Адслужыць, як трэба, і вярнуцца

149

Адслужыць, як трэба, і вярнуццаСтала добрай традыцыяй праводзіць на Мядзельшчыне Дзень прызыўніка. Яго арганізатарамі выступаюць раённы  ваенны камісарыят і РК ГА “БРСМ”. Вось і  ў мінулы аўторак у актавую залу гімназіі-інтэрната для атрымання павестак былі запрошаны юнакі, якім давядзецца несці тэрміновую вайсковую службу ў розных часцях беларускай арміі, а таксама ветэраны Узб­роеных Сіл, воіны-інтэрнацыя­налісты, якім заўсёды ёсць што сказаць моладзі.

Адкрыў урачыстасць началь­нік групы  прызыву на ваенную службу райваенкамата В. В. Аскірка. Затым бярэ слова намеснік  старшыні райвыканкама, старшыня прызыўной ка­місіі Л. С. Берняковіч. Ён шчыра вітае прысутных з адметнай падзеяй і ўручае павесткі першай групе юнакоў, якія будуць служыць у мабільнай брыга­дзе войскаў спецыяльнага прызначэння ў  Віцебску. Іх атрымоў­ваюць Валерый Касьяненка, Аляксандр Пяшко, Ягор Рымашэўскі, Андрэй Пісарчык, Віктар Шатворын, Аляксандр Грышкевіч, Андрэй Хільман, Антон Качарго, Вячаслаў Карпечанка, Уладзімір Казлоўскі.

На экране дэманструецца кліп “Маці-разведка”, і затым  на сцэну запрашаецца старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў М. Г. Гардон. Мі­хаіл Гершэнавіч дае наказ хлопцам з гонарам выканаць па­чэсны  абавязак, атрымаць належную падрыхтоўку і пасталеўшымі вярнуцца дадому.

Музычнае віншаванне дорыць будучым салдатам Вікторыя Багінская. Затым слова трымалі падпалкоўнік у адстаўцы, член раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” А. А. Ліхадзееў і член раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны
ў Афганістане” А. І. Штура, удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане У. Ю. Гульцяеў. Ула­дзі­мір Юр’евіч не толькі сказаў юнакам добрыя словы ў дарогу, але і выканаў дзве песні пад гітару на афганскую тэму.

Усяго 45 чалавек атрымалі ў гэты дзень павесткі.

Па традыцыі ад імя маці, сы­­ны якіх ідуць служыць у армію, выступіла І. А. Толак.

— Хочацца верыць, — сказала Іна Альфонсаўна, — што вы там назапасіце мужнасці, навучыцеся прымаць самастойныя рашэнні, несці адказнасць за сябе і сваіх блізкіх. І самае галоўнае, каб вярнуліся здаровымі. Беражыце сябе, хлопцы, мы вас будзем чакаць!

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымку: прызыўнікі разам з ветэранамі Узброеных Сіл.

Фота аўтара.