ВЯДОМА, гэта інфармацыя была б больш дарэчы ў мінулую суботу — акурат у дзень нараджэння партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Пятра Міронавіча Машэрава (нарадзіўся ён 13 лютага 1918-га). Але не чакаць жа цяпер год, каб падзяліцца ёй з вамі, праўда?
Як расказаў Уладзімір СЕРАДЗІНСКІ — краязнаўца, настаўнік гісторыі Старагабскага ВПК д/с-СШ і Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі, ідэя пасадзіць каштаны паабапал мядзельскай вуліцы 17 Верасня належыць Пятру Машэраву. Першы сакратар ЦК КПБ прыязджаў у наш райцэнтр, калі гэта вуліца толькі будавалася. Тады і прапанаваў з абодвух бакоў абсадзіць яе каштанамі. Маўляў, атрымаецца свой Крашчацік (Крашчацік, калі хто не ведае, — галоўная вуліца Кіева, вядомая ў тым ліку і каштанамі).
А ўвасабляў ідэю ў жыццё тагачасны старшыня Мядзельскага гарпасялковага савета Андрэй Малько (ён пазней і расказаў пра гэта Уладзіміру Серадзінскаму). Саджанцы Андрэй Іосіфавіч набыў у гадавальніку ў Літве. Дрэўцы прыжыліся і да цяперашняга часу радуюць гараджан і гасцей Мядзела.
…А з гадавальнікам у Андрэя Малько сувязі захаваліся. Зноў з’ездзіў туды, як стаў старшынёй калгаса імя Кірава (гаспадарка з цэнтральнай сядзібай у Старых Габах). Гэтым разам прывёз блакітныя елачкі. За дзесяцігоддзі саджанцы ператварыліся ў магутныя дрэвы. Іх і цяпер можна бачыць ля будынка, у якім была некалі калгасная кантора.
Наталля ЛІСІЦКАЯ.
На здымку: вуліца 17 Верасня ў 1970-ыя гады.
Фота з архіва Мядзельскага музея народнай славы.