Аддзяленне павышанай камфортнасці

137

Аддзяленне павышанай камфортнасціСАЦЫЯЛЬНАЯ служба трывала ўвайшла ў наша жыццё. Сёння яе паслугамі карыстаюцца многія адзінокія састарэлыя людзі, асобныя з якіх, наогул, не ўяўляюць свайго існавання без дапамогі сацыяльных работнікаў. Добра зарэкамендавала сябе таксама аддзяленне кругласутачнага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у Вузле. Там створаны ўсе неабходныя ўмовы для нармальнага пражывання, адпачынку. Надаецца ўвага забеспячэнню належнага мікраклімату, працатэрапіі, заняткам па інтарэсах. Зусім не выпадкова, што там знайшлі сабе прытулак, асабліва на зімовы час, тыя, хто ўжо не можа абыходзіцца без старонняй дапамогі.Паступова ва ўстановах сацыяльнага аб¬слугоўвання нашай рэспублікі ўкараняюцца новыя формы работы па сацыяльна-працоўнай і медыцынскай рэабілітацыі. На сваіх старонках раённая газета пісала ўжо аб адкрыцці аддзялення павышанай камфортнасці ў ДУ “Рэспубліканскі інтэрнат ветэранаў вайны і працы”. А ў кастрычніку бягучага года такое аддзяленне пачало функцыянаваць і ў сталічнай вобласці. У прыватнасці, у ДУ “Старадарожскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў”. Грамадзянам на платнай аснове прапаноўваюцца асобныя камфартабельныя пакоі з прадастаўленнем комплексу сацыяльна-медыцынскіх паслуг. Кошт пражывання ў дзень складае 120600 рублёў. Дзейнасць такога аддзялення ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Палажэннем аб доме-інтэрнаце (аддзяленні) павышанай камфортнасці для састарэлых і інвалідаў, зацверджанага пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 10 студзеня 2013 года №5 “Аб зацвярджэнні палажэнняў аб установах сацыяльнага абслугоўвання”.

Увогуле ва ўсіх дамах-інтэрнатах прадастаўляюцца грамадзянам пажылога ўзросту, інвалідам спецыяльныя жылыя памяшканні для кароткатэрміновага (да 1 месяца) пражывання на платнай аснове. А каб часова аформіцца ў іх, неабходна звярнуцца ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства, прад’явіць неабходныя дакументы. Прычым заяву па ўстаноўленай Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь форме ў інтэрнат агульнага тыпу піша сам заяўнік, у дом-інтэрнат псіханеўралагічнага тыпу — яго законны прадстаўнік, у дом-інтэрнат для дзяцей інвалідаў — бацькі альбо законныя прадстаўнікі дзіцяці-інваліда. Па ўсіх незразумелых пытаннях можна звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама альбо патэлефанаваць па нумары 55-3-44.

Т. ГРЫШЧУК.

Загадчык сектара матэрыяльна-бытавога забеспячэння і гендэрных праблем упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.