НА базе аддзялення кругласутачнага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ДУ “Мядзельскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”, які размяшчаецца ў Вузле, адкрыты пакой павышанай камфортнасці. Такі крок зроблены з мэтай прадастаўлення больш камфортных бытавых умоў пражывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў.
На падставе заключанага дагавора паслугамі гэтага пакою могуць скарыстацца грамадзянін непрацаздольнага ўзросту альбо інвалід як з нашага, так і з іншых раёнаў вобласці. Таксама дадзены пакой можа прадастаўляцца для аказання паслугі “Сацыяльная перадышка”. Магчыма, кагосьці яна зацікавіць. Сацыяльная перадышка — гэта кароткі адпачынак для дзяцей, якія даглядаюць сваіх непрацаздольных бацькоў, прадастаўлены на тэрмін да трох тыдняў, каб даць ім магчымасць узнавіць свае сілы, вырашыць розныя сямейна-бытавыя пытанні.Пакой павышанай камфортнасці адрозніваецца ад звычайнага значна лепшымі бытавымі ўмовамі. Там прадугледжаны:
— аднамеснае пражыванне;
— асобны санвузел;
— тэлевізар, халадзільнік, электрачайнік;
— плюс стандартныя паслугі, якія аказваюцца аддзяленнем (першая медыцынская дапамога, дастаўка ў выпадку неабходнасці ва ўстановы аховы здароўя, чатырохразовае харчаванне, арганізацыя вольнага часу, псіхалагічная дапамога і іншае).
Паслугі аддзялення кругласутачнага пражывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў па формах работы “Пакой павышанай камфортнасці” і “Сацыяльная перадышка” будуць прадастаўляцца за плату, згодна з фактычнымі расходамі на ўтрыманне пражываючых. Кошт прабывання ў пакоі на цяперашні момант складае 3700000 рублёў у месяц.
Для афармлення грамадзяніна для пражывання ў пакой павышанай камфортнасці неабходна прадаставіць наступныя дакументы:
— заяву ўстаноўленага ўзору;
— медыцынскую карту ўстаноўленага ўзору;
— даведку аб складзе сям’і і месцы жыхарства;
— пашпарт.
Паважаныя грамадзяне! Калі вы жадаеце скарыстацца паслугамі “Пакой павышанай камфортнасці” ці “Сацыяльная перадышка”, можаце патэлефанаваць па нумары (8017) 55-3-55 альбо звярнуцца ў дзяржаўную ўстанову “Мядзельскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” па адрасе: Мінская вобласць, г. Мядзел, вул. Нарачанская, д. 9. Там жа атрымаеце неабходную кансультацыю па гэтым пытанні.
М. МАРКЕВІЧ.
Дырэктар ДУ “Мядзельскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”.
На здымку: у пакоі павышанай камфортнасці аддзялення кругласутачнага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у в. Вузла.