Асаблівая місія або праца як праца? На пытанні адказваюць настаўнікі беларускай мовы і літаратуры

117

СЁННЯ мае пытанні — людзям, якія зрабілі выкладанне роднай мовы справай жыцця. Чаму з мноства прафесій выбралі менавіта гэту? Гавораць па-беларуску заўсёды ці толькі на ўроках? Лічаць выкладанне роднай мовы такой жа справай, як і выкладанне іншых прадметаў, або асаблівай місіяй, служэннем? Як ставяцца да роднага слова вучні? І ці камфортна сёння выкладаць беларускую мову?

Асаблівая місія або праца як праца? На пытанні адказваюць настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Наталля ВЯРШЫЛА, настаўніца НДЦ “Зубраня”:

— З дзяцінства была любоў (гэта не гучныя словы) да ўсяго роднага: мовы, літаратуры, гісторыі нашых мясцін. Шмат чаго ведаю ад мясцовых людзей, ад бабуль-суседак. Матуля працавала ў санаторыі “Нарач”, і я, малая, прыходзіла да яе. Ведала, што побач знаходзяцца лецішчы пісьменнікаў. Гэта так узрушвала! Як нехта марыць пабываць у далёкіх краінах, так мне хацелася зазірнуць на гэтыя лецішчы. Параўнальна нядаўна мара збылася. Я пабывала на лецішчы Максіма Танка, яго сваякі тады падаравалі “Зубраняці” друкарку, дыскавы тэлефонны апарат, настольную лямпу, кнігі з дароўчымі надпісамі Танку ад аўтараў.

У школе (я заканчвала Нарацкую №1) у мяне былі выдатныя настаўнікі мовы: беларускую выкладала Галіна Уладзіміраўна Далінкевіч, рускую — Галіна Пятроўна Рызгунская. Яны таксама паўплывалі. Але пасля 9-га класа я паступіла ў педвучылішча, потым доўга працавала ў Старлыгах настаўніцай пачатковых класаў. Завочна ў педагагічным універсітэце імя Максіма Танка атрымала прафесію настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Выкладала гэтыя прадметы, была намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце — таксама ў Старлыгах. Зараз працую ў “Зубраняці”.
Не магу сказаць, што заўсёды размаўляю на роднай мове. Напрыклад, не буду ставіць у няёмкае становішча прадаўца, калі ён не ведае значэння нейкага слова.

Лічу працу настаўніка роднай мовы адметнай. Матэматыка, фізіка, хімія ёсць усюды, і не думаю, што іх выкладанне моцна адрозніваецца ў розных краінах. У нас жа асаблівая місія — далучаць дзяцей і моладзь да нацыянальнай мовы, літаратуры, гісторыі, выхоўваць любоў да Радзімы.

Як ставяцца да беларускай мовы вучні? Для дзяцей, якіх вучыла ў Старлыгах, яна сапраўды родная. Па-беларуску вядзецца выкладанне ў школе, па-беларуску (хай не на літаратурным варыянце, а на дыялекце ці трасянцы) размаўляюць у сем’ях. У “Зубраня” ж дзеці прыязджаюць з розных рэгіёнаў. Для некага беларуская мова родная. А нехта ведае яе горш. Дзеці не вінаваты, проста апынуліся ў
неспрыяльнай моўнай сітуацыі. Зразумела, з такімі працаваць цяжэй. Але, з іншага боку, чым цяжэй — тым цікавей. Тлумачыш нейкія назвы, паняцці — і ўсведамляеш, што робіш патрэбную справу. Усе ж разумеюць, што родную мову трэба вывучаць, бо няма мовы — няма народа.

У прафесіі адчуваю сябе як рыба ў вадзе. Не ўмею і не хачу рабіць нічога іншага, акрамя як вучыць дзяцей роднай мове і літаратуры.

Асаблівая місія або праца як праца? На пытанні адказваюць настаўнікі беларускай мовы і літаратурыЮлія КОЛБУН, настаўніца Крывіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа:
— Беларуская мова і літаратура лёгка даваліся ў школе (заканчвала Сваткаўскую імя Максіма Танка). Падабаліся ўрокі, якія праводзіла Вольга Аркадзьеўна Рудачэнка. Яна даходліва тлумачыла, заахвочвала ўдзельнічаць у алімпіядах, заўсёды падтрымлівала нас. Вельмі ўдзячна ёй.

У школе размаўляю на роднай мове. А па-за ёй — не заўсёды. Напрыклад, у кампаніі, дзе ўсе гавораць па-руску, міжволі пераходжу на мову суразмоўцаў.

Усе школьныя прадметы патрэбны. Не лічу працу настаўніка беларускай мовы больш важнай ці складанай, чым у іншых настаўнікаў. Каб урок быў выніковы, трэба да яго падрыхтавацца: патраціць час, прыкласці намаганні. Гэта тычыцца ўсіх прадметаў: і беларускай мовы, і матэматыкі, і геаграфіі.

Вучні ставяцца да беларускай мовы па-рознаму. Некаму яна даецца лягчэй, некаму — цяжэй. Ёсць і такія, што хочуць стаць настаўнікамі роднай мовы. Ну а нехта хоць і стараецца на ўроку адказваць па-беларуску, але ўсё роўна ўжывае шмат рускіх слоў. Але каб хтосьці грэбаваў беларускай мовай, абразліва пра яе выказваўся — не сутыкалася.

У прафесіі адчуваю сябе камфортна. Цяжкавата іншы раз бывае з вучнямі пераходнага ўзросту, якія не вельмі хочуць успрымаць мяне як настаўніцу: розніца ва ўзросце ў нас не такая і вялікая. Я — малады спецыяліст, першы год працую. Але ж гэтыя моманты некамфорту звязаны зусім не з беларускай мовай.

Запісала Наталля ЛІСІЦКАЯ. Фота забяспечаны ўдзельнікамі апытання.

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 19.02