Галіна Сямашка — інвалід другой групы, але не наракае на лёс, не скардзіцца. Як чалавек мудры, разважлівы, на падзеі глядзіць аптымістычна, ва ўсім бачыць пазітыў.

Жанчына родам з вёскі Калодна. У іх сям і было трое дзяцей: яна самая старэйшая, а яшчэ брат і сястра. Дзякуй Богу, яшчэ ўсе жывыя… Ужо замужам з сям ёй пераехала ў Камарова, што на Свіршчыне, каб быць бліжэй да бацькоў.
Колькі сябе памятаю, бачу цётку Галю ў працы. Яна амаль увесь час была даяркай. Спачатку ў саўгасе “Канстанцінава” на ферме “Камарова”, а пасля ў падсобнай гаспадарцы Свірскага прафтэхвучылішча. Ніхто пра яе ніколі не сказаў дрэннага. Паважалі за шчырасць, руплівасць. А якой была гаспадарлівай, як умела гатаваць! Нездарма часта запрашалі ладзіць вясельныя сталы. Прыходзіла на выручку і падчас сумных пахавальных спраў.

Жыццё не песціла Галіну Аўгусцінаўну, а больш выпрабоўвала. Хоць замужам была двойчы, але вялікага сямейнага шчасця не спазнала. Затое лёс падараваў чатырох цудоўных сыноў. Цяпер яны яе гонар! Калі засталася з трыма хлопчыкамі на руках, дырэктар Куцькаўскай васьмігодкі Іван Драўніцкі прапаноўваў ёй аддаць хоць некага з іх у інтэрнат. Бо разумеў, як цяжка адной падымаць дзяцей. Галіна Аўгусцінаўна прыняла тады, як і сёння пераканана, адзіна правільнае рашэнне: “Сама выгадую, як бы цяжка ні было. Гэта ж мае крывінкі, як я без іх, а яны без мяне?” Вось і круцілася ўвесь час як вавёрка ў коле. Працавала і на ферме, і на паўстаўкі санітаркай на ФАПе. Трымала карову, свіней, курэй.

— Няпроста было, — успамінае. — І начэй недасыпала. Але дзеці нічым не былі абдзелены. Не горш за іншых былі і апрануты, і абуты. Не жылі ў раскошы, але не галадалі… А калі падраслі, мне дапамагаць сталі. І на ферму прыбягалі, і дома па гаспадарцы спраўляліся. Бывала, вяртаюся з працы, а ў мяне і карова падоена, і свінні накормлены, і бульбачка на вячэру зварана.

Жыццё параскідала сыноў па свеце. Ва ўсіх даўно свае сем’і. Трое жывуць за мяжой: Франак — у Вільнюсе, Іван — у Балтыйску, Віця — у Геленджыку. Толькі меншы Павел застаўся на Радзіме. Жыве і працуе ў Старлыгах.

— Ці часта бачыцеся з сынамі? — цікаўлюся.

— Як была маладзейшая, ва ўсіх пабывала, і не па адным разе. Бачыла і Чорнае мора, і Балтыйскае… А Вільнюс, лічы, з намі побач, дык туды ўвогуле часта ездзіла. Цяпер сыны прыязджаюць рэдка: планы зблытала пандэмія. Але сувязь з усімі падтрымліваю. Телефануем адзін аднаму, падоўгу гутарым… Дарэчы, прышчэпку ад каранавіруса я ўжо зрабіла. Каб і сябе засцерагчы, і сям ю сына, і сацработніцу.

— Добра, што хоць адзін сын ад вас блізка.

— Так. Пастаянна прыязджае, дапамагае. І мяне часта да сябе забірае. Пабуду некалькі дзён, у лазні памыюся — і зноўку дахаты прашуся. Цягнуць свае вуглы, сцены, ды і кот Барсік у мяне ёсць. Яго ж глядзець трэба… А ўвогуле ў мяне ўсе хлопцы выраслі працавітыя, старанныя. Паша нядаўна быў на здымку ў раёнцы, якую здаўна выпісваю, чытаю. Пісала неяк “Нарачанка” і пра малодшую ўнучачку Палінку. Яна пяцікласніца. Вучыцца добра, рукадзельніца. У мяне на канікулах гасцяваць любіць. Старэйшая сынава дачушка Анжаліка заканчвае медыцынскі каледж. Будзе фельчарам-акушэрам. Месца працы пакуль невядома: у лютым толькі размеркаванне. Добрая і мая малодшая нявестка. Яна поварам у школе працуе.

