Будзь чалавекам, чалавек!

141

УСЁ часцей прадметам абмеркавання ў інтэрнэце бывае жорсткае абыходжанне з жывёламі. То падпалены школьнікамі голуб, то загінуўшыя ў пункце ператрымкі сабакі — усё гэта выклікае заканамернае асуджэнне.

На ролік, у якім віцяблянка жорстка збівае свайго сабаку, спачатку адрэагавала міліцыя. А шырокі рэзананс гэты выпадак набыў дзякуючы таму, што вырашэннем лёсу чатырохлапага заняўся сам Прэзідэнт.

Ці актуальная праблема жорсткага абыходжання з жывёламі ў нашым раёне? Мяркую, прыкладна так, як і паўсюдна. Іншая справа, што вінаватых (зноў жа, як паўсюдна) да адказнасці прыцягваюць не так і часта. Бо, пагадзіцеся, далёка не кожны, заўважыўшы тое жорсткае абыходжанне, будзе выклікаць міліцыю.

Хоць прэцэдэнт быў і ў нашым раёне. Гаспадары трымалі ката “на вольным выгуле”. І калі выпускалі з кватэры па патрэбе, не заўсёды ён паспяваў спусціцца са свайго паверха (ды і дзверы пад’езда маглі быць зачынены). Што, можна здагадацца, не дужа радавала суседзяў. Тым разам жыхарка кватэры гэтага пад’езда памыла лесвічную пляцоўку. Пайшла выліць ваду, а як вярнулася, убачыла ката, які толькі што пакінуў на чыстым сляды сваёй жыццядзейнасці. Жанчына схапіла бот, які стаяў тут жа, і пачала біць жывёліну. Вынік — пералом сківіцы. Такі дыягназ паставіў выкліканы катовай гаспадыняй ветэрынар. Ён жа патлумачыў, што з такой траўмай жывёліна самастойна есці не зможа — патрэбна аперацыя. У Мядзеле такую не робяць, трэба везці ў сталіцу. Ці ўсыпіць, каб не мучыўся. Гаспадыня выбрала другі варыянт. І напісала заяву ў міліцыю. На жанчыну, якая траўмавала ката, завялі адміністрацыйную справу.

 

 

Якое пакаранне рэальна пагражае за жорсткае абыходжанне з жывёламі? Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Андрэй Мініч расказаў:

— У адпаведнасці з артыкулам 16.29 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях за жорсткае абыходжанне з жывёлінай (за выключэннем катавання), якое не прывяло да яе гібелі, прызначаецца штраф у памеры да 15-ці базавых велічынь. За пазбаўленне ад жывёліны — у памеры ад 10-ці да 30-ці базавых велічынь. За жорсткае абыхо­джанне, якое праявілася ў форме катавання або прывяло да гібелі ці калецтва жывёліны — штраф у ад 20-ці да 30-ці базавых велічынь, або грамад­скія работы, або адміністрацыйны арышт. За жорсткае абыходжанне з жывёлай можа наступаць і адказнасць згодна з артыкулам 339-1 Крымінальнага кодэкса. Калі яно прывяло да гібелі ці калецтва жывёліны, здзяйснялася з хуліганскіх памкненняў ці ў прысутнасці заведама малалетняга, у якасці пакарання прадугледжаны грамадскія работы, ці штраф, ці папраўчыя работы тэрмінам да года, ці арыштам. Такія ж учынкі, здзейсненыя паўторна ці групай асоб, караюцца арыштам, ці абмежаванннем волі на тэрмін да трох год, ці пазбаўленнем волі на такі ж тэрмін.

…Але ж справа не ў пакараннях, праўда? Давайце абыходзіцца з братамі нашымі меншымі гуманна — і свет стане лепшым.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

 

Фота ілюстрацыйнае, pixabay.com