Ад лейтэнанта да палкоўніка прайшоў Іван Чарняўскі

202

p2Карэнны мядзяльчанін Іван Уладзіміравіч Чарняўскі з маленства зачытваўся кніжкамі пра вайну. А яшчэ сябраваў са спортам. З вялікай павагай хлопчык пазіраў на людзей у форме. Не раз, калі праходзіў міма афіцэр, пра сябе зазначаў: «Як вырасту — буду і я Ра­дзіму абараняць!».

Ніхто з аднакласнікаў не здзівіўся, калі пасля заканчэння дзесяцігодкі Іван, не вагаючыся, паехаў паступаць у Кіеўскае вышэйшае танкава-інжынернае вучы­лішча. Было гэта ў 1970 го­дзе. Так і збылася мара хлопца стаць кадравым ваенным. Чатыры гады вучобы праляцелі хутка, нібы адзін дзень. І вось маладзенькі лейтэнант нарэшце едзе на сваё першае месца самастойнай службы — у Беларускую ваенную акругу, дзе яго чакала пасада камандзіра ўзвода. Танкавая дыві­зія размяшчалася ў Мар’інай Горцы. На беларускай зямлі і пачалося станаўленне Івана як афіцэра. З цеплынёй і сёння, хоць мінула шмат год, Іван Уладзіміравіч успамінае камандзіра роты Уладзіміра Пятровіча Васіна і камбата Аляксандра Георгіевіча Марчанку. Менавіта дзякуючы ім ён хутка асвоіўся ў часці. А самае галоўнае зразумеў, што не памыліўся з выбарам прафесіі: армія — сэнс яго жыцця, прызванне.

У 1977 годзе І. У. Чарняўскага накіроўваюць для да­лейшага праходжання служ­бы ў групу савецкіх войск у Германію. Пачынаў там з намесніка камандзіра роты, а праз год стаў і ротным. У 1982 годзе афіцэра пераво­дзяць у Закаўказскую ваенную акругу спачатку на пасаду камандзіра роты. А праз некаторы час спакойны, ініцыятыўны беларус быў прызначаны намеснікам камандзіра батальёна (г. Нахічэвань), а пасля — палка (г. Кіравабад, зараз Генжа).  Дарэчы, менавіта ў складзе гэтага палка яму давялося ў 1985 годзе пабываць у Нагорным Карабаху, дзе тады вяліся баявыя дзеянні. Два з паловай гады службы там не прапалі дарэмна. Яны загартавалі волю, узмацнілі духоўна, а самае галоўнае — навучылі аддаваць асэнсаваныя загады, пралічваць кожную сітуацыю з тым, каб захаваць здароўе і жыццё падначаленых.

Пасля Нагорнага Карабаха Іван Уладзіміравіч паступае вучыцца ў Маскоўскую ваенную акадэмію бранятанкавых войск. У 1989 годзе закончыў яе і атрымаў назначэнне на пасаду намесніка камандзіра 55-яй дывізіі марской пяхоты. Так, змя­ніў форму танкіста на  марскога афіцэра. За 5 год прайшоў шлях ад намесніка камдзіва да намесніка камандуючага сухапутнымі, берагавымі вой­скамі і марской пяхотай Ціхаакеанскага флоту. У званні палкоўніка наш зямляк звольніўся з расій­скай арміі ў запас.

Аналізуючы перажытае, Іван Уладзіміравіч сцвяр­джае, што прафесія ваеннага надзвычай цяжкая, адказная. Аднак, калі б давялося ізноў выбіраць, то паступіў бы толькі так, а не інакш. Ён усяго ў жыцці дабіўся сам — розумам, ведамі і вопытам, быў камандзірам, якога паважалі і высока цанілі як афіцэры-саслужыўцы, так  і радавыя салдаты.

Разам з мужам усе цяжкасці ваеннай службы мужна пераадольвала яго жонка Ала Аляксандраўна. Калі б не пастаянная пад­трымка гэтай мудрай жанчыны, хто ведае, ці дасягнуў бы наш зямляк такіх вышынь? Дарэчы, і адзіная дачка Чарняўскіх Таццяна, калі жылі ва Уладзівастоку, таксама паспрабавала смак ваеннай службы: была старшым матросам стралковай часці зенітна-ракетнага палка 55-яй дывізіі марской пяхоты. Цэлых восем год насіла пагоны.

Некаторы час пасля звальнення ў запас Чарняўскія жылі ва Уладзівастоку, а пасля вырашылі перабрацца на радзіму Івана Уладзіміравіча ў Беларусь, бліжэй да яго бацькоў. Так і пераехалі ў Мінск. Таццяна замужам. У яе сям’і падрастаюць пяцікласніца Лена і першакласнік Цімур, радасць і гонар бабулі з дзядулем.  Дачка завочна атрымала дыплом эканаміста, стала работнікам банка.

Сам палкоўнік пяць год жыве ўжо ў родным гора­дзе. Пасля воінскага выконвае сыноўні абавязак: да­глядае пасля інсульту маці і брата. На лёс не скар­дзіц­ца. Наадварот, сцвяр­джае, што ўсім у сваім жыц­ці абавязаны найперш
бацькам. Яны гадавалі яго, вучылі. І цяпер прыйшоў час аддзячыць тым жа найдаражэйшаму чалавеку —  маме. За яе бязмежную любоў і дабрыню.

На здымку: наш зямляк, палкоўнік запасу Іван Ула­дзіміравіч Чарняўскі.