятаю, як выклікаў начальнік міліцыі і сказаў, што заўтра да абеду я павінен з явіцца ў аддзел унутраных спраў аблвыканкама з рэчамі. Чакае камандзіроўка ў чарнобыльскую зону, — успамінае Пётр Валабуеў. — Ужо на месцы ў Мінску ўбачыў, што, акрамя мяне, прыбылі яшчэ трое нашых з Мядзела: два Варанцы (іх імён, на жаль, не памятаю) і вадзіцель Генадзій Байко. А ўвогуле сабралі міліцэйскіх работнікаў з Мінска і сталічнай вобласці. Усіх падзялілі на ўзводы па 30 чалавек. У першым — пераважна мінчане, у двух другіх — прадстаўнікі рэгіёнаў Міншчыны. Я меў званне капітана, таму мяне прызначылі камандзірам трэцяга ўзводу. На наступны дзень усіх пасадзілі ў аўтобусы і адправілі ў Нараўлянскі раён.

Калі прыбылі на месца прызначэння — у вёску Цешкава, міліцыянераў размясцілі ў будынку сярэдняй школы, дзе была абсталявана сталоўка. Кожны ўзвод пазменна па графіку па 12 гадзін у суткі дзяжурыў у раёне 70-кіламетровай і 25-кіламетровай зон. Па тры чалавекі пастаянна неслі вахту на двух стацыянарных пастах, астатнія патрулявалі населеныя пункты. Кантралявалі парадак, глядзелі, каб не было крадзяжу тэхнікі, будаўнічых матэрыялаў, дроў, вываз якіх быў забаронены. Затрыманых падазроных асоб накіроўвалі ў раённы аддзел унутраных спраў. Афіцэрам выдалі зброю, узводы забяспечылі рацыямі.

— Я як камандзір узвода, — працягвае Пётр Паўлавіч, — правяраў работу пастоў, кантраляваў нясенне службы падначаленымі. Намеснікам у мяне быў хлопец з Вілейкі — старшы лейтэнант Бяроза. Пазней і з ім, і з многімі іншымі, з кім звёў Чарнобыль, яшчэ доўга падтрымліваў сувязь. У рабоце абапіраўся на мясцовага ўчастковага. Не раз праязджаў каля калючага дроту, якім была абгароджана Чарнобыльская атамная станцыя, здалёку бачыў рэактары.

— Вёскі, якія вы абслугоўвалі, былі пустыя?

— Большасць хат жыхары пакінулі. З іх толькі некаторыя былі з замкамі на дзвярах, астатнія адчынены. Крыўдна было глядзець на паламаную мэблю, разбіты посуд… Сустракалі, вядома, і варвараў, і марадзёраў. Іх затрымлівалі, перадавалі па прызначэнні. Мы ж самі ніякіх следчых дзеянняў не праводзілі, нават пратаколы не пісалі. Асобныя жыхары таксама прыязджалі на сваю малую радзіму забраць мэблю, рэчы, сена для жывёлы. Ім гэта дазвалялася. Праўда, некаторыя пад тым жа сенам імкнуліся вывезці будаўнічыя матэрыялы, што было забаронена. З мясцовым насельніцтвам стараліся паводзіць сябе культурна і карэктна. На той час амаль год прайшоў пасля аварыі на ЧАЭС, таму шмат дзе рыскалі ваўкі, іншыя драпежнікі, што было даволі небяспечна, асабліва ноччу. Вёскі на Гомельшчыне вялікія. У кожнай была сярэдняя школа, Дом культуры. Шмат моладзі. Землі ўрадлівыя, нездарма і гаспадаркі былі моцныя. Жыхары падтрымлівалі парадак. У кожным калодзежы змайстраваны стрэшкі з накрыўкамі, пафарбаваны… У адным населеным пункце сустрэлі пажылую жанчыну, якая набірала ваду. Расказала, што, акрамя яе, ёсць яшчэ людзі, працуюць на ферме. Прадукты дастаўляе аўтакрама. А радыяцыйны фон яны самі вымяраюць дазіметрам, выкупленым у ваенных… У 35-кіламетровай зоне бачыў адзінокую 90-гадовую бабулю, якая засталася адна на хутары. Не захацела пакідаць абжытае месца. Ежу ёй прывозілі…

— Ці сустракалі падчас камандзіроўкі людзей з нашага раёна?

— У Нароўлі бачыў дзвюх жанчын-медработнікаў і адну з пошты… Вядома, былі рады сустрэчы. Знаёмых у чужым баку моцна цэніш.
Па словах Пятра Паўлавіча, усе, з кім служыў у Нараўлянскім раёне, паводзілі сябе прыстойна. Не было тых, хто хацеў нажыцца на чужым горы. У вольны час хадзілі ў спартыўную залу. Гулялі ў валейбол, шашкі, шахматы, спаборніцтвы праводзілі, нават насценныя газеты выпускалі… Узвод №3, якім камандаваў Валабуеў, вызначаўся і па службе, і ў спорце… Прабылі ў чарнобыльскай зоне месяц. На больш не пакідалі, асцерагаючыся за здароўе.

— Наколькі ведаю, кожны трэці работнік Мядзельскага РАУС у розны перыяд з 1986 па 1990 гады нёс вахту па ахове маёмасці і грамадскага парадку ў чарнобыльскай зоне. Можа, каго з калег успомніце?

— Усіх ліквідатараў не бяруся назваць, але прыгадаю Віктара Коршуна, Анатолія Чарняка, Аляксандра Журкевіча, Пятра Аніську… Некаторых, на жаль, ужо няма ў жывых — Уладзіміра Якубовіча, Леаніда Мароза, Уладзіміра Давідовіча… Калі бываю на могільніку, наведваю месцы пахавання калег. Пастаю ў цішыні, прыгадаю сумесную працу, памяну моўчкі…

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.