Начальнік раённага аддзела статыстыкі С. Р. Літвіновіч на пытанне пра каго можна было б расказаць у газеце напярэдадні іх прафесійнага свята без ваганняў назваў прозвішча І. А. Несцяровіч.
— Яна, лічыце, усё жыццё адпрацавала ў гэтай сферы, -сказаў Святаслаў Рыгоравіч. — І адпрацавала добрасумленна. Два гады таму пайшла на заслужаны адпачынак, але па-ранейшаму верна служыць абранай справе. Цяпер з’яўляецца вядучым спецыялістам аддзела.
Сама Ірына Аляксандраўна расказвае пра сябе сціпла. Родам яна з Мінскага раёна (вёска Пяцеўшчына), пасля заканчэння тагачаснага Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі патрапіла па мэтавым накіраванні на Мядзельшчыну. Тут і замуж выйшла, пусціла, як кажуць, карані. Днямі споўніцца 35 год, як працуе яна ў раённым аддзеле статыстыкі. Стаж, пагадзіцеся, немалы.
— Не надакучыла? — пытаюся. — Перад вачамі адны сухія лічбы справаздач…
— Гэта толькі на першы погляд, — запярэчыла жанчына. — Лічу, што статыстыка — прафесія вельмі цікавая, бо за тымі ж лічбамі — усё жыццё раёна, людзі, вынікі іх працы. Да таго ж, трэба мець юрыдычныя і эканамічныя веды, бо ўнікаць даводзіцца ў самыя розныя сферы народнай гаспадаркі.
— Ірына Аляксандраўна, — працягваю размову, — шмат чаго змянілася ў раёне, з таго часу як вы зрабілі першыя крокі ў абранай прафесіі. Гэта якраз і адлюстроўваецца ў сённяшніх лічбах. А што можна сказаць пра саму работу статыстыка?
— Вядома ж, час патрабуе новых падыходаў у любой сферы, і мы тут не выключэнне. Пастаянна працуем са сваімі рэспандэнтамі: праводзім вучобу, гутаркі па ўзнікаючых пытаннях. Канечне, камп’ютарызацыя значна аблегчыла вядзенне справы, ды і колькасць справаздач зменшылася. Раней, напрыклад, у ходзе пасяўной ці ўборачнай даводзілася фактычна штотыдзень збіраць адпаведныя лічбы. А цяпер раз у месяц дастаткова. Але заўважу, што камп’ютар дапамагае толькі ў «матэматычнай» частцы работы. А, здараецца, каб не дапусціць памылкі, патрабуецца і логіку ўключаць. Вось тут якраз вопытны спецыяліст проста незаменны! І прыемна ўсведамляць, што давялося шмат каму дапамагчы авалодаць як след гэтай прафесіяй, набіць, як кажуць, руку.
Мы развіталіся, і І. А. Несцяровіч паспяшалася да рабочага стала. Лічбы чакаць не будуць!
Аляксандр БЫКАЎ.
На здымку: І. А. Несцяровіч.
Фота Таццяны Несцярэнкі.