Актыўныя і крэатыўныя

227

УПЕРШЫНЮ ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня» рэалізоўвалі праект «Дзіцячы крэатыў-цэнтр». Ажыццявілі яго ў рамках чарговай змены, якая завяршылася 15 красавіка. У цэнтр прыехалі ўдзельнікі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў крэатыўнасці «Адысея розуму». Мэтай змены было стварэнне ўмоў для раскрыцця творчага патэнцыялу і развіцця здольнасцей кожнага дзіцяці.
— Змена з’яўлялася першым этапам міжнароднага конкурсу «Адысея розуму», які пройдзе ў «Зубраняці» з 22 па 27 красавіка, — расказвае аўтар праекта, метадыст цэнтра Алег Юшкевіч. —  Гэта вядомая праграма, яна ўпершыню адбудзецца ў Беларусі. Для нас вялікі гонар, што прымаць міжнародны конкурс бу¬дзе менавіта «Зубраня».
Падчас ажыццяўлення праекта ў цэнтры рэа¬лі¬зоўвалася спецыяльна распрацаваная адукацыйная праграма «РаДосТь» (Развіццё Дзіцячай Творчасці). Праводзіліся разнастайныя тэарэтычныя і практычныя заняткі, накіраваныя на развіццё творчага мыслення. У асноўным знаёмілі з тэхнікамі крэатыўнасці, якія папулярны ў наш час. Апроч традыцыйных, для кожнай змены мерапрыемстваў ажыццяўлялі модульныя праекты «Ні дня без радка», «Дзеці малююць — дарослыя ўвасабляюць». У апошнім меншыя дзеці намалявалі малюнкі, а большыя — ператварылі іх у мультымедыйныя паштоўкі. Таксама праводзіліся мера¬прыемствы, прысвечаныя Сусветнаму дню зда¬роўя, Году якасці, разнастайныя «Лідэр-праекты». Адной з самых важных падзей стаў рэспублікан¬скі конкурс крэатыўнасці «Адысея розуму».
— У гэтай змене ў «Зубраняці» збіраліся дзеці, якія ўдзельнічаюць у праграме «Адысея розуму». На ваш погляд ці адрозніваюцца яны ў нечым ад сваіх аднагодкаў? — пытаю ў Алега Юшкевіча.
— Кажуць, што ўсе дзеці творчыя і крэатыўныя, але гэтыя — вельмі актыўныя, не могуць сядзець на месцы, імкнуцца рэалізоўваць інтэлектуальныя заданні. Найперш яны адрозніваюцца ад сваіх равеснікаў творчай актыўнасцю: гатовы выконваць усё і ўдзельнічаць ва ўсім.
Аляксандр ВЫСОЦКІ.