Жанчына паволі паднялася з канапы і пайшла да секцыі. Дастала адтуль некалькі альбомаў з фотаздымкамі. Пачала іх паказваць, расказваць пра дзяцей, унукаў, пляменніцу, якая жыве з сям ёй у Лондане… І столькі гонару ў яе голасе было, столькі радасці! У Галіны Аўгусцінаўны, акрамя сыноў, нявестак, восем унукаў і пяцёра праўнукаў. Чым не каштоўны скарб?

Цётка Галя, хоць і жыве адна, адзінокай сябе не адчувае. У яе сэрцы даўно пасяліўся Пан Бог. Як лічыць, менавіта Усявышні аберагае, падтрымлівае. Шмат перанесла складаных аперацый па прычыне хваробы, траўм… Нават урачы не верылі, што зможа хадзіць. А яна, насуперак усяму, паднялася на ногі і працягвае жыць — дзеля дзяцей, унукаў, праўнукаў… Калі была маладзейшая і здароўе мела лепшае, кожную нядзелю бегала ў касцёл: калі па дарозе, а калі і лесам — праз Воўчую гару… Цяпер не мае магчымасці наведваць святыню, але запрашае ксяндза і па Калядзе, каб хату асвяціў, і каб паспавядацца. А Святыя Імшы глядзіць па тэлевізары. І па малітоўніку штодзень моліцца за спакой у свеце і ў Беларусі, за родных, блізкіх.

— Маю свой куток, — расказвае. — Яшчэ перш выкупіла гэту палову дома. Тут цэнтральнае ацяпленне, не трэба дровы назапашваць, печкі цепліць. Ля дома агарод. Ёсць і яблыні, і чорныя парэчкі. Хочацца, каб і бульбачкі крыху сваёй, і морквы, і бурачкоў, цыбулі, часнаку… Перш сама з усім упраўлялася. Цяпер больш на сына спадзяюся. І сацработніца Таццяна Федаровіч прыходзіць, прыносіць лекі, прадукты. І ў доме дапамагае парадак падтрымліваць, і на агародзе… Дзякуй ёй. Не забывае мяне і Галіна Нябеская (дзявочае прозвішча. — Аўт.). З яе матуляй Геняй мы вельмі сябравалі, як сёстры былі. Калі прыязджае Галіна на лецішча, і да мяне заглядвае. Яна мне як дачка — і ў краму завязе, і лекі купіць, і пагаворыць.

Калі я зайшла ў хату, застала цётку Галю за вязаннем. Спрактыкаваныя рукі ўмела ўпраўляліся з пруткамі. Пацікавілася ў гаспадыні, над чым працуе.

— Вяжу шкарпэткі. Колькі пар ужо зрабіла, нават і не злічу, — адказвае. — Раней вязала кофты, камізэлькі, рукавіцы, пакаёвыя тапкі… Нават і на продаж, трэба ж было выжываць. Вяжу і пруткамі, і шыдэлкам. Шмат рэчаў падаравала родным, сяброўкам, знаёмым. Няхай носяць на здароўе і мяне добрым словам узгадваюць. Дзякуй Богу, што і памяць маю, і магу рукамі працаваць… Гэта для мяне сапраўднае шчасце. Не разумею людзей, якія не знаходзяць сабе справу, нічым не займаюцца. За працай і час хутчэй пралятае… А што яшчэ мне хацець? Жыву ў цяпле, чысціні. Не забываюць дзеці, знаёмыя. Гляджу розныя перадачы, серыялы. Чытаю раёнку і “Друг пенсионера”. Трэба ж ведаць, як людзі жывуць, навіны.

Расказала жанчына, што летась за два тыдні да Вялікадня яе з работамі паказвалі па тэлебачанні. Многія бачылі тую перадачу. А ўнучка Паліна так пракаментавала гэту падзею: “Бабуля, ты малайчына. Проста крута!”

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.