Адзіны элемент школьнай формы — што кажуць мядзяльчане

271

Паводле інфармацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, школьная форма вучняў будзе ўкараняцца паэтапна. Ужо сёлета ў кожнай установе адукацыі з’явіцца адзіны элемент, які будзе адрозніваць яе вучняў. Свае меркаванні да гэтага новаўвядзення папрасілі выказаць бацькоў:

Сяргей САВІЦКІ, намеснік начальніка аддзела-начальнік міліцыі грамадскай бяспекі АУС райвыканкама:

Адзіны элемент школьнай формы — што кажуць мядзяльчане— Мы з жонкай выхоўваем двух сыноў. Абодва вучацца ў гімназіі-інтэрнаце
г. Мядзела. Лёша перайшоў у дзясяты клас, Міша — у сёмы.

Хачу сказаць, што ва ўстанове адукацыі, дзе займаюцца дзеці, усе рашэнні прымаюцца калегіяльна — кіраўніцтвам, педагагічнай грамад­скасцю і бацькамі. Вядома,
улічваюцца і меркаванні дзяцей. Так было і зараз, калі вызначаўся адзіны элемент вучнёўскай формы. Ім стаў, як ведаем, бэйдж. Яшчэ адна дадатковая дэталь, якая бу­дзе вылучаць гімназістаў сярод іншых школьнікаў, — гальштук бардовага колеру. На мой погляд, гэтыя важныя атрыбуты не прынясуць вялікіх грашовых выдаткаў і не адлюструюцца адмоўна на сямейным бюджэце, што сёння таксама вельмі важна для многіх бацькоў.

Што датычыць мяне, то я дзвюма рукамі выступаю за дзелавы стыль адзення, калі дзеці не вылучаюцца адзін перад адным. Яны — роўныя. Гэта садзейнічае ў пэўнай ступені і большай згуртаванасці калектыву, і развіццю прыязных, дружалюбных адносін паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі, што станоўча адбіваецца на вучобе, паводзінах. Да гэтага, мяркую, з часам прыйдуць усе ўстановы адукацыі.

 

Адзіны элемент школьнай формы — што кажуць мядзяльчанеТаццяна КАЛАМІЕЦ, галоўны спецыяліст сектара матэрыяльна-бытавога забеспячэння і гендарных праблем упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама:

— Я — маці дзвюх дачушак-школьніц. Малодшая Галіна зараз пойдзе ў 4 клас Мя­дзельскага ВПК яслі-сад-сярэдняя школа. Старэйшая Паліна стане васьмікласніцай. Яна займаецца ў гімназіі-інтэрнаце г. Мядзела.

Кіраўніцтва абедзвюх устаноў адукацыі раілася з намі, бацькамі, наконт увядзення адзінага знака адрознення вучнёўскай формы. У першай з іх актыўна вялася перапіска ў вайберы. Выказвалі сваё меркаванне і мы, і настаўнікі. Улічваліся і заўвагі дзяцей. У гімназіі неабходная інфармацыя вывешвалася на сайце ўстановы, дзе таксама можна было ўсё пачытаць, выказаць свае думкі.

Што датычыць мяне, то заўжды аддавала перавагу ранейшай адзінай савецкай форме, дзе дзеці былі аднолькава апрануты. Яны былі на самай справе роўнымі, ніхто не вызначаўся вопраткай, як зараз іншы раз бывае.

Лічу, што кіраўніцтва і гімназіі-інтэрната, і вучэбна-педагагічнага комплексу правільна зрабіла, што выбрала знакам адрознення не вельмі дарагія атрыбуты. У сем’ях розны дастатак. І далёка не ўсім сёння проста адправіць у школу двух і больш вучняў. Але ж насіць гальштук можна толькі пад каўнерык. Няма яго — не апранеш… У такой сітуацыі без варыянтаў: да­вя­дзецца штодзённа насіць дзяўчынкам блузку, а хлопчыкам — кашулю.

Падрыхтавала Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ. Асноўнае фота ілюстрацыйнае, БЕЛТА.