Аддзяленне павышанай камфортнасці

112

Аддзяленне павышанай камфортнасціЧУЛА, што ў дзяржаўнай установе “Рэспубліканскі інтэрнат ветэранаў вайны і працы” адкрылася аддзяленне павышанай камфортнасці. Толькі не ведаю, хто там можа пражываць і на якіх умовах. Мяркую, што такая інфармацыя зацікавіць не мяне адну. Можа б раённая газета на сваіх старонках расказала б пра гэта?

Аляксандра Сямёнаўна (з тэлефоннага званка ў рэдакцыю).

За адказам на ўзнятае пытанне звярнулася да загадчыка сектара матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і гендэрных праблем упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Т. Ф. ГРЫШЧУК:— ДУ “Рэспубліканскі інтэрнат ветэранаў вайны і працы” размешчаны ў лясным масіве каля аграгарадка Ждановічы. Пражываюць там заслужаныя дзеячы навукі, культуры, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікі ліквідацыі вынікаў аварыі на ЧАЭС і іншыя катэгорыі грамадзян.

У аддзяленне павышанай камфортнасці грамадзяне пасяляюцца на платнай аснове. У тым ліку ветэраны працы, якія з’яўляюцца пенсіянерамі па ўзросце на агульных умовах, інваліды I і II групы, якія маюць патрэбу ў пастаянным пабочным доглядзе, бытавом абслугоўванні і медыцынскай дапамозе. Кошт пражывання за суткі цяпер складае 206 тыс. рублёў. Пасяленне магчыма на любы тэрмін, нават на кароткі перыяд. Нумары прадастаўляюцца аднамесныя, у іх ёсць халадзільнік, тэлевізар.

Увогуле ў інтэрнаце створаны спрыяльныя ўмовы для пражывання, лячэння і адпачынку грамадзян, якія сюды ўладкаваны, для рэалізацыі іх творчых здольнасцей, актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці ўстановы. Медыцынскі персанал вядзе пастаяннае назіранне за іх здароўем. Працуюць урачы-тэрапеўты. У выніку неабходнасці для кансультацый прыцягваюцца ўрачы вузкіх спецыяльнасцей: неўролаг, офтальмолаг, отарыналарынголаг, стаматолаг, уролаг. Выкарыстоўваюцца сучасныя метады прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння пацыентаў. Згодна з графікам працуюць працэдурны, перавязачны кабінеты, а таксама фізіятэрапіі, ароматэрапіі, фітатэрапіі, ЛФК, масажу, дзе пражываючыя праходзяць лячэнне паводле ўрачэбных прызначэнняў. Акрамя таго, функцыянуе лячэбна-аздараўленчы корпус з басейнам, саунай, памяшканнем для галатэрапіі, імітуючай прыродную саляную пячору, душам Шарко, падводным душ-масажам, ваннамі.

Запісала

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.