Нарыхтоўка бярозавага соку ў гэтым годзе стартавала амаль на тры тыдні раней, чым звычайна — у пачатку сакавіка. Спецыялісты адзначаюць, што прычынай стала анамальна цёплая зіма, дрэвы раней прачнуліся.

Як нагадалі ў Нацыянальным парку “Нарачанскі”, на тэрыторыі Мядзельскага раёна ў прамысловых маштабах сок не нарыхтоўваецца. “Але аматары драўнянага соку могуць звярнуцца ў лясніцтва, на тэрыторыі якога маюць намер зрабіць нарыхтоўку, — адзначыў вядучы інжынер па ахове і абароне лесу Артур ЦАРАНКОЎ. — Спецыялісты пакажуць ім адведзеныя для збору соку ўчасткі, правядуць інструктаж і пракантралююць тэхналогію падсочкі”.

За парушэнне Правіл нарыхтоўкі соку прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Згодна з артыкулам 15.26 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях нарыхтоўка драўнянага соку на тэрыторыі, дзе гэта забаронена, або збор без дазваляльнага дакумента, калі яго атрыманне абавязковае, ці не ў адпаведнасці з ім, вядуць да папярэджання або накладання штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь.

Падрабязна пра гэта чытайце ў адным з бліжэйшых нумароў «Нарачанскай зары»

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц