У падтрымку зборнай па хакеі

219

У падтрымку зборнай па хакеі“ПЕРАМОЖНЫ беларускі Zoom” — так называецца аўтапрабег у падтрымку зборнай па хакеі нашай краіны — удзельніцы Чэмпіянату свету 2014 года (Zoom — функцыя фотаапарата, якая дазваляе наблізіць выяву; у назву экспедыцыі закладзена імкненне “наблізіць” гераічныя эпохі — аўт.).

Шлях аўтапрабегу прайшоў і праз наш раён. Арганізатары экспедыцыі — турыстычны партал “Holiday.by”, «Самсунг», аўтадылер «Фелокт-Сэрвіс» (прадстаўнік аўтамабільнай маркі “Шкода”). Сярод удзельнікаў — рэдактары інтэрнэт-выданняў, часопіса, прадстаўнікі аб’яднання “Будзьма беларусамі”, названых гандлёвых марак, спартыўны каментатар, аўтаінструктар, гісторыкі. На адзін дзень да іх далучыліся і мы — Наталля Лісіцкая і Георгій Прысмакоў.

Падрабязней патлумачыў сэнс экспедыцыі кіраўнік турыстычнага партала Андрэй Барашка:

— Хакей звязаны з мужнасцю, тактыкай і стратэгіяй — гэта не проста на каньках прабегчыся. Таму наведваем мясціны, дзе былі самыя знакавыя падзеі ваеннай гісторыі Беларусі: бітва на Нямізе, Аршанская бітва, пераправа Напалеона праз Беразіну, Нарачанская аперацыя, вызваленне Мінска ў 1944. І ў кожным з гэтых месцаў імкнёмся даведацца пра тактыку, стратэгію і ўсвядоміць той самы беларускі пераможны дух, каб пачаць падтрымліваць нашых хлопцаў на лёдзе.У падтрымку зборнай па хакеіХопіць проста гаварыць пра чэмпіянат, трэба пачынаць “хварэць”. З намі — талісман чэмпіянату — зубр Волат. Сустракаючыся з мясцовымі жыхарамі, пытаемся яго імя. І не ўсе ведаюць, як яго толькі не называюць: і Грышам, і Мішам, і нават Жаклін. Падчас экспедыцыі вядзём інтэрнэт-дзённік — так што адчуць пераможны дух продкаў зможа кожны наш чытач.

Падзеям Першай сусветнай вайны, і, у прыватнасці, Нарачанскай аперацыі, быў прысвечаны чацвёрты дзень аўтапрабегу. Тым, хто сябруе з гісторыяй, гэты абзац далей можна не чытаць. Астатнім нагадаем, што Траісты Саюз, куды ўваходзілі Германія, Аўстра-Венгрыя і Італія, у 1914 годзе аб’явіў вайну Антанце, дзе галоўнымі былі Расійская імперыя, Францыя і Англія. Ваявалі больш за тры дзясяткі дзяржаў з насельніцтвам паўтара мільярда чалавек — такога канфлікту ў сусветнай гісторыі яшчэ не было. У 1916 годзе французы не стрымлівалі варожых атак — існавала рэальная небяспека для Парыжа. Патрабавалася спешная дапамога саюзнікаў, якія б адцягнулі на сябе частку германскіх сіл. І падтрымка прыйшла — пачалося наступленне на ўсходнім фронце, якое і атрымала назву Нарачанскай аперацыі. Ва ўмовахУ падтрымку зборнай па хакеі вясновага разводдзя яна працягвалася з 18 па 28 сакавіка. Цаной велізарных страт і дзякуючы выключнаму гераізму расійскіх салдат тут, на балоцістых берагах Нарачы, быў выратаваны Парыж…

Год 2013. 6 снежня. Раніца. Чацвёрты дзень аўтапрабегу. З радыёпрыёмнікаў чуюцца папярэджанні пра набліжэнне паўночнаатлантычнага цыклону “Хаўер” (як і належыць такому цыклону, ён нясе снег, мяцеліцу і моцныя парывы ветру) і рэкамендацыі ўстрымацца ад паездак на аўтамабілі. Аднак гэта не спыняе ўдзельнікаў экспедыцыі. І хоць пасля высвятляецца, што цяперашні цыклон “лагаднейшы” за свайго “калегу”, які наведваўся вясной, падарожнічаць у гэты дзень няпроста. А хто казаў, што ў Першую сусветную было лёгка?

