“Белая Русь — з любоўю да дзяцей”

134

“Белая Русь — з любоўю да дзяцей”ТАКАЯ акцыя традыцыйна па ініцыятыве рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” праводзіцца ў нашай краіне да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Прычым не выпадкова. Дзеці — наша будучыня. А таму менавіта ім — пастаянная ўвага і клопат.

У рамках акцыі радзільнае аддзяленне Мядзельскай цэнтральнай раённай бальніцы наведалі старшыні раённых арганізацый рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Святлана Маслоўская, грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Ганна Падгол і другі сакратар грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Кацярына Роліч. Яны павіншавалі шчаслівых матуль з вялікім дзяржаўным святам — Днём Рэспублікі і 69-ай гадавінай вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пажадалі ім міру і дабра, моцнага здароўя і выдатнага настрою, утульнасці і цяпла ў сямейным жыцці. Каб іх сыночкі, якія з’явіліся на свет у такую адметную для нашай краіны дату, радавалі іх і выраслі дастойнымі грамадзянамі нашай любай Беларусі. Госці ўручылі жанчынам падарункі. Мяркую, што, карыстаючыся дома атрыманымі падушкамі, ручнікамі, наборамі дзіцячага посуду, яны неаднойчы ўспомняць радзільнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы і мілых прадстаўніц грамадскіх арганізацый горада, якія іх шчыра, ад душы віншавалі з нараджэннем любых сыночкаў.

Засталося дадаць, што шчаслівымі матулямі сталі жыхаркі Мядзела Марыя Жыхар і Таццяна Клямята. Парадуемся і мы разам з імі нараджэнню немаўлятак. І пажадаем, каб дзякуючы апецы дарослых, а таксама анёлаў-ахоўнікаў яны раслі здаровымі і шчаслівымі.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.