Чаму старэюць вёскі?

129

Чаму старэюць вёскі?З 1983 ГОДА працуе ў ААТ «Свір-Агра» Т. К. Худы. Розныя пасады за гэты час займаў Тадэвуш Казіміравіч. Быў памочнікам начальніка комплекснай механізаванай брыгады, інжынерам па тэхніцы бяспекі, а з 1991 года ўзначальвае паляводчую брыгаду №2. Ужо больш за дзесяць гадоў знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але не кідае работу. Не можа без справы, якая па-сапраўднаму стала неад’емнай часткай жыцця. Яго хвалююць многія пытанні, у тым ліку і старэнне нашых вёсак. Неяк пры сустрэчы і адбылася гутарка на гэту тэму.

— Тадэвуш Казіміравіч, чаму маладыя людзі стараюцца выехаць у горад? Таму, што там можна болей зарабіць?

— Не думаю, што толькі з-за заробку. Самі падумайце: заработная плата на вёсцы сапраўды ніжэйшая за гарадскую, але дадайце сюды бясплатнае харчаванне, якое ў нашай гаспадарцы практыкуецца ў час масавых сельскагаспадарчых кампаній. Кожны дзень сытны, свежы абед і грунтоўны падвячорак — заплаціце за падобнае ў сталоўцы і тады зразумееце, колькі можна даплюсаваць да сваёй зарплаты за месяц. Дадаць трэба і кошт кармоў, якія выдзяляем людзям для ўтрымання асабістай гаспадаркі. А яшчэ збожжа, якое выдзяляецца працаўнікам па выніках работы за год. Не, у сельскай гаспадарцы таксама заробкі нядрэнныя — было б жаданне працаваць.— Тады, можа, маладых хлопцаў не задавальняе рэжым работы таго ж механізатара?

— З гэтым у нас цяжэй. З ранняй вясны і да позняй восені механізатарам даводзіцца шчыраваць амаль без выхадных — такая ўжо спецыфіка земляробчай працы. Так было заўжды — селянін забываў пра сябе, калі справа тычылася зямлі. Але, я думаю, перспектыва выхаднога дня замаячыла перад механізатарамі — сельскагаспадарчая тэхніка развіваецца, не за гарамі той час, калі трактарыст зможа дазволіць сабе адпачыць у нядзелю. Вазьміце сёння пасяўны агрэгат. За адзін праход ён выконвае некалькі аперацый. А раней на кожную з іх патрэбен быў асобны трактар, асобны механізатар…

— Дык што гоніць маладых людзей у горад?

— Як гэта ні парадаксальна гучыць — баўленне вольнага часу. Куды малады чалавек можа выйсці ў тым жа Засвіры? У клуб — дык ён не працуе. Зачынены і магазін. А дзе адпачываць чалавеку майго ўзросту? Куды можа схадзіць, да прыкладу, мая жонка? У касцёл або да суседкі — і ўсё. У гэтай адсутнасці культурнага жыцця на вёсцы крыюцца і карані п’янства. Сабраліся разам, выпілі — ужо весела! І самі не заўважылі, калі пераступілі тую мяжу, пасля якой у жыцця застаецца адна мэта — здабыць бутэльку.

— Сапраўды, у сельскай мясцовасці п’янства — не рэдкая з’ява. Напэўна, гэта адбіваецца і на працоўнай дысцыпліне?

— Сярод кваліфікаваных работнікаў — не. Тыя ж механізатары ў пераважнай большасці талковыя, зацікаўленыя ў выніках сваёй працы. Але ёсць людзі, якія прывыклі злоўжываць спіртнымі напоямі, і зачастую ніякія довады, як ні старайся, да іх свядомасці не даходзяць.

— Але ж ад работнікаў, якія з’яўляюцца хранічнымі алкаголікамі, вы можаце проста адмовіцца…

— І адмаўляемся, калі дапякуць. А праз нейкі час прыйдзе такі з апушчанай галавой, просіцца… Шкада зробіцца — чалавек жа. Прычым часцей за ўсё — неблагі, вось толькі трапіў ў залежнасць. А ў яго ж дзеці…

— Тадэвуш Казіміравіч, прызнайцеся, што для вас у абавязках брыгадзіра важней: людзі ці вытворчасць?

— Брыгаду ўзначальваю з 1991 года. Усялякія былі перыяды, у тым ліку і ў разуменні працоўных абавязкаў. Вядома, ад мяне ў першую чаргу патрабуюць вытворчых паказчыкаў. Я адказваю за парадак на зямлі. І, канечне ж, вектар прыкладання сіл накіраваны менавіта сюды. Але забываць пра людзей нельга — у рэшце рэшт, усё робіцца дзеля чалавека. І калі мы будзем памятаць пра гэта заўсёды — глядзіш, і маладыя перастануць уцякаць у горад.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.