Удзельнікі аўтапрабегу — не пасіўныя наведвальнікі гістарычных мясцін. У складзе экспедыцыі былі аніматары — людзі, апранутыя ў вайсковую форму Першай сусветнай, якія тэатралізаванымі мініяцюрамі дапамагалі адчуць “дух эпохі”.

Першы прыпынак — аграгарадок Будслаў. Тут месціўся штаб Другой арміі. Дзе іменна — невядома нават тутэйшым старажылам. Затое любы жыхар аграгарадка пакажа тагачасны аэрадром — туды і кіруюцца ўдзельнікі экспедыцыі. Наведваюць таксама Будслаўскі касцёл. І далей — у Княгінін, да аднаго з буйнейшых рускіх вайсковых пахаванняў часоў Першай сусветнай.

У падтрымку зборнай па хакеіУ час нядоўгага падмацавання ў мядзельскім кафэ “Беларуская хатка” падарожнікі слухаюць мясцовага краязнаўцу, спецыяліста па Першай сусветнай вайне і Нарачанскай аперацыі Генадзя Малышава. А мы знаёмімся з Яўгенам Апанасевічам — дырэктарам турыстычнай кампаніі “Кола падарожжаў”. І адразу сталічны госць паведамляе, што “Нарачанскую зару” чытала яго бабуля. Дазнаёмся, што бацька нашага суразмоўцы родам з Алешак Будслаўскага сельсавета, а продкі маці жылі ў Матыках. “Думаем налета зладзіць нешта цікавае з нагоды стагоддзя пачатку Першай сусветнай, — дзеліцца Яўген. — Не буду казаць, што гэта для раёна. Гэта цікава мне самому, гэта — мая бацькаўшчына. Спадзяюся, што знойдзем падтрымку ў мясцовай улады і музея. Тым больш, што гэта турыстычны рэгіён. Бо чым болей такіх праектаў, тым цікавей турыстам. Яны ж прыязджаюць не толькі паслухаць, але і паглядзець. А паказаць, бывае, і няма чаго: гады ідуць, нешта руйнуецца. А калі бачыш на месцы вайсковага ўмацавання салдата ў тагачаснай форме — гэта цікава”.

Наш шлях ляжыць ля вёскі Пасынкі, да нямецкіх абарончых збудаванняў. Яны добра захаваліся, бо зроблены з бетону (чаго не скажаш пра драўляныя расійскія на супрацьлеглым беразе Нарачы — ад іх час амаль нічога не пакінуў). Удзельнікі аўтапрабегу пераадольваюць адлегласць да іх пешшу (што няпроста ва ўмовах далёка не раўніннага рэльефу ды яшчэ ў непагадзь). Затое які від на возера адкрываецца! За фотаапараты хапаюцца ўсе, хто іх мае. Аніматары дэманструюць захоп заложніка. А потым усе слухаюць Генадзя Малышава: пра абарончыя збудаванні, баявыя дзеянні і акупацыйны рэжым.

У падтрымку зборнай па хакеіДалей кіруемся ў напрамку нямецкіх вайсковых могілак, што ля вёскі Пронькі. Там сярод магіл (на каменных помніках можна нават надпісы прачытаць) адбываецца сімвалічнае прымірэнне: “рускі” і “немец” (аніматары, вядома ж) паціскаюць адзін аднаму рукі.

Наведваем рускія пахаванні… Яны куды больш сціплыя: час нічога не пакінуў ад драўляных крыжоў. І здаецца, што імёны пахаваных тут вядомы толькі Богу. Але не — запэўнівае Генадзь Малышаў. Тагачасныя крыніцы больш за 300 прозвішчаў захавалі. І мы зможам прачытаць іх у новай кнізе Генадзя — матэрыялаў назбірана дастаткова, а цяпер аўтар шукае спонсараў, каб яе выдаць.

Удзельнікі прабегу павязваюць “Георгіеўскія стужкі” ў знак памяці гераізму расійскіх салдат.

Цямнее. Канцавы прыпынак — Мядзел, музей Народнай славы. Там — кароткі расповед экскурсавода і агляд экспазіцыі пра Першую сусветную.

Развітваемся. Наш удзел у экспедыцыі закончыўся.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

На здымках: удзельнікі аўтапрабегу з талісманам Чэмпіянату свету па хакеі-2014; аніматары з Мінскага ваенна-гістарычнага клуба «Грэнадзёр».

Фота Георгія Прысмакова.