Адказвае участковы: Што рабіць, калі ўкусіў чужы сабака і куды звяртацца, каб прыцягнуць да адказнасці гаспадара?

453

СУПРАЦОЎНІКІ аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама адказваюць на найбольш частыя пытанні, з якімі людзі звяртаюцца да ўчастковых.

— Што рабіць, калі ўкусіў чужы сабака? Куды звяртацца, каб прыцягнуць да адказнасці гаспадара?

Адказвае старшы ўчастковы інспектар міліцыі Раман Іванец:

— Калі ўкусіў сабака, у першую чаргу трэба звярнуцца ва ўстанову аховы здароўя, каб атрымаць медыцынскую дапамогу. Нават калі пашкоджанне ад укусу здаецца нязначным. Бо невядома, што гэта за сабака, ці прышчэплены ён ад шаленства. Ну а потым ужо звяртайцеся ў міліцыю. Будзе складзены пратакол. Калі гаспадар сабакі будзе выяўлены (на жаль, зрабіць гэта не заўсёды магчыма), адміністрацыйную справу разгледзіць суд. У адпаведнасці з часткай 2 артыкула 16.30 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (Парушэнне правіл утрымання жывёл, якое прывяло да прычынення шкоды здароўю людзей або маёмасці) будзе прызначана пакаранне ў вы­глядзе штрафу ў памеры ад 10-ці да 30-ці базавых велічынь, або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт.

І яшчэ. Калі, напрыклад, суседзі выгульваюць вялікага сабаку без намордніка або рэгулярна спускаюць гадаванца, не варта чакаць, пакуль ён некага ўкусіць. Не атрымліваецца дамовіцца з гаспадарамі самастойна — можна звярнуцца ў міліцыю. Пратакол будзе разгледжаны адміністрацыйнай камісіяй райвыканкама. За парушэнне правіл утрымання жывёл часткай 1 артыкула 16.30 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжана пакаранне штрафам ад 1-й да 15-ці базавых велічынь. З 1 студзеня базавая велічыня складае 37 рублёў.