Быць грамадзянінам сваёй краіны — і ганарова, і разам з тым адказна

467

У КОЖНАЙ дзяржаве Канстытуцыя з яўляецца яе найважнейшым атрыбутам, сімвалам годнасці і гонару. Гэта — асноўны Закон, паводле якога развіваюцца палітычныя, эканамічныя, культурныя адносіны ў краіне, юрыдычна замацоўваюцца правы і абавязкі яе жыхароў. Напярэдадні адметнай даты календара папрасіла падзяліцца сваімі меркаваннямі наконт важнейшага для кожнага з нас дакумента кіраўніка спраў
Сваткаўскага сельскага выканаўчага камітэта Галіну КРАСОЎСКУЮ.

— Канстытуцыя — Закон для ўсіх. У ёй 146 артыкулаў. Лічыла і лічу, што грамадзяне нашай краіны павінны ў абавязковым парадку выконваць Канстытуцыю і жыць па яе асноўных законах. Дарэчы, гэта раблю сама і раю паступаць такім чынам і ўсім астатнім.

— Галіна Міхайлаўна, а ці хацелі б Вы што-небудзь памяняць у Канстытуцыі нашай краіны?

— Я не законатворца. Аднак хацела б бачыць іншым змест артыкула 32 асноўнага Закона нашай дзяржавы. На мой погляд, яго патрэбна адкарэкціраваць на прадмет урэгулявання адносін паміж мужчынам і жанчынай, як важнейшую сямейную каштоўнасць.

— Уручэнне пашпарта грамадзяніна нашай краіны — асабліва запамінальная падзея для маладых асоб. І вельмі добра, што яна праходзіць урачыста. А ці памятаеце Вы, як самі атрымлівалі пашпарт?

— Родам я з Валожынскага раёна. На той час, калі вучылася ў школе, пашпарты нам урачыста не ўручалі. Гэта быў 1996 год. Памятаю, як самі падыходзілі да акенца ў пашпартным стале па свой асноўны дакумент і атрымлівалі яго. Той дзень быў звычайным. Вось і не пакінуў вялікіх уражанняў ні ў мяне, ні ў сяброў. Затое, калі ў мой лёс увайшоў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, а той перыяд лічу самым лепшым у сваёй працоўнай біяграфіі, сама шмат год запар арганізоўвала Усебеларускую акцыю “Мы — грамадзяне Беларусі” на Мядзельшчыне. Дарэчы, ініцыятарам яе правядзення, пачынаючы з 2004 года, выступае БРСМ. Спадзяюся, што юнакі і дзяўчаты, якія атрымлівалі падчас урачыстага мерапрыемства пашпарты ад старшыні райвыканкама, нашых ветэранаў, іншых знакамітых людзей Нарачанскага краю, запомнілі гэты дзень, як адзін з самых важных і адметных у сваім жыцці.

— Галіна Міхайлаўна, якія з апошніх мерапрыемстваў лічыце лёсавызначальнымі для нашай рэспублікі?

— Вядома ж, VI Усебеларускі народны сход. Уважліва слухала даклад Прэзідэнта нашай краіны, выступоўцаў. Пераканана, што прынятыя на гэтым прадстаўнічым форуме дакументы — арыенцір для дзейнасці на будучае для ўрада, працоўных калектываў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, а таксама для кожнага з нас. Бо мы — звенні аднаго механізму. Кожны і на рабоце, і дома мае адпаведнае кола задач. І калі мы свае штодзённыя абавязкі будзем выконваць добрасумленна і старанна, ад гэтага толькі выйграем. Упэўнена, чым лепш станем працаваць — тым багацейшымі будзем і самі, і наша краіна. Бо веліч, моц і росквіт дзяржавы — гэта шчасце і дабрабыт кожнага асобна ўзятага чалавека.

— Бягучы год аб яўлены ў нашай краіне Годам народнага адзінства. Якім ён, на ваш погляд, будзе?

— Я асабіста выступаю за згоду і мір у краіне. Вельмі спадзяюся, што Год народнага адзінства зробіць нас усіх людзьмі з вялікай літары. Навучыць паважаць, цаніць адзін аднаго. І самае галоўнае — даражыць здабыткамі многіх пакаленняў нашых грамадзян у розных сферах. Словам, тым, што маем, дзякуючы чаму жывём у дастатку, годна. Упэўнена, што як і раней, наша дзяржава будзе незалежнай, міралюбівай. З нагоды дзяржаўнага свята ад душы жадаю шчасця і росквіту любімай краіне і ўсім яе жыхарам!

Гутарыла Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.