У Лук’янавічах упарадкуюць брацкую магілу салдат Першай сусветнай: іх прозвішчы ўжо ўстанавілі

106

— Гэта нейкі цуд, што ўдалося ўстанавіць прозвішчы гэтых салдат! — радуецца дырэктар Мядзельскага філіяла фонду памяці Першай сусветнай вайны «Крокі» Святаслаў Гаўрыс. — Заснавальнік нашага фонду Барыс Цітовіч заўсёды гаварыў так: «Дзеці мае, запомніце: хто шукае, таму Божанька і адкрывае».

Але аб усім па-парадку. Аб гэтых пахаваннях стала вядома ад 87-гадовага Генадзя Чарняўскага. Ён — карэнны жыхар Лук’янавіч.

— Пра гэту магілу даведаўся ад бабулі Соф’і: яна расказвала, што на нашых могілках пахаваны салдаты з яшчэ той вайны, — успамінае Генадзь Міхайлавіч. — І мама расказвала — яна ў 1914 годзе нарадзілася. Яшчэ і пасля Вялікай Айчыннай і што адметная была магіла: размешчана яна на вясковых могілках, на той час добра заўважная была. Крыж яшчэ доўга стаяў. Мае сваякі каля гэтай магілы пахаваны, а з іншага боку — суседзі. Мая справа была кожны год папрасіць бацюшку, каб пасвенціў ма­гілку. Ды і ўлады папрасіць. Вось цяпер афіцыйна звярнуўся ў сельвыканкам: вельмі ж хацелася, каб тут парадак быў.

Зварот быў пераадрасаваны ў ваенны камісарыят раёна. На месца выехалі ваенны камісар раёна Віталій Якушаў і вядучы спецыяліст Людміла Крэміс, агледзелі месца. Звярнуліся да Святаслава Гаўрыса — ці можна адшукаць інфармацыю пра пахаваных?

— 99%, што нічога не знойдзем, — адказаў ён. — Мы не ведаем нават прыкладна, калі яны пахаваны. І за які перыяд шукаць?
Але ж вырашыў паспрабаваць.

— Для ачысткі сумлення разам з Сашам Кузняцовым з Пастаў пачаў шукаць, — расказвае Святаслаў Гаўрыс. — А якога года пахаванне, ніхто не ведаў: ці гэта 1915, 1916, ці 1917 год. Узялі дывізіі, якія дзейнічалі ў нашай паласе: я 1915 год ўзяў, а Саша — 1916 год. Колькі тут часцей перайшло, колькі журналаў трэба было пералапаціць!.. Узяў 28-ю дывізію. Яе тады яшчэ называлі Рачной дывізіяй, таму што ў склад уваходзілі палкі, назвы якіх звязаны з рэкамі. Ноччу шукаў у інтэрнэце на партале «Памяці герояў Вялікай вайны 1914-1918». І тут як быццам адчуванне нейкае: менавіта трэба гэты полк пра­гледзець, які ў нас не ваяваў у 1916 го­дзе. Узяў 109-ты полк, давай праглядаць з пачатку вайны ўсе журналы ваенных дзеянняў. І вось: напісана, што 16 верасня перадавыя часткі палка занялі абарону па лініі Памараўшчына–Шкленікова–Сівыя–Калінаўка–Вуглы–Скарады з мэтай 17 верасня першымі заняць населеныя пункты Лук’янавічы, Круці, Трыданы. Гэта задача была выканана. Полк панёс страты. І пайшло пералічэнне страт: 27 чалавек загінулі. Адных пахавалі ў Трыданах, Скарадах, іншых — тут. Адкрываем журнал уліку страт ніжніх чыноў. І там напісана: загінуў, пахаваны на вясковых могілках у вёсцы Лук’янавічы. І гэтак восем чалавек. І такі выдых: знайшоў гэтых салдацікаў! Званю ў сем раніцы: «Усё, Саша, ёсць. Знайшлі!»

У Лук’янавічах упарадкуюць брацкую магілу салдат Першай сусветнай: іх прозвішчы ўжо ўстанавілі У Лук’янавічах упарадкуюць брацкую магілу салдат Першай сусветнай: іх прозвішчы ўжо ўстанавілі

Паралельна яшчэ знайшлася інфармацыя пра пахаванні загінуўшых салдат з гэтага палка ў Лотве, Чарнятах.

Зараз вядуцца работы па добраўпарадкаванні брацкай магілы ў Лук’янавічах, у бліжэйшы час тут намечана асвяціць крыж з адданнем воінскіх ушанаванняў.
— Цяпер маё сэрца лёгкае, я быццам выканаў абавязак. Мне ўвесь час хацелася, каб пра гэтых салдат помнілі, — дзеліцца Генадзь Чарняўскі.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.

Фота аўтара і з партала «Памяці герояў Вялікай вайны 1914-1